Недзяржаўная «Брэсцкая газета» атрымала з друкарні апавяшчэнне аб тым, што друкарня не будзе заключаць з выданнем дамову на наступны год, паведамляе БАЖ.

27 лістапада на імя галоўнага рэдактара выдання Віктара Марчука па факсе прыйшоў ліст за подпісам дырэктара «Брэсцкай друкарні» Вячаслава Шахлевіча. У ім адзначалася, што з 1 снежня 2020 года «з тэхнічных прычын» графік друкавання газеты пераносіцца на 15.00 (да гэтага часу газета друкавалася ў 9.00). А раніцай 30 лістапада ад імя дырэктара друкарні прыйшоў яшчэ адзін факс, што новая дамова з 1 студзеня заключацца не будзе.

«Брэсцкая газета» — незалежны штотыднёвік (галоўны рэдактар Віктар Марчук). Першы нумар выйшаў 18 лістапада 2002 года, 18 гадоў таму. Выдаецца на 24 старонках.

Дарэчы, у «Брэсцкай газеты» ёсць аператыўны і цікавы сайт, дзе выстаўляюцца артыкулы і навіны. Вось яго адрас b-g.by

***

За тры месяцы ў Беларусі перасталі друкаваць «Народную волю», «Камсамолку», «СН+». «Народная воля» друкавалася нейкі час пад Масквой, але тыпаграфія разарвала з ёй дамову, і газета часова прыпыніла выхад на паперы. На паўгода спыніўся выхад «Газеты Слонімскай».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?