Фота Надзеі Бужан

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) выпусціла абноўленае кіраўніцтва па выкарыстанні медыцынскіх масак падчас каранавіруса. У ім гаворыцца, у прыватнасці, што людзям варта насіць маскі па-за памяшканнямі, калі немагчыма трымаць дыстанцыю як мінімум метр. Дакумент апублікаваны на сайце СААЗ.

Таксама маску неабходна надзяваць у памяшканнях, такіх як школы і крамы, калі ўнутры нельга трымаць дыстанцыю. Акрамя гэтага, калі памяшканне не праветрываецца належным чынам, маску неабходна насіць незалежна ад магчымасці дыстанцыявацца ад іншых людзей, гаворыцца ў рэкамендацыях СААЗ.

Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на дарослых і дзяцей, старэйшых за 12 гадоў.

Людзі з груп рызыкі (пажылыя і тыя, якія маюць хранічныя захворванні) павінны насіць маску пры немагчымасці трымаць дыстанцыю.