Біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі падтрымаў святароў, асуджаных на суткі адміністрацыйнага арышту. Пра гэта ён напісаў у сваім фэйсбуку.

«Мы бачым актывізацыю рэпрэсій у дачыненні да Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Мы адкрыта выступаем супраць кожнага граху, супраць насілля і гвалту, супраць хлусні і фальшу, супраць рэпрэсій, супраць ціску і запалохвання, супраць прыніжэння чалавечай годнасці, бо кожны чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Мы асаблівым чынам молімся аб супакоі, згодзе, салідарнасці і адзінстве беларускага народа.

Аднак усё гэта хтосьці лічыць праявай экстрэмізму, распальваннем варожасці і г. д.!» — напісаў ён.

Юрый Касабуцкі чарговы раз заклікаў да ўзмацнення малітвы за Бацькаўшчыну, беларускі народ, за людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, за тых, каго звальняюць з працы за іх погляды, за тых, каго запалохваюць і шантажуюць, за ўсіх церпячых і за тых, каму асабліва патрэбна наша малітоўная падтрымка.

«Прашу па меры магчымасці ў кожным касцёле, кожнай капліцы публічна маліцца за ксяндза Вячаслава Барка і айца Віталя Быстрова і тлумачыць людзям пра сапраўдныя прычыны трымання гэтых святароў у вязніцах (рэпрэсіі, ціск, запалохванне, пераслед Касцёла за праўду і г. д.)», — напісаў каталіцкі іерарх.

Нагадаем, што а. Вячаслаў Барок (пробашч касцёла ў Расонах) і а. Віталь Быстроў (грэка-каталіцкі святар з Івацэвічаў) атрымалі па 10 сутак арышту. В. Барок змясціў у сваім фэйсбуку плакат Уладзіміра Цэслера, які суд палічыў прапагандай нацысцкай сімволікі, а Віталь Быстроў быў асуджаны за «ўдзел у несанцыянаваным мерапрыемстве».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0