БелТА

У Беларусі амаль не засталося неангажаваных грамадска-палітычных медыярэсурсаў, заявіў міністр інфармацыі Ігар Луцкі падчас круглага стала на тэму «СМІ ў палітычным працэсе. Актуальныя аспекты заканадаўчага рэгулявання», што прайшоў у Палаце прадстаўнікоў, піша БелТА.

«Мы ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі апынуліся ў стане зацяжной, шырокамаштабнай, не намі развязанай інфармацыйнай вайны, — сказаў Луцкі. — Вайны вельмі разнастайнай па наборы ўжывальных метадаў і спосабаў яе вядзення, нацэленай не проста на нанясенне шкоды дзяржаве, а на яе знішчэнне. Па-другое, выклікі часу сёння апынуліся наперадзе дзеючага заканадаўства. Па-трэцяе, мы бачым, што з медыяполя практычна знік сектар неангажаваных грамадска-палітычных медыярэсурсаў.

Тыя, хто яшчэ ўчора відавочна папракаў дзяржаўныя СМІ ў праўладнай прапагандзе, хто горда біў сябе кулаком у грудзі, сцвярджаючы, што займаецца чыстай незалежнай журналістыкай, сёння раптам ператварыліся ва ўзорна-прапагандысцкія інструменты для разбурэння дзяржавы. Назавём рэчы сваімі імёнамі: сталі непасрэднымі ўдзельнікамі інфармацыйнай вайны, адкрыта выступіўшы на баку агрэсараў».