У Маскве з 5 снежня пачнуць масавую вакцынацыю ад кавіду. Першымі прышчэпкі змогуць зрабіць настаўнікі і дактары, паведамляе meduza.io.

«Па ўзгадненні з урадам Расіі, з мэтай абкаткі вялізнага механізму масавай вакцынацыі мы адкрываем электронны запіс на прышчэпку для работнікаў адукацыі, аховы здароўя ўсіх формаў уласнасці, а таксама для работнікаў гарадскіх сацыяльных службаў, пачынаючы з 4 снежня 2020 года. Па меры паступлення новых партый вакцыны пералік грамадзян, якія змогуць прышчапіцца ў Маскве, будзе пашырацца», — паведаміў мэр Сяргей Сабянін.

Як паведамляецца ў спецыяльным раздзеле аб бясплатнай вакцынацыі на сайце мэрыі, для таго, каб зрабіць прышчэпку першай расійскай вакцынай «Спадарожнік V», трэба быць прымацаваным да маскоўскай паліклінікі, а таксама даць даведку з месца працы.