Расіяне будуць забяспечаны айчыннымі (расійскімі) вакцынамі ад каранавіруса ў прыярытэтным парадку, запэўніў журналістаў у сераду прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, паведамляе ТАСС.

«Абсалютны прыярытэт — гэта, натуральна, расіяне», — сказаў прадстаўнік Крамля. Па яго словах, унутраная вытворчасць будзе забяспечваць патрэбы менавіта расіянаў.

«Што тычыцца патрэб магчымых спажыўцоў гэтай вакцыны за мяжой, то яны будуць забяспечвацца галоўным чынам за кошт тых вытворчых ланцужкоў, якія цяпер РФПІ выбудоўвае з замежнымі партнёрамі», — удакладніў Пяскоў.