Грамадства

Актывістка Курапацкай варты Ганна Шапуцька пра свае 15 сутак: Змаганне не спыняецца і за кратамі 

Актывістку Курапацкай варты Ганну Шапуцька затрымалі 31 кастрычніка разам з мужам Віктарам і паплечнікам Рыгорам Асаулам. 2 лістапада іх асудзілі на суткі, прычым Ганна атрымала самае жорсткае пакаранне — 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля вызвалення Ганна Шапуцька распавяла «Новаму часу» пра свой шлях па маршруце «Курапаты — Акрэсціна — Жодзіна». 

Затрыманне

Курапаты перад Дзядамі. Вечарэе. Прыціх Курапацкі лес, не чутна ні подыху сосен, ні птушыных спеваў. Пасля Талакі Крыжовы Шлях і западзіны прыбраныя, падрыхтаваныя да сустрэч з нашчадкамі, усё неяк урачыста, адчуванне супакою. Мы запалілі знічкі і ідзём на Курапацкую варту да рэстарацыі «Поедем поедим», пабудаванай вандаламі ў ахоўнай зоне мемарыяла Курапаты, за 50 метраў ад месца масавага знішчэння дзяржавай Сталіна тысяч і тысяч нашых суайчыннікаў. Ідзём, разважаем, як жа правільна сказаў Уладзімір Караткевіч: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае, асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў».

На жаль, людзі не жадаюць глядзець праўдзе ў вочы. Ім прасцей абмежавацца, схавацца за плотам рэстарацыі, ладзіць вяселлі, скакаць на батутах, піць, гуляць, смажыць шашлыкі. Угаворваць свае сумленне, што забівалі ж за 50 метраў ад рэстарацыі, што толькі адзін разок пагуляем і больш не паедзем. Аў гэты час Зло прарастае праз іх сэрцы, душы, і дазвол піць і гуляць побач з чалавечым могільнікам пераўтвараецца ў дазвол забіваць. І ўжо кроў новых ахвяраў льецца на шматпакутнай беларускай зямлі, паўстаюць новыя мемарыялы, да якіх адныя нясуць кветкі і знічы, а другія разбураюць і танчаць ужо на іх. Як спыніць гвалт, як зрабіць так, каб людзі пачалі чорнае называць чорным, а белае белым…

Прыйшлі да рэстарацыі Смерці, так яе называюць у народзе, дасталі ўлёткі, узнялі БЧБ-сцягі, бо БЧБ-сцяг — сцяг Перамогі над Смерцю, у чырвоным колеры якога кроплі крыві, у тым ліку, курапацкіх ахвяраў. Не прайшло і паўгадзіны, як мы ўбачылі, што на вялікай хуткасці на нас нясецца белая легкавая машына. Падумалася, што чарговыя вандалы спяшаюцца на гулянку ў рэстарацыю. Рыхтуемся да размовы, працягваем улёткі. Машына рэзка спыняецца, з яе куляй вылятаюць трое мужчын у масках і балаклавах і, не прадставіўшыся, не папярэдзіўшы ні аб чым, крычаць: «Вы затрыманыя, сядайце ў машыну!» Зрываюць сцягі, запіхваюцца разам з намі ў салон, іх трое і нас трое. І мы нясёмся разам з імі ў іншую рэальнасць — рэальнасць рэпрэсаванай Беларусі.

Здаецца, час спыніўся і ўсё блізкае і любімае засталося недзе ў іншым вымярэнні. У галаве адна за адной праносяцца думкі, як жа не ў час гэтае затрыманне: зяць у шпіталі з кавідам, дачка цяжарная з двума малымі дзеткамі на руках, 93-гадовая матуля мужа чакае заўтра нас у вёсцы. Напэўна, нельга быць гатовым да затрыманняў, хоць і думаеш пра іх магчымасць пастаянна.

Але ж праз некалькі хвілін ты прымаеш новую рэальнасць, пачынаеш дзейнічаць у іншых умовах. Я паспела скінуць смс дачцэ і сяброўцы пра нашае затрыманне. Дзякуй Богу, усе праблемы вырашыліся годна і добра.

Прывезлі ў Савецкі РУУС. Дворык. Сценка. Стаім тварам да сценкі, рукі за спінай, цёмна, у вокнах дамоў запалілася святло. Думаецца, як жа ўсё добра бачна з гэтых акон. Напэўна, 9—11 жніўня шмат хто з жыхароў бачыў і чуў, як катавалі тут людзей. У мяне не было ніякіх сумневаў адносна таго, што з намі будзе. Перажывала, каб не білі мужчын. Але ж міліцыянты настроены былі не агрэсіўна, ім быццам няёмка было перад намі, напэўна, не так проста затрымліваць жанчын і мужчын узросту сваіх бацькоў, магчыма, каманды «фас» не было. Адабралі рамяні, шнуркі, скралі сцягі і БЧБ-шалік (у адным з пакойчыкаў я заўважыла на падлозе цэлы стос БЧБ-сцягоў), адкаталі адбіткі пальцаў, фота. Неяк усё марудна і доўга.

Размова з міліцыянтамі ішла вакол іхняга лёсу пасля адхілення Лукашэнкі ад улады. Яны вельмі баяцца за свае сем’і і за свае жыцці, разумеюць, што міліцыя пераўтварылася ў бандфармаванні, у гвалтаўнікоў і забойцаў, але ж апраўдваюць сябе: маўляў, яны толькі выконваюць загад.

Размова не клеілася. І ўсе былі радыя, калі нарэшце нас павезлі на Акрэсціна.

Везлі ў звычайным бусіку, праз вокны якога мы любаваліся вечаровым Мінскам, бо, забягаючы наперад скажу, што з акон Акрэсціна і Жодзіна не бачна нічога.

На Акрэсціна нас хутка засялілі па камерах. І гэта была ўжо новая рэальнасць, новая старонка жыцця, даволі цікавая.

Курапацкая варта на Акрэсціна

Нас чацвёра ў камеры. Знаёмімся. Дзве жанчыны затрыманыя пасля выканання «Магутнага Божа» ў Оперным, яны з «Вольнага хору». Адна з іх, Наталля, працуе ў дзяржфілармоніі, у яе прыгожы, чысцюткі, нябесны голас. Яе сяброўка — свякроў нашай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук. Яшчэ адна дзяўчына затрыманая як адміністратар тэлеграм-канала дворыка каля «Рыгі».

Агульную мову знаходзім адразу. Дзелімся навінамі. Фактычна з першых хвілін дамаўляемся працягваць справу «Вольнага хору» тут, за кратамі. І неўзабаве ў нашым выкананні загучалі «Купалінка», «Магутны Божа», «Пагоня». Вязні суседніх камер віталі нашыя спевы апладысментамі і воклічамі «Жыве Беларусь!».

«Жыве Беларусь» тут паўсюль: на сценах, на кубках, на турэмных талерках. Здавалася, мы ў самым сэрцы змагання. Не пакідала адчуванне містычнага, асабліва калі ведаеш, што ў жніўні тут лілася кроў, гучалі крыкі, панаваў боль, страх.

Я хутка ачуняла. Мне не было ні страшна, ні няўтульна. Курапацкая Варта перанеслася на Акрэсціна. Я была сярод сваіх. Змаганне не спыняецца за кратамі. Гэта факт.

«Запіскі кантрабандыста»

Тым не менш паціху ў сэрца закраўся сум і адчай, бо не ведала, што там на волі, як дачка. Паспрабавала перабіць сум чытаннем.

У камеры на Акрэсціна было некалькі кніжак, на беларускай мове была адна — «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» Сяргея Пясецкага (запіскі кантрабандыста). Захапіла. У кнізе былі парады, як паводзіць сябе падчас доўгага зняволення. Самае галоўнае — не пускаць сум у сваю душу, бо ён з’ядае чалавека хутка. Трэба распрацаваць рэжым на ўвесь дзень і яго прытрымлівацца, як бы цяжка ні было, рабіць усе дробныя справы, як самыя важныя і неабходныя. З гэтага моманту я так і рабіла.

Складала сабе рэжым фактычна пахвілінна і прытрымлівалася яго. Час ляцеў. Вельмі дапамагалі нашыя вольныя спевы.

Суд

Арыштаваныя, але не асуджаныя вязні без шнуркоў і рамянёў стаяць тварамі да сцен. Наглядчык-мацюгальнік пакрыквае на іх здалёк, каб рукі за спінай трымалі. Міліцыянты-сведкі разам з начальнікам стаяць побач і адчуваюць сябе не ў сваёй талерцы, ім няўтульна, але ж трэба адыграць сваю ролю сведкаў-абвінаваўцаў. Людзей аднаго за адным запрашаюць у маленькі пакойчык, дзе на стале стаіць комп, а з экрана глядзіць на цябе суддзя. Яго задача разыграць прадстаўленне хуценька і адправіць цябе назад у камеру, абцяжаранага 15 суткамі арышту. Судовая расправа над правам, але ж абстаўленая так, што інакш як цыркам гэта не назавеш.

— Пригласите свидетеля, — кажа мой суддзя С.В. Шаціла начальніку міліцыянтаў.

Заходзіць мужчына гадоў пад 50, кепка нацягнутая на лоб, каб вачэй не было бачна, на твар насунутая маска. Кажа: я сведка, прозвішча Бельскі Н.А., мне 22 гады. Спрабуе сфармуляваць фразу аб маім затрыманні. Я, як сядзела побач з ім, так і выбухнула смехам, аж суддзя па той бок экрана ўздрыгнуўся і заклікаў мяне да парадку.

Тым не менш суддзя прызнаў у 50-гадовым мужчыне 22-гадовага пацана. Чым увагнаў у чырвоную фарбу міліцыянтаў і выклікаў чарговы выбух смеху ў залі. На такой вясёлай ноце і скончылі прадстаўленне пад назвай «суд». Суддзя вынес мне 15 сутак, і я, сказаўшы ім усім «ганьба», пайшла назад у камеру. На душы было светла, спакойна: перад прысудам мяне адвялі ў карцар. Там быў прымацаваны да сценкі ложак, маленькі табурэт прышрубаваны да падлогі, з боку прыбіральня і маленечкае акенца.

Сэрца мае ледзь не спынілася, бо на маленькім табурэце я пабачыла надрапаны і адпаліраваны надпіс «Малады Фронт». Я ўявіла хлопцаў і дзяўчат маладафронтаўцаў, якія тут пабывалі не аднойчы, і мне стала наогул лёгка і вольна. Не разбіць, не стрымаць! Жыве Беларусь!

Фальсіфікацыя справы

На трэці дзень да нас у камеру перавялі дзвюх дзяўчат, затрыманых падчас акцыі. Маладзёны схаваліся ў пад’ездзе аднаго з дамоў ад АМАПа і святлошумавых гранат, але ж сталіністка-бабуля здала іх на расправу. Адна з дзяўчат — высокая прыгожая Вольга — плакала. Пад ціскам супрацоўнікаў міліцыі, баючыся за сваіх бацькоў і брата, Вольга прызнала сваю віну ў тым, што не рабіла — кідала камяні ў Цэнтральны РУУС. Вольгу некалькі разоў вазілі на допыт, прыязджалі і на Акрэсціна, запісвалі на відэа і пасля паказвалі на БТ. Разам з Вольгай цягалі двух хлопцаў з суседняй камеры. Адзін з іх Эрык Арлоў з Купалаўскага тэатра. Хлопцы наогул адмаўляліся размаўляць з супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Распавяла Вользе пра справу Святаслава Барановіча, які таксама на пачатку следства сведчыў супраць сябе, растлумачыла, наколькі важна зараз адмовіцца ад паказанняў пад ціскам, распавесці пра ўсё ў СМІ, праваабаронцам, тлумачыла, што ціск на бацькоў будзе яшчэ большы, калі яна будзе баяцца і агаворваць сябе. Вольга згадзілася, але ж было бачна, што яна не разумее да канца цынізм сілавікоў, гатовых пасадзіць невінаватую дзяўчыну за краты. Дзякуй Богу, справу перадалі ў СК і Вользе далі адваката, якая параіла ёй тое ж самае. Ды і паказала на мапе, што Вольга фізічна знаходзілася зусім у іншым месцы, далёка ад будынка Цэнтральнага РУУСа, і ніяк не магла кідаць у яго камяні. Вольга крыху ачуняла. Баялася вельмі, што яе могуць затрымаць і пасадзіць на Валадарку па гэтай крымінальнай справе. Спадзяюся, што яе ўсё ж вызвалілі, і сфальсіфікаваная справа развалілася.

Этап у Жодзіна

У чацвер увечары я атрымала перадачку на Акрэсціна. Вялікі дзякуй дачцэ, сябрам, валанцёрам, бо не было ж сабой ні запасной бялізны, ні зубной шчоткі, ні тым больш начной маскі на вочы — святло ў камеры не выключалася і заснуць было цяжкавата. Вельмі не хапала пітной вады, вада на Акрэсціна з-пад крана вельмі дрэннай якасці, таму, канешне, перадачак чакаюць усе вязні. Але ж не ўсе атрымліваюць, бо адміністрацыя турмы ладзіць масавае этапаванне ў Баранавічы, Жодзіна якраз у чацвер, калі родныя стаяць у вялізных чэргах з перадачкамі. Гэта катаванне і вязняў, і іх родных, гэта здзек з чалавечай годнасці і мелкая помста дробных людзішак. Забягаючы наперад скажу, што ў жодзінскай турме маю перадачку наогул скралі. Дачка ехала, везла, перадала, а мне так ніхто яе і не аддаў, як кажуць хлопцы, «скрысятнічалі» супрацоўнікі. Але на Акрэсціна мне пашанцавала, і на этап у Жодзіна я паехала падрыхтаваная.

У пятніцу раніцай пагрукаліся ў дзверы камеры і аб’явілі, што этапуюць. Праз паўгадзіны нас, 20 чалавек, чатыры з якіх жанчыны, размясцілі па чатыры чалавекі ў закратаваныя камеры аўтазаку. Два здаравенныя дзецюкі-ахоўнікі разваліліся на лаве насупраць нас, паўтыкаліся насамі ў свае тэлефоны, час ад часу лаючыся матамі на вязняў, каб не размаўлялі. Даехалі даволі хутка. У Жодзіне нас правялі па катакомбах-тунэлях, і канваір у балаклаве роў на хлопцаў матам. Было адчуванне, быццам мы апынуўся на здымках фільма.

Што я змагла ацаніць — гэта моц камунікацый пад жодзінскай турмой. На няўстойлівую псіхіку, думаю, гэта ўздзейнічае. Але ж я назірала за ўсім з вялікай цікавасцю.

Нас даволі хутка развялі па камерах, і я апынулася на першым паверсе аднаго з карпусоў турмы ў камеры на 10 чалавек. Па перыметры пяць двухпавярховых металічных ложкаў, пасярэдзіне да падлогі прышрубаваны стол і дзве лавы, прыбіральня з аднаго боку, закрытая белым спанбондам (дзяўчаты змайстравалі), насупраць шафа з асабістымі рэчамі — прадуктамі, сродкамі гігіены, кнігамі, часопісамі. За сталом сядзелі дзяўчаты і вельмі ветліва на нас глядзелі.

І тут былі ўсе свае, палітычныя, і тут паўсюль і навокал «Жыве Беларусь!».

Беларуская мова. Сустрэчы

Пасля затрымання я адразу для сябе вырашыла размаўляць толькі па-беларуску, што б там ні адбылося. Ніхто не выказваў негатыву, наадварот, дзяўчаты выбачаліся, што не размаўляюць самі, ахоўнікі ставіліся нармальна.

І як жа прыемна было, калі пачуўся лязг металічных завалаў, адчыніліся дзверы камеры і зайшла танюткая дзяўчынка ў доўгай-доўгай фіялетавай сукенцы. Быццам праменьчык сонейка завітаў да нас у хату. Крок наперад — і мы абдымаемся. Мы ведаем адна адну, мы не аднойчы сустракаліся ў Курапатах. Аксана, каталіцкая верніца, выкладчыца, перакладчыца, журналіст і любімая выхавацелька майго ўнука Дамініка. Яе затрымалі на Курапацкім Маршы, яна здымала на відэа затрыманні людзей і сама стала ахвярай. Аксана прыгожа размаўляе па-беларуску, і я адчула палёгку.

Праз некаторы час да нас ізноў пагрукаліся. І праз хвіліну мы знаёмімся з нашымі легендарнымі музыкамі-барабаншчыцамі Кацярынай і Алінай, якіх затрымалі разам з усёй камандай і інструментамі на рэпетыцыі перад Маршам. Я проста не магла паверыць сваім вачам, што ўсе гэтыя людзі сабраліся тут, побач са мной. Пытанне існавання «Вольнага хору» ў нашай камеры ў Жодзіне вырашылася адразу. Дзяўчаты падхапілі ініцыятыву, нашыя вечаровыя спевы не спыняліся, супрацоўнікі не перашкаджалі нам, рэпертуар налічваў больш за 20 песень. Вольны Дух панаваў у жодзінскай турме.

У нас выпрацаваўся рэжым, дзякуючы якому дні ляцелі даволі хутка. Кацярына ведала фітнэс для твару, займалася адзінаборствамі. Мы з задавальненнем далучыліся да яе штодзённых трэніровак, і яны сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. Гэта вельмі дапамагала і стымулявала.

Аксана прынесла з сабой кнігу Горвата «Радзіва «Прудок»». Ніколі не адчувала такой асалоды ад чытання, смакавала кожнае слова, кніга перанесла мяне ў тую рэальнасць, дзе былі мае родныя, было ўсё тое, што я так люблю, кніга злучыла мяне з імі. Цудоўная кніга.

Не хапала інфармацыі з волі. Мы не ведалі, што там адбываецца, хваляваліся за Маршы, за Варту, вельмі хацелася, каб не спыняліся пратэсты. У камерах ніхто спыняцца не збіраўся, хоць былі дзяўчаты, што адбывалі суткі па другім разе. Адзінае, што магло прыпыніць наш удзел, — гэта абмежаванні па крымінальных справы і здароўе. У нядзелю ўвечары мы ўжо разумелі, што чарговы Марш адбыўся, што людзей было вельмі шмат. Аўтазакі з затрыманымі ехалі і ехалі ўсю ноч, пасля яшчэ і дзень панядзелка. Хлопцаў-дзяўчат групамі ставілі ўздоўж сцен на першым паверсе, і мы чулі, як яны дыхалі, бо дзверы, хоць і металічныя, але ж прапускаюць усе гукі. Адным этапаваным шанцавала і засяленне адбывалася спакойна і хутка. На другіх супрацоўнікі лаяліся матам, прымушалі станавіцца на калені. Усё залежала, як я зразумела, ад суправаджаючых канваіраў. Чула, як называлі прозвішча Андрэя Ягорава, падумала, фактычна ж другі раз запар арыштавалі хлопца. Чула, як нехта патрабаваў ад супрацоўнікаў не ўжываць нецэнзурную лексіку, што было вельмі рызыкоўна ў дадзеных умовах. Аднойчы прывезлі затрыманых днём, і вельмі агрэсіўна да іх ставіліся.

Мы не вытрымалі крыкаў ахоўнікаў і пачалі спяваць «Магутны Божа» — малітву, каб спыніць гэтую хвалю агрэсіі. Хутка пачуўся моцны грук дручком у нашы дзверы, маўляў, спыняйце свае спевы. «Мы молімся», — адказала я і мы працягнулі спяваць. За дзвярыма супакоіліся, сцішыліся.

ГУБАЗіК

У Жодзіне да вязняў прыязджалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Аднойчы адчыніліся дзверы нашай камеры і зайшоў малады афіцэр у форме, з медалямі. Нас пашыхтавалі ўздоўж ложкаў і пачалі перапісваць прозвішчы. На просьбы назваць сябе — маўчанне і ігнор. Пасля з-за дзвярэй паказаўся твар чалавека, якога адна дзяўчына апазнала як супрацоўніка ГУБАЗіКа. Ён быў разам з чалавекам у аліўкавай форме і з цікавасцю назіраў за намі, спрабаваў жартаваць, яму было весела. Праз некаторы час на размову выклікалі па чарзе музыку Кацярыну і прыхільніцу анархісцкага руху 22-гадовую Карыну. Карына сустракалася з гэтым чалавекам не першы раз. Ён вельмі жорстка і балюча яе затрымліваў, калі яна сустракала сваіх сяброў з жодзінскай вязніцы. Дзякуючы гэтаму чалавеку яна і апынулася за кратамі. Ён прыйшоў да Карыны з пагрозамі, што яна адсюль не выйдзе, прыйшоў з відэа, на якім закатаваны, збіты актывіст і журналіст Мікола Дзядок нешта казаў на камеру. Прыйшоў паздзекавацца, атрымаць асалоду, працягнуць катаванні дзяўчыны.

З Кацярынай ён паводзіў сябе па-іншаму, спрабаваў выклікаць станоўчыя эмоцыі, давер. Але ж Кацярына ў жніўні дапамагала валанцёрам на Акрэсціна і бачыла на свае вочы збітых, згвалтаваных людзей. Яна эмацыйна сказала супрацоўніку ГУБАЗіКа: маўляў, навошта збівалі, гвалтавалі, а зараз хочаце спыніць пратэсты. Працяг размовы мы ўжо пачулі ў калідоры, калі той аджартоўваўся: вы ж, Кацярына, там не былі і не ведаеце, пра што кажыце. Кацярына ў слязах спрабавала яму давесці, што ведае. А я запытала, а ці быў ён сам там, ці ведае пра што кажа? Ён адказаў, што быў. Нашыя дзяўчаты сказалі яму: добра, што самі прызналіся, мы гэта запомнім. Пасля вызвалення я даведалася, як жорстка затрымлівалі Міколу Дзядка, як не менш жорстка абышліся з Ігарам Аліневічам, раней затрыманым Аляксандрам Францкевічам. Даведалася, што фабрыкуецца страшная справа супраць анархістаў, і нам усім трэба пільна сачыць за лёсам хлопцаў і не пакідаць іх сам-насам з гэтай антычалавечнай сістэмай.

Шмат можна распавядаць пра зняволенне. Столькі цудоўных людзей, столькі гісторый, столькі ўражанняў. Самай маладой з нас было 18, самая старэйшая я — мне 56. Сярэдні ўзрост зняволеных дзяўчат 28—30 гадоў, усе маладыя, прыгожыя, ініцыятыўныя, крэатыўныя, уважлівыя і салідарныя. Я вельмі ўдзячна ім усім за гэтыя 15 сутак. Веру, што ўсе яны будуць вольнымі і шчаслівымі і мы абавязкова пераможам!

БЧБ-сцяг. Вызваленне

«Шапуцька з рэчамі на выхад», — абрадаваў мяне ахоўнік.

Развітваюся з дзяўчатамі, іду за наглядчыкам у кабінет і спыняюся: на падлозе паміж сталамі супрацоўнікаў турмы ляжыць БЧБ-сцяг. Яны ўважліва глядзяць на мяне, кажуць: праходзьце, распішыцеся. Кажу, каб паднялі сцяг і не глуміліся з яго, бо ім самім, іх дзецям, унукам пасля будзе сорамна за падобныя ўчынкі. Але ж маўчанне ў адказ і вочы ў стол. Акуратна абышла сцяг, не наступіўшы на яго, распісалася ў паперах і выйшла з пакоя за суправаджаючым. Я ўжо чула расповеды дзяўчат аб падобных вычварэннях у турмах і РУУСах, у аўтазаках. Гэтая чорная зграя можа фізічна таптаць наш Сцяг, але ж знішчыць яго не ў іх сілах. У сэрцы гучалі словы верша Някляева:

«Лунае нескароны,
на векавых вятрах,
наш, ад крыві чырвоны,
ад болю белы сцяг,
наш бел-чырвона-белы,
нябёсны, вольны, смелы,
наш Сцяг!»

І вось я побач са сваімі роднымі, сябрамі. Усё будзе добра. Змаганне працягваецца.

Жыве вольная наша Беларусь! Жыве еднасць і салідарнасць!

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

Мясаедская дыета — у якіх выпадках яна дапамагае3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць