Крымінальная справа ў дачыненні да ваеннаслужачага ўнутраных войск МУС алімпійскага чэмпіёна Андрэя Арамнава накіравана на разгляд у Барысаўскі міжгарнізонны вайсковы суд.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Беларускай ваеннай пракуратуры.

Справа ў дачыненні да Арамнава была распачата ў сакавіку Барысаўскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратурай. Цяжкаатлет падазраецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 317‑1 КК (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе ці адмова ад праходжання праверкі (агляду)).

Спартсмен двойчы на працягу трох месяцаў затрымліваўся супрацоўнікамі ДАІ ў Барысаве (Мінская вобласць) за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане:

у снежні 2008 года і лютым 2009 года. 13 сакавіка па выніках пашыранага пасяджэння прэзідыума Беларускага цяжкаатлетычнага саюза Андрэй Арамнаў быў дыскваліфікаваны на два гады ўмоўна і пазбаўлены прэзідэнцкай стыпендыі.

Частка 2 артыкула 317‑1 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, папраўчых работ да двух гадоў ці арышту да шасці месяцаў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0