Другія суткі мінчукі звяртаюць увагу, як шмат камунальнікаў сагналі да станцыі метро «Пушкінская». Праца не спыняецца ні днём, ні ўначы.

Людзі ў спецадзенні робяць выгляд, што з дапамогай некалькіх адзінак тэхнікі адмываюць даўно зафарбаваны надпіс «Не забудзем». За яго нанясенне ў Мінску цяпер судзяць пяць чалавек адразу ў двух судах: Юлія Крэпская судзіць Дзяніса Грэханава, Ігара Самусенка і Уладзіслава Гуліса, а Юлія Блізнюк судзіць Марыю Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка. 

Усім гэтым абвінавачаным інкрымінуюць ч. 2 артыкула 339 (Хуліганства), а таксама ч. 2. артыкула 218 (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). 

Але вось што адбываецца ў судах. Калі першапачаткова абвінавачанне называла памер «шкоды» 10 182 рублі ў першым выпадку і каля 7500 рублёў у другім, то пасля разлікаў «Гаррэмаўтадора» у судзе прагучалі зусім іншыя сумы — 256 і 211 рублёў адпаведна. Гэта рэальны кошт работ за аднаўленне пліткі.

Але такая сума не дазваляе абвінаваціць людзей па 218-м артыкуле КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці), бо гэты артыкул прымяняецца ў выпадках, калі шкода перавышае 40 базавых велічынь (1080 рублёў). 

Калі адкінуць гэты артыкул, у абвінавачання застанецца толькі «Хуліганства».

Таму адна з версій — што зацікаўленыя спрабуюць давесці памер «шкоды» і «цаны аднаўлення» калі не да першапачаткова заяўленага, то хаця б да тых самых 40 базавых велічынь. Для таго і нагналі столькі тэхнікі і людзей на пустое месца. 

Ці магчыма далучэнне новых налічаных сумаў «шкоды» да справы, якая ўжо разглядаецца ў судзе? Юрысты кажуць, што рашэнне мусіць прыняць суддзя. 

Адвакаты Гуліса, Грэханава і Самусенкі ўжо хадатайнічалі, каб падазраваных адпусцілі з ізалятары дахаты, бо ў іх дзеяннях няма складу злачынства па 218-м артыкуле. Аднак пракурор Валерыя Таратынка, як піша Тut.by, выступіла супраць, бо яна «не лічыць новы разлік ад «Гаррэмаўтадара» (на 250 рублёў — «НН») бясспрэчным доказам».

«Наша Ніва» спрабуе атрымаць ад «Гаррэмаўтадара» адказ на пытанне, якія працы на Пушкінскай ідуць другі дзень запар.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?