Расійскі гоншчык Мікіта Мазепін, сын уладальніка «Уралхіма» Дзмітрыя Мазепіна, падпісаў шматгадовы кантракт з амерыканскай аўтагоначнай камандай Haas. З наступнага сезона 21-гадовы пілот пачне выступаць у «Формуле-1», гаворыцца ў заяве каманды, піша meduza.io.
Цяпер Мазепін выступае ў чэмпіянаце «Формула-2» за брытанскую каманду Hitech Grand Prix. У агульным заліку ён знаходзіцца на трэцім месцы са 162 баламі.
Ягоны бацька Дзмітрый Мазепін нарадзіўся ў Мінску ў 1968 годзе, скончыў Сувораўскую вучэльню, МДІМА, нейкі час працаваў у «Беларусбанку». Затым канчаткова з'ехаў у Расію. Мікіта нарадзіўся ў 1999 г. у Маскве.
Мікіта Мазепін стаў чацвёртым у гісторыі расійскім пілотам «Формулы-1» — пасля Віталя Пятрова, Сяргея Сіроткіна і Данііла Квята.