22 траўня перад беларускімі журналістамі ўпершыню выступіў новы пасол Італіі Джуліё Прыджоні.
Яго прызначылі надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам у нашу краіну толькі 5 лютага, да гэтага чатыры гады ён знаходзіўся з дыпламатычнай місіяй у суседняй Літве.

Цікавасць да пасла была яшчэ і таму, што свой першы візіт у Заходнюю Еўропу на працягу апошняга дзесяцігоддзя Лукашэнка зладзіў менавіта ў Італіі. Адказваючы на пытанні журналістаў у Рыме, кіраўнік краіны паведаміў, што запрасіў у Беларусь прэм’ер‑міністра Сільвіё Берлусконі, і той даў згоду. Лагічна, што першым пытаннем было, ці прыедзе ў Мінск італьянскі прэм’ер.

«Пытанне няпростае. Дыпламаты працуюць над ім.

Берлусконі з радасцю наведае Беларусь. Аднак зараз усё яшчэ вядзецца праца па вызначэнні даты. Гэтыя падзеі адбудуцца і будуць вельмі важныя для развіцця двухбаковых стасункаў», — зазначыў Дж.Прыджоні.

У сваю чаргу сіньёр Джуліё запэўніў, што пасольства будзе рабіць выдатнае абрамленне да гэтага візіту, «самае найлепшае, што можа быць». Вядзецца праца з арганізацыямі і студэнтамі па падрыхтоўцы ў верасні дзён культуры Італіі ў Мінску, выставаў і канцэртаў. У прыватнасці, некаторыя імпрэзы будуць прысвечаныя асобе карале Рэчы Паспалітай Боне Сфорцы.

«Візіт Лукашэнкі ў Італію быў вялікім поспехам, як сустрэча з Папам, так і з Берлусконі.
Мы вельмі рады, што так атрымалася. Гэта выдатная магчымасць разгледзіць сітуацыю між двума краінамі», — сказаў Дж.Прыджоні.

Летась пасольства Італіі выдала грамадзянам Беларусі 45 тысяч візаў. З іх 35 тысяч былі выданы дзецям, якія выязджалі на аздараўленне на Апеніны, а астатнія 10 — турыстам і прадпрымальнікам. «Мы працуем, каб гэтыя 10 тысяч ператварыліся ў 20», — зазначыў пасол.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?