Грамадства

Беларуску са Швейцарыі судзяць за нібыта сарваную з міліцыянера балаклаву

Трэцяга сьнежня пачынаецца суд над беларускай са Швайцарыі Натальляй Хершэ, якую абвінавачваюць у супраціўленьні супрацоўніку міліцыі пры выкананьні ім службовых абавязкаў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Натальля зьняла балаклаву зь міліцыянта, за гэта на яе і завялі крымінальную справу, піша «Радыё Свабода».

Беларуска Натальля Хершэ стала жыве ў Швайцарыі цягам 12 гадоў. Там жа жывуць яе дарослыя дзеці. Калі сарваўся адпачынак, які Натальля з мужам Робэртам хацела правесьці ў цёплых краінах, вырашыла прыехаць на радзіму і пабачыць на ўласныя вочы, што адбываецца ў Беларусі. Пасялілася ў Менску ў сяброўкі. Хадзіла на акцыі пратэсту ў Менску і Маладэчне, дзе жыве яе брат Генадзь. Плянавала пагасьціць на радзіме пару тыдняў, а засталася тут надоўга.

Затрымалі спачатку на 15 сутак, пасьля завялі крымінальную справу

Натальлю Хершэ затрымалі на жаночым маршы 19 верасьня ў Менску. Тады каля гандлёвага цэнтру «Айсбэрг» на скрыжаваньні вуліц Сурганава і Якуба Коласа былі жорсткія затрыманьні жанчын. Натальля — асоба вельмі яркая, яна трапіла на фота карэспандэнтаў з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам.

Спачатку жанчыну пасадзілі на 15 сутак паводле артыкулу 23.34 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Зьмясьцілі на Акрэсьціна. А потым завялі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў з прымяненьнем гвалту (артыкул 363.2 Крымінальнага кодэксу) — за тое, што яна нібыта сарвала балаклаву з амапаўца. Амаль два месяцы жанчына правяла ў жодзінскай турме №8, а тыдзень таму, перад судом, Натальлю Хершэ перавялі ў менскі СІЗА №1 на Валадарскага.

У «Валадарцы» шасьцёра — у камэры на чацьвярых

Пра гэта расказаў «Свабодзе» брат Натальлі Генадзь, які жыве ў Маладэчне. Раней ён працаваў доктарам, цяпер у фармацэўтычнай кампаніі.

«Трымаецца Натальля вельмі стойка. Сапраўдная змагарка — як Марыя Калесьнікава, зь якой сястра перасякалася ў жодзінскай турме.

Умовы на Валадарцы яшчэ горшыя, чым у Жодзіне. Камэра разьлічаная на чатыры чалавекі, а ў ёй трымаюць шэсьць. Пяць жанчын кураць, а Натальля не. І для яе гэта вельмі цяжка. Пра гэта мне расказала сёньня адвакатка, якая наведала сястру апошні раз перад судом», — кажа Генадзь.

Спачатку з Натальляй працавала адна адвакатка, але яна захварэла на COVID-19 і перадала справу сваёй каляжанцы (таксама зь Менскай абласной калегіі адвакатаў), працягвае Генадзь.

«Яны вельмі добра паладзілі, новая адвакатка ўжо двойчы за апошні тыдзень сустракалася з Натальляй у СІЗА на Валадарскага.

Літаральна гадзіну таму я зь ёй размаўляў. Адвакатка кажа, што размова была вельмі канструктыўная, яны разам выпрацавалі тактыку для суду», — паведаміў Генадзь.

Калі лісты сталі больш-менш стабільна даходзіць і іншай інфармацыі ніякай не было, я пачаў пісаць вельмі доўгія лісты, часам на беларускай мове. Апошні ліст быў на 8 старонках фармату А4. Заўсёды адпраўляю іх заказнымі. Дык вось, у апошні дзень у Жодзіне ў камэру прыйшоў турэмнік і паведаміў, што Натальлі прыйшла заказная карэспандэнцыя. А яе самой у той момант у камэры не было, яе павялі ў амбуляторыю.

Калі Натальля вярнулася, суседкі абрадавалі яе, што прыйшло два лісты. Але ў выніку Натальлі так і не аддалі іх. Яна вельмі засмуцілася і мне ў апошнім лісьце з жодзінскай турмы напісала, што гэта сваволя і зьдзек. А вось ці даходзяць на Валадарку мае лісты, я ня ведаю», — кажа брат Натальлі. Брат спадзяецца на судзе ўпершыню за апошнія два з паловай месяцы ўбачыць сястру. Марыць перадаць ёй кнігу Оруэла «1984».

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ад 300 000 да 500 000 даляраў. Стала вядома, хто прывёз Джэйсана Дэрула ў Беларусь4

Ад 300 000 да 500 000 даляраў. Стала вядома, хто прывёз Джэйсана Дэрула ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Галоўны трэнер «Нёмана» выканаў дзіўны танец пасля перамогі ў матчы Лігі канферэнцый

«Змагла развітацца па-людску». У Польшчы ў беларускі памёр муж — яна расказала, як даставіла прах на радзіму і арганізавала пахаванне

Банкаўскія інсайдары лічаць новыя санкцыі супраць чатырох беларускіх банкаў малазначнымі. І вось чаму11

Францыя вырашыла прызнаць Палесцінскую дзяржаву. Ізраіль заявіў, што гэта «ўзнагарода за тэрарызм»13

Каранавірус паскорыў старэнне мозгу нават у тых, хто не хварэў4

Мінскае «Дынама» без шанцаў прайграла албанскай «Эгнаціі»2

Тавары з «Пагоняй» прадавалі, нягледзячы на забароны10

Стала вядома, як рагачоўскі завод працуе на расійскую вайсковую прамысловасць5

Ва ўсім свеце перастаў працаваць Starlink

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад 300 000 да 500 000 даляраў. Стала вядома, хто прывёз Джэйсана Дэрула ў Беларусь4

Ад 300 000 да 500 000 даляраў. Стала вядома, хто прывёз Джэйсана Дэрула ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць