Дыскаграфія ад Сяргея Будкіна.
Чакаўся пасля «Адлегласці» ад «морсаў» альбом жорстка рокавы. Але чаду Пугач і К далі па мінімуму (хіба ў песеньцы «Не здавайся»).
У астатнім — вырашылі трымацца фірмовага стылю. Да такой ступені, што гурт яшчэ больш стаў нагадваць групу «Браво» з вакалістам Ленцам, асабліва ў самых удалых нумарах — «Серебро» і «Аквамарин». А песня «Металась», наогул, нагадала нешта хлапчуковае, кшталту групы «Корні»: «мікстура» рыфмуецца, вядома ж, з «дура».
Але
няўдалых песень вобмаль, вакальная харызма Пугача працуе, як належыць.
Нават слоўныя выбрыкі, кшталту «негасимый свет новых Че Гевар», з вуснаў Уладзіміра слухаюцца як жыццёвая мудрасць.
Галоўнае пакліканне дыску «Аквамарин» дый усёй творчасці гэтай каманды — стварэнне настрою, атмасферы камфорту і ўтульнасці. Ніякай сацыяльшчыны ў рок‑гурту J:Морс нямашака. Калі не лічыць «никто не клянётся и не надо — остаётся только Шенген на год», у астатнім суцэльны музычны рамантызм.
Выснова: статус лідэраў айчыннага поп‑року гурт пацвердзіў. Яны ў выдатнай музычнай форме, іх музыка мае дайсці да кожнага рамантыка гэтай краіны.