На 16-гадовага мінскага ліцэіста завялі крымінальную справу за тое, што ён нешта кінуў у міліцэйскую машыну. Але што кінуў? Сілавікі сцвярджаюць, што камень, але ёсць больш за дзесяць чалавек, якія пераконваюць: у аўто паляцела снежка.

Падборка з пяці відэа з месца падзей:

Інцыдэнт адбыўся днём 29 лістапада на вуліцы Русіянава ў Мінску. Ва Уруччы ў гэты час праходзіў Марш суседзяў. Вось што сведкі паведамілі «Нашай Ніве» праз тэлеграм-бот: 

«Гэтыя хлопцы хвілін дзесяць кідаліся снежкамі ў бок ДАІ, амаль ніколі не траплялі, бывала, нават прылятала пад ногі пратэстоўцам. Старэйшыя казалі: хлопчыкі, можа, не трэба кідацца? Але моцна ніхто не спыняў, яно і зразумела чаму, большасць нават была «за», — піша відавочца.

«Я стаяў на прыпынку грамадскага транспарту насупраць універсама і ўважліва назіраў за дзеяннямі падлеткаў. Яны проста кідаліся снежкамі ў аўтазак, які стаяў, потым у машыны МУС, што праязджалі міма. Я хачу звярнуць увагу на тое, што снегу на зямлі не было, а толькі на машынах на паркоўцы. Я бачыў, як яны бралі снег з машын, ляпілі снежкі і кідаліся. Снег быў мокры, і таму супрацоўнікам у машыне магло здацца па гуку, што гэта камень», — адзначае іншы чалавек.

Момант, калі хлопцу ўдалося патрапіць у аўтазак, трапіў на відэа.

Трэці сведка кажа, што за хвілін 15 да інцыдэнту, хлопцам удалося трапіць снежкай у машыну ДАІ:

«Яны перабягалі скрыжаванне на зялёнае святло і раптам кінулі снежку у лабавое шкло машыны ДАІ. Інспектары ніяк не адрэагавалі, а проста дворнікамі змялі снег і стаялі нерухома. Хлопцы схаваліся ў дварах. Праз хвілін 15-20 зноў з'явіліся на гарызонце і за метраў 10 ад мяне ляпілі снежкі. Пад'ехала іншая міліцэйская машына, і хлопцы ўдваіх кінулі снежкі ў машыну і сталі ўцякаць. Хлопец, якога затрымалі, наколькі памятаю, трапіў у шкло. Другі хлопец прамахнуўся. Побач са мной стаяў незнаёмы мужчына, і мы адразу прыйшлі да высновы, што хлопца прыцягнуць па крыміналцы, было цікава толькі, як гэта напішуць. Камень — абсалютная выдумка, усё было на маіх вачах».

«Міліцэйская машына стаяла на святлафоры. Адзін хлопец трапіў у бакавое шкло, другі прамахнуўся. Машына пагналася за імі па тратуары», — піша чацвёрты чалавек.

Гэта важны момант. Людзі кажуць, што снежка прыляцела ў бакавое шкло, але не пашкодзіла яго. Міліцыя ж паказвае ўвагнутасць каля левых задніх дзвярэй аўтамабіля. Адкуль туды могла прыляцець снежка ці нават камень? Толькі з супрацьлеглага боку дарогі. Але на міліцэйскім відэа не відаць, каб хлопцы перабягалі дарогу. Яны стаялі на правым тратуары адносна машыны сілавікоў.

На відэа чуваць размову ўнутры міліцэйскага аўто. «Хто кінуў?» — «Малалетка». Пачынаецца пагоня па пешаходных дарожках. Яна працягнулася нядоўга. Машына спынілася, адзін з сілавікоў кінуўся ў двары за хлопцам, на гэтым міліцэйскае відэа сканчваецца. Што ж адбывалася пазней?

«Пасля спынення аўто адзін міліцыянт пабег з дубінкай за хлопцам, а другі выйшаў на вуліцу і стаяў каля машыны. Да яго падышлі чалавек 15, пачалі крычаць «ганьба» і тое, што не трэба затрымліваць хлопца. На што гэты звышрозум (міліцыянер) дастаў табельную зброю і пачаў ёй размахваць», — піша пяты сведка.

«Там быў смешны момант, калі міліцыянер з пасажырскага месца вылез, паслізнуўся і зваліўся, чым выклікаў захапленне ў публікі. Пісталетам размахваў кіроўца (сяржант, дакладна не афіцэр), калі выйшаў з машыны і пачуў на свой адрас усё, што пра яго думаюць людзі. Шчыра кажучы, здзіўлены, што хлапчукоў змаглі дагнаць. За імі пагнаўся толькі адзін супрацоўнік, і ў іх была фора. Падазраю, што нехта ў дварах «дапамог», — вось меркаванне шостага чалавека.

«На падмогу да іх выскачыла другая міліцэйская машына проста з двара. Хлопца аднаго злавілі, пры гэтым добра прыклаліся па галаве, пасадзілі ў машыну, і абедзве машыны з'ехалі так жа па тратуары», — расказвае сёмы сведка.

«З другога боку вуліцы (насупраць універсама «Першамайскі») у наш бок пусціліся 2 атрады ўнутраных войскаў і пачалі гойсаць па дварах, усе разбегліся», — падсумоўвае восьмы ўдзельнік інцыдэнту.

Яшчэ чатыры чалавекі, не звязаныя з папярэднімі васьмю, іншымі словамі пісалі тыя ж падрабязнасці гісторыі.

Міліцыя паведаміла, што ў дачыненні да падлетка завялі справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.

Што яму інкрымінуецца? «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях». Пакаранне — ад штрафу да 3 гадоў зняволення.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?