Парламент Малдовы 3 снежня ўхваліў у першым чытанні законапраект аб функцыянаванні моў і папраўкі да Кодэкса аўдыёвізуальных медыяпаслуг, якія ствараюць магчымасць для вяртання расійскіх інфармацыйных і аналітычных праграм, паведамляе tv8.

Згодна з законапраектам, дазваляецца трансляцыя тэле- і радыёпраграм «з трэціх краін, якія адпавядаюць палажэнням канцэпцыі і стратэгіі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Малдова».

Раней малдаўскія тэлеканалы маглі трансляваць толькі праграмы, вырабленыя ў краінах ЕС, ЗША, Канады і краінах, якія ратыфікавалі Канвенцыю аб трансгранічным тэлебачанні (Расія яе не ратыфікавала).

Дэпутаты таксама вярнулі рускай мове статус мовы міжнацыянальных зносін. Цяпер па запыце грамадзян дзяржаўныя служачыя павінны будуць прадастаўляць інфармацыю або пераклад інфармацыі на рускай мове, а таксама атрымліваць запыты і адказваць на іх на рускай мове, калі гэта будзе неабходна грамадзяніну.

Большасць у парламенце Малдовы мае Партыя сацыялістаў экс-прэзідэнта Ігара Дадона, які 23 снежня сыдзе з пасады, саступіўшы месца Маі Санду.

Таксама 3 снежня дэпутаты абмежавалі паўнамоцтвы прэзідэнта, вывеўшы з падпарадкавання Службы інфармацыі і бяспекі. Гэта выклікала абурэнне ў прыхільнікаў Санду. Яна заявіла, што будзе дамагацца роспуску парламента.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?