Фота Вольгі Шукайла

Беларускі партал Tut.by атрымаў Міжнародную прэмію імя Паўла Шарамета. Такое рашэнне прыняў Кіруючы камітэт Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Прэміяй імя Шарамета чацвёрты год запар узнагароджваюць за смеласць і адданасць журналісцкім стандартам прадстаўнікоў СМІ з краін — членаў Усходняга партнёрства. Прэмія будзе ўручаная Tut.by падчас 12-й штогадовай Асамблеі, якая пройдзе 8 снежня ў Бруселі.

Узнагарода названая ў гонар загінулага ў ліпені 2016 года журналіста Паўла Шарамета «ў знак прызнання яго выдатнага ўкладу ў справу прасоўвання пытанняў аб правах чалавека і свабоды слова».

Нагадаем, што журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада каля свайго дома. Яна пісала артыкул пра Рамана Бандарэнку. Спачатку Кацярына была ў СІЗА КДБ, потым яе перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Імаверна, што ёй выстаўлена абвінавачванне, але з адваката ўзялі падпіску аб неразгалашэнні.

Вядома, што Генпракуратура раней распачала крымінальную справу па факце выдавання медыцынскай тайны, што пацягнула цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК). Гаворка ідзе пра стан загінулага Рамана Бандарэнкі. Кацярына была аўтарам артыкула, дзе паказвалася, што ў яго крыві не было алкаголю. Сваякі Рамана прэтэнзій да СМІ і медперсаналу не выказвалі, маці дала згоду на распаўсюд інфармацыі аб стане сына.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?