Грамадства

Жыхароў Вяснянкі і Лебядзінага забіраюць на Акрэсціна за бел-чырвона-белыя сцягі ў вокнах — ужо вядома пра тры выпадкі

«Нашай Ніве» стала вядома адразу пра некалькі гісторый, калі жыхароў Цэнтральнага раёна Мінска затрымлівалі за тое, што ў іх вісіць на балконе нацыянальны сцяг. Адзін мужчына ўжо нават асуджаны на суткі: за «масавае мерапрыемства — пікетаванне шляхам размяшчэння сцяга». Іншыя чакаюць судоў.

«Мы жывём у Вяснянцы, на вуліцы Лесі Украінкі. Сцяг са жніўня вісеў на балконе: стандартнага памеру, метр сорак на семдзясят сантыметраў, — расказвае мінчанка Таццяна Котава. — А ўчора да нас прыйшлі.

Што дакладна адбылося, я не ведаю — мяне не было дома, у кватэры застаўся мой 18-гадовы сын Андрэй.

Андрэй Котаў

Ведаю толькі пераказ падзей са слоў суседзяў. Яны кажуць, што прыйшлі сілавікі, запатрабавалі зняць сцяг. Сын нібыта адмовіўся — і яго забралі».

Андрэй быў спачатку ў Цэнтральным РУУСе.

«У сына бранхіяльная астма, я аддала міліцыянтам лекі для яго, абяцалі перадаць. А сёння сын ужо на Акрэсціна. Вінавацяць па 23.34. Пакуль не ведаю, калі адбудзецца суд, — кажа Таццяна. — Сцяг так і застаўся вісець на балконе. Пакуль я здымаць яго не буду — а там паглядзім. Магчыма, павесім сушыцца бялізну».

Два падобныя выпадкі адбыліся і з жыхарамі мікрараёна Лебядзіны.

«Учора а 10-й раніцы прыкладна пачалі грукаць у дзверы. Муж адкрыў — там за дзвярыма стаяў мужчына гадоў 40, які адразу паспрабаваў прарвацца ў кватэру. Муж не даў, пачаў пытацца, хто ён такі, — расказвае Настасся, жыхарка Лебядзінага. —

Справа ў тым, што мой муж — былы следчы. Яго завуць Ілля Рокач, пра яго нярэдка пісалі. Ён звольніўся гады паўтары таму, адразу пасля Еўрапейскіх гульняў.

Ілля Рокач

Ну і муж, як былы следчы, пачаў пытацца ў нашага «госця», адкуль той. Той адказвае: з Цэнтральнага РУУСа. Муж тады кажа: дык я раней працаваў следчым у Цэнтральным раёне, пайшлі, маўляў, у калідор, усё абгаворым спакойна.

Яны выйшлі. Праз хвіліны дзве вярнуліся, муж сказаў мне, што яго забіраюць у РУУС, каб скласці пратакол.

Я спыталася, за што пратакол? «Госць» сказаў, што за сімволіку на балконе.

Я пачала казаць, што няма ж пастановы ці закона, якія забараняюць гэтую сімволіку. Мужчына размаўляць не хацеў: маўляў, трэба скласці пратакол і ўсё тут.

Муж спытаўся: а калі я зараз здыму сцяг? Адказ быў: усё адно паедзем у РУУС».

Анастасія зняла, як забіраюць яе мужа

Іллю вывелі ў двор. «Пад’ехаў «бобік», мужа забралі. А мужчына, які да нас ламіўся, не сеў у машыну, а пайшоў у бок іншага дома, — згадвае Настасся. —

Муж праз дзве гадзіны пазваніў і сказаў, што ён у Цэнтральным РУУСе. Я знайшла яму адваката, але адвакат быў у адзяленні пяць гадзін — і так і не змог убачыць Іллю. Чаму — я не ведаю, адвакат таксама.

Увечары я шукала Іллю гадзінамі, званіла ў РУУС, там казалі, што яго няма, і раілі шукаць на Акрэсціна. Але на Акрэсціна адказвалі, што яго і тут няма. У выніку, калі ўбачылі імя мужа ў спісах валанцёраў, толькі тады міліцыянты ў Цэнтральным РУУСе прызналі, што ён яшчэ ў іх. Сказалі, што на мужа склалі пратакол па артыкуле 23.34.

Сёння пошукі паўтарыліся. Я змагла даведацца, што муж на Акрэсціна толькі пасля таго, як напісала заяву аб знікненні чалавека. Цяпер Ілля пад вартай, чакае суда».

Анастасія кажа, што суд над Іллём Рокачам будзе сёння, 1 снежня.

«А сцяг на балконе я пакуль пакінула вісець. Здымаць не планую», — кажа дзяўчына.

І яшчэ адна гісторыя з Лебядзінага, якая скончылася пратаколам «за масавы пікет» і 7 суткамі зняволення. Але тут да людзей прыйшлі праз сцяг, які ўжо нават не вісеў у кватэры.

«Раніцай у нядзелю мне пазванілі са схаванага нумара, кажуць: гэта міліцыя, прыйдзіце ў Цэнтральнае РУУС пісаць тлумачальную, у вас сцяг на балконе. Я адказваю: няма сцяга, не пайду. Муж забраў слухаўку, кажа ім: на якой падставе да вас ісці, я не ведаю, з кім размаўляю. Калі вам трэба — самі прыходзьце, паказвайце дакументы, што вы сапраўды міілцыя.

Ну і праз гадзіну да нас прыйшлі, — расказвае Лідзія Кабанава. — У нас звычайна дзверы адчыненыя — і проста трое зайшлі без запрашэння адразу ў кватэру. Былі ў міліцэйскай форме, але пасведчанні не паказалі. Напалохалі малодшае дзіця, яно хавалася за канапай ад іх.

І адзін з міліцыянтаў кажа: ваш муж здзейсніў злачынства!

На гэта я адказваю: дык вы кожны дзень іх здзяйсняеце — і ходзіце на волі!»

Лідзія кажа, што міліцыянты паказалі фота балкона яе кватэры — маўляў, на ім вісіць сцяг.

«А мы сцяг знялі ўжо тыдзень таму — да нас прыходзіў работнік з МНС, папрасіў прыбраць. Муж сказаў: ладна, пасля назад павешу. Ну і рукі не дайшлі пакуль.

Мы кажам міліцыянту: дык сцяг не вісіць. Ён адказвае: трэба ехаць пісаць тлумачальную, самі не паедзеце, забяром прымусова, — расказвае Лідзія Кабанава. — Муж сабраўся, паехаў у Цэнтральнае РУУС з імі. Праз дзве гадзіны мне пазванілі з міліцыі, паведамілі, што муж затрыманы і яго павязуць на Акрэсціна.

Я пайшла перадаць яму рэчы і забраць яго куртку. У кішэні курткі быў кашалёк, і ў ім прыкладна 500 даляраў і 650 рублёў. Дык калі мне аддалі куртку, у гаманцы грошай ужо не было. Замест іх дзве паперкі. Першая — што на сродкі мужа наклалі арышт. Другая паперка — пратакол, што муж «зладзіў масавы пікет шляхам вывешвання сцяга на балконе».

Я прачытала — і проста рагатала з таго пратакола».

Суд над мужам Лідзіі быў 30 лістапада. Суддзя Карсюк прызнаў Дзмітрыя Кабанава вінаватым па артыкуле 23.34 — і мужчына атрымаў 7 сутак.

«Чаму прыйшлі менавіта да нас — я не ведаю. Муж не актывіст, не палітык, звычайны беларус», — кажа Лідзія Кабанава.

Начальнік Цэнтральнага РУУС Артур Шахлай, фота «Мінск-Навіны»

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска абурылася коштам лісічак у 55 рублёў за кілаграм3

Сярэдні заробак «бруднымі» складае 911 даляраў4

Адначасова дзве аварыі пад Мінскам, пацярпелі некалькі чалавек. Людзі кажуць пра зачараваны ўчастак трасы

«Пакуль не чуў, каб беларусаў дэпартавалі». Амерыканскі адвакат пра міграцыйную палітыку ЗША пры Трампе2

Купалаўскі тэатр прапаноўвае новую паслугу: цяпер там можна пабрацца шлюбам13

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Грузіі, асудзілі па чатырох палітычных артыкулах10

У Амурскай вобласці Расіі разбіўся самалёт з 49 чалавекамі на борце

Два малыя браты атрымалі моцныя апёкі пры распальванні лазні

Ходзіць легенда, што Озі Осбарн адкусіў галаву жывому кажану. А што ж адбылося насамрэч?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць