Фота Надзеі Бужан

У Мінску судзяць некалькі чалавек за аднаўленне надпісу «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Так, у Фрунзенскім судзе працягваецца працэс над 26-гадовым Максімам Паўлюшчыкам і 25-гадовай Марыяй Бабовіч.

Дзяржаўны абвінаваўца спаслалася на «хуліганскі матыў» і просіць для Максіма Паўлюшчыка два гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Марыі Бабовіч — да 1 года 6 месяцаў пакарання без накіравання ў месцы адбыцця пакарання, а таксама змяніць ёй меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, піша «Радыё Свабода».

Супраць Паўлюшчыка і Бабовіч пачалі справу за хуліганства і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, што пацягнула шкоду ў буйным памеры — паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218. Падставай стала аднаўленне надпісу «Не забудзем» на месцы гібелі 10 жніўня Аляксандра Тарайкоўскага.

Прадстаўніца «Гаррамаўтадара» на працэсе сказала, што прадпрыемства адмаўляецца ад пазову ў звязку з тым, што на разліковы рахунак прадпрыемства паступілі грошы для кампэнсацыі заяўленага ўрону ў 211 рублёў. Прадстаўніца «Гаррамаўтадара» адмовілася ад выступу ў спрэчках.

Другія суткі камунальнікі «адмываюць» мемарыял Тарайкоўскаму. Навошта гэта можа рабіцца?