Паўлючэнка і Салаўёў — 25 гадоў, Юшкевіч і Ракуцін — пажыццёвае. Такое рашэнне вынес суд Магілёўскай вобласці ў дачыненні да чатырох абвінавачаных па так званым машчаніцкім забойстве. 15 гадоў таму ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна забілі сям'ю з 6 чалавек, у тым ліку дваіх дзяцей. У гэтым западозрылі пяцярых мясцовых хлопцаў, іх судзілі, але вынеслі апраўдальны прысуд. А праз 14 гадоў зноў затрымалі і судзілі па тым жа абвінавачванні, піша Tut.by.

Фота Дар'і Буракінай

Што адбылося. Коратка

У ноч на 1 чэрвеня 2005 года ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна забілі сям'ю: жанчыну 48 гадоў, яе 53-гадовага сужыцеля і 27-гадовую дачку з яе дзецьмі 6 і 7 гадоў і яе 22-гадовага сужыцеля. У вёсцы яны паспелі пражыць некалькі дзён пасля пераезду з райцэнтра, дзе прадалі 3-пакаёвую кватэру, абцяжараную даўгамі за неаплату камунальных паслуг. Яе яны абмянялі з даплатай на вясковы дом.

На наступны дзень затрымалі пяць падазраваных — мясцовых жыхароў: 24-гадовага Паўла Паўлючэнку, 18-гадовых аднакласнікаў Сяргея Юшкевіча, Мікалая Ракуціна і Генадзя Салаўёва, а таксама 21-гадовага Аляксандра Клебча.

Іх жа ў 2007 годзе і судзілі. На следстве маладыя людзі прызнавалі віну, але ў судзе ў адзін голас заявілі: іх білі і прымушалі прызнацца ў тым, чаго яны не рабілі. Дзяржабвінаваўцы тады патрабавалі траіх абвінавачаных расстраляць, дваіх асудзіць на пажыццёвае зняволенне.

Суд апраўдаў абвінавачаных у забойстве, а пракуратуры вынеслі прыватнае вызначэнне за недапушчальныя метады следства. Але праз 14 гадоў усіх затрымалі зноў — і зноў абвінавацілі ў тым жа забойстве. У гэты раз следства абапіралася на экспертызу пахавых слядоў, вынікі якой нібыта паказваюць на вінаватасць мужчын.

Праўда, Аляксандр Клебча цяпер перайшоў у статус сведкі. Згодна з псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай, якую праводзілі падчас папярэдняга расследавання, у яго «лёгкая разумовая адсталасць (алігафрэнія ў стадыі дэбільнасці), канкрэтнасць мыслення вельмі нізкая, аб'ём памяці звужаны, утрыманне завучанага матэрыялу нетрывалае, ён не можа раскрыць сутнасць простых слоў і паняццяў, не ведае, колькі месяцаў у годзе, праглядаюцца прыкметы павышанай унушальнасці».

Па версіі абвінавачвання, Паўлючэнка як верхавод банды загадзя спланаваў злачынства: напаіць навасёлаў, забраць у іх грошы за продаж кватэры. Дапамагчы яму павінны былі змоўшчыкі. У ноч на 1 чэрвеня яны, п'яныя, прыйшлі ў госці нібыта пазнаёміцца. Прынеслі з сабой самагон, напаілі навасёлаў, але так і не даведаліся, дзе ляжаць грошы.

Затым забілі ўсю сям'ю. Спачатку — 22-гадовага Лявончыка: яго збілі да смерці за адмову аддаць грошы. Потым расправіліся з астатнімі. На целах дзяцей зафіксавана каля 20 удараў, прычым дзеці ў момант нападу спалі — іх забілі як непажаданых сведак. Двое дарослых былі задушаныя. Ад атрыманых траўмаў пацярпелыя памерлі на месцы. Завалодаўшы грашыма і роварам, абвінавачаныя схаваліся з месца злачынства.

Новыя доказы на рэчдоказах, якія павінны былі знішчыць

30 сакавіка 2020 года пачаўся новы разгляд справы аб забойстве сям'і. Абвінавачванне абапіралася на экспертызу пахавых слядоў, вынікі якой нібыта паказваюць на вінаватасць мужчын.

«Праведзеныя судовыя альфактарныя экспертызы пахавых слядоў, методыка якіх дазваляе выявіць і ідэнтыфікаваць пахавыя сляды чалавека пры ўмове кансервацыі іх крывёю. Па дадатковым заключэнні экспертаў у запахавай спробе з толкушкой выяўлены запахавыя сляды, якія належаць Клебчу, у пахавых пробах фрагмента цэглы і фрагмента ліштвы выяўлены пахавыя сляды, якія адбываюцца ад Ракуціна», — пазначана ў вызначэнні Вярхоўнага суда.

Пры гэтым па прысудзе Магілёўскага абласнога суда рэчдокі, у тым ліку і таўкушка, і цэгла, павінны былі знішчыць пасля ўступлення ў сілу прысуду — у 2007 годзе. Дом, дзе адбылося забойства, згарэў за паўгода да пачатку слухання ў судзе — у кастрычніку 2019 года. У доме ніхто не жыў, вінаватых у пажары не знайшлі.

Павел Паўлючэнка, Сяргей Юшкевіч, Мікалай Ракуцін і Генадзь Салаўёў на судзе заявілі пра сваю невінаватасць — як і на працэсе 13 гадоў таму. У апошнім слове ўсе чацвёра катэгарычна адмаўлялі свой удзел у забойстве і ставілі пад сумнеў аб'ектыўнасць экспертызы і яе вынікаў.

Пракурор запатрабаваў для Паўлючэнкі і Салаўёва па 25 гадоў пазбаўлення волі, для Юшкевіча і Ракуціна — пажыццёвае зняволенне.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?