Грамадзянку Швайцарыі беларускага паходжаньня Натальлю Хершэ прысудзілі да двух з паловай гадоў калёніі строгага рэжыму і абавязалі заплаціць 1000 беларускіх рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу 22-гадоваму супрацоўніку АМАПу Сяргею Кончыку.

Журналісты «Радыё Свабода» пагаварылі з мужам Натальлі Хершэ Робертам Штэелі, таксама грамадзянінам Швайцарыі. Ён сказаў, што ў яго «не было ніводнага шанцу спыніць» жонку, калі яна сабралася ехаць у Беларусь, а вынесены ёй прысуд ахарактарызаваў як «проста жах».

— Як зараз адчувае сябе Натальля? Дзе яе ўтрымліваюць?

— Цяпер яна ў Менску, але мы не ведаем дакладна, у якім месцы. Трэба сачыць за тым, куды яе павязуць. У мяне няма магчымасьці з ёй пагаварыць, таму ніякай інфармацыі на гэты конт у мяне няма, я магу толькі атрымліваць яе са СМІ, як і вы. Яна пасьпела напісаць мне некалькі лістоў, але ў іх яна сказала, што ёй забаронена паведамляць што-небудзь пра ўмовы ўтрыманьня ў турме. Паміж радкоў, як мне здалося, я змог прачытаць, што яна ў парадку.

— У яе ёсьць родныя ў Беларусі?

— Так, брат, з якім яна вельмі блізкая, але яму таксама забаронена яе наведваць у турме. Гэта дазволена рабіць толькі адвакату і прадстаўніку швайцарскага МЗС. Я думаю, цяпер гэтая сытуацыя зьменіцца, але як менавіта — пакуль складана сказаць. Гэтая турма не з тых, што арыентавана на сэрвіс.

— Як і калі вы пазнаёміліся?

— Вельмі па-сучаснаму, як і ўсе цяпер, у інтэрнэце. Гэта было два гады таму, летам. У нас было спатканьне на маляўнічым возеры, і так усё гэта пачалося. Яна ў той момант ужо 10 гадоў жыла ў Швайцарыі. Была замужам за іншым швайцарцам, але ён памёр.

— Як ёй прыйшла ў галаву ідэя паехаць у Беларусь? Вы баяліся яе туды адпускаць?

— У мяне не было ні адзінага шанцу яе спыніць. Калі ў яе зьявілася гэтая ідэя, яна ўся была перапоўненая энтузіязмам і энэргіяй. Я зразумеў, што яна проста павінна паехаць туды.

— Гэта значыць, яна ехала ў Беларусь мэтанакіравана для таго, каб удзельнічаць у акцыях пратэсту?

— Так, каб абараніць у сябе на радзіме дэмакратыю, тыя каштоўнасьці, па якіх мы жывём тут, у Швайцарыі.

— Вы ў гэты момант ужо ведалі нешта пра пратэсты ў Беларусі? Усьведамлялі небясьпеку, якая ёй пагражае?

— Так, я ведаў, што некаторыя людзі пасьля акцый пратэсту ў Беларусі трапляюць у турму: на некалькі сутак, на два тыдні. Але рызыку, што ёй дадуць два з паловай гады турмы, я сур’ёзна не разглядаў.

— Вы глядзелі відэа, на якіх беларуская міліцыя зьбівае пратэстоўцаў?

— Калі шчыра, не. Я стараўся іх не глядзець. Я і так схільны фантазіяваць у сваёй галаве, я не хацеў да гэтага дадаць яшчэ і такія рэчы.

— Як вы даведаліся аб яе затрыманьні?

— Яна пасьпела адправіць мне СМС з аўтобуса, у які яе пасадзілі. Потым я ўбачыў яе імя ў сьпісе затрыманых на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна». Затым пачаўся жудасны час: доўгі час, калі я не ведаў нічога. Пры гэтым у прэсе было мноства жудасных гісторый пра гвалт у адносінах да пратэстоўцаў, чаго я толькі не ўяўляў сабе ў галаве.

— Доўга так працягвалася?

— Каля двух тыдняў. Потым брат Натальлі знайшоў адваката, але ні з ім, ні з яе братам мне не ўдалося толкам пагаварыць. Я зусім не ведаю рускай мовы, брат мне нешта пісаў пра свае размовы з адвакатам, але мне даводзілася перакладаць гэта праз гугл-перакладчык. Пагаварыць я змог толькі з прадстаўніком швайцарскага МЗС, калі ён падключыўся да справы. У гэты момант я ўжо адчуў сябе крыху лепш. І толькі праз 40 дзён я атрымаў ад Натальлі першы ліст. Ён быў падвергнуты цэнзуры, але я адчуў, што з ёй усё добра, што яна не падвяргалася фізычнаму гвалту, што ў яе няма нейкіх сурʼёзных траўмаў.

— Вы бачылі відэа, на якім адлюстравана затрыманьне Натальлі? Як вы можаце пракамэнтаваць?

— Так, бачыў. Што я магу сказаць — яно мяне не зьдзівіла. У яе ёсьць гонар і энэргія. Яна лёгкая на ўздым.

— Што вы можаце сказаць аб прадʼяўленым ёй абвінавачваньні? Ці лічыце вы яго справядлівым?

— Не, вядома. Гэта проста жах. Я думаю, гэта проста сыгнал астатнім: нават не думайце так сябе паводзіць, супраціўляцца.

— Вы бачылі калі-небудзь у Швайцарыі паліцэйскіх у балаклавах?

— Не ведаю, але думаю, што такое магчыма.

— Навошта, на вашую думку, беларускія сілавікі хаваюць свае твары?

— Каб абараніць сябе ад людзей? (Сьмяецца.) Далёка не ўсе ставяцца да іх як да сяброў.

— Што вы наогул думаеце пра Аляксандра Лукашэнку і беларускія пратэсты?

— Усе ведаюць, што ён дыктатар. Мы так гэта бачым. Я выступаю за дэмакратычныя каштоўнасьці. Я думаю, я спадзяюся, што яго час падыдзе да канца.

— Як вам дапамагаюць швайцарскія ўлады? Ці адчуваеце вы падтрымку яшчэ аднекуль?

— Сябры Нацыянальнай рады Швайцарыі арганізавалі акцыю ў яе падтрымку, склалі пэтыцыю. Адзін з міністраў зьвярнуўся да нашага міністра замежных спраў з просьбай умяшацца, але гэта ўсё толькі размовы.

— Ці будзе адвакат Натальлі абскарджваць прысуд?

— У мяне няма прамой сувязі з адвакатам, але я чуў, што ён зьбіраецца гэта зрабіць. Але я не думаю, што ў сыстэме, дзе наверсе такі дыктатар, як Лукашэнка, гэта спрацуе. Буду рады памыляцца.

— І ўсё ж, мне здаецца, вы настроены аптымістычна і разьлічваеце ўбачыць сваю жонку раней, чым праз два з паловай гады. Калі гэта ўдасца, адпусьціце вы яе зноў у Беларусь?

— (Сьмяецца.) Так, я спадзяюся ўбачыць яе раней. Можа быць, беларускі рэжым абрынецца, гэта магчыма. Можа быць, нам пашанцуе, і нашыя швайцарскія палітыкі змогуць зрабіць штосьці большае, чым проста заявы, перакрыюць Лукашэнка фінансавыя плыні або штосьці такога кшталту. Свабода вельмі важная для мяне, але калі ёй трэба будзе зноў паехаць… Нават не ведаю. Не ўпэўнены, што другі раз я зраблю гэтак жа і адпушчу яе.

Чытайце таксама: «У Швейцарыі ў яе было цудоўнае жыццё, але яна прыехала сюды». Хто такая Наталля Хершэ, якую адправілі ў турму за сарваную балаклаву

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?