Мікола Аўтуховіч — адна з самых яркіх постацяў грамадска-палітычнага жыцця Беларусі за апошнія пару дзесяцігоддзяў. У пачатку снежня 2020 яго разам з групай сяброў абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. «Наша Ніва» ўспамінае старонкі жыццяпісу гэтага чалавека.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Мікола Аўтуховіч нарадзіўся на праваслаўнае Раство (сам Аўтуховіч звязваў з гэтым фактам некаторыя містычныя падзеі ва ўласным жыцці) у 1963 годзе ў Ваўкавыску. Кажуць, што бацька быў кіроўцам, а маці спачатку працавала на хлебзаводзе, а потым — у школьнай сталоўцы. У Мікалая ёсць малодшая сястра.

Бацькі разышліся, калі дзеці яшчэ былі малымі. Вядома, што ні пра якую раскошу ў сям’і гаворкі не вялося. Як кажуць, выжывалі як маглі. «Гаварыць праўду і не праходзіць міма зла — я ўсе гады прытрымліваюся гэтых слоў. І ў дзяцінстве таксама, бо гадаваўся вуліцай, пакуль маці зарабляла грошы. Для хлопцаў з мясцовага шанхая ўменне адказваць за свае словы было галоўнай рысай характару», — казаў Аўтуховіч.

«З самага дзяцінства ўсе смяяліся з тых, хто размаўляў па-беларуску. Пасля кожнага лета ў бабулі я таксама доўга яшчэ размаўляў на беларускай мове, а ўсе сябры смяяліся… Вось якая была прапаганда ў СССР. І цяпер не лепшая», — яшчэ адзін дзіцячы ўспамін Аўтуховіча, пра які ён пісаў сябрам з турмы. У пачатку палітычнай дзейнасці Аўтуховіч не дужа задумваўся пра нацыянальнае, але падчас зняволення дайшоў да таго, што мова і нацыянальная свядомасць неабходныя для развіцця грамадства.

Аўтуховіч у дзіцячыя гады не адзначаўся нейкім там дысідэнцтвам, быў звычайным савецкім вучнем: піянерам, акцябронкам. Верыў савецкай прапагандзе. Павел Севярынец згадваў такі кранальны момант, як на прыёме ў пасла ЗША Аўтуховіч папросіць пакаштаваць цукеркі са стала, бо з малых гадоў быў перакананы, што амерыканцы іх робяць з нафты. «Смачна», — з усмешкай прамовіў Мікалай, разбурыўшы для сябе адзін з міфаў. Усе смяяліся.

Далей Аўтуховіч вучыўся ў ПТВ у Вялікай Бераставіцы на аўтамеханіка, а на жыццё зарабляў тым, што разгружаў вагоны. Кажуць, што выдатнікам у вучобе ніколі не быў, але адзначаўся сваёй упартасцю і мэтанакіраванасцю.

Служыць у войска адправілі ў расійскі Саратаў, кіроўцам у ракетнай частцы асаблівага прызначэння. Зрэшты, адтуль Мікола сам папрасіўся ў Афганістан, авантурная душа ваўкавысца патрабавала прыгод.

«Я тады не думаў, куды і навошта еду, што я там буду рабіць, каго там буду забіваць. Сказалі «трэба», і я паехаў. Цяпер, канечне, калі стаў больш дарослым, я зразумеў, што мы там не былі патрэбныя, што мы паехалі забіваць людзей, якія абаранялі сваю свабоду», — казаў Мікалай.

Ягоная мама, спадарыня Лілія, згадвала, што за два гады і тры месяцы, якія сын правёў у далёкай азіяцкай краіне, ён некалькі разоў прыязджаў у Беларусь у адпачынак, але ўмовай было дастаўленне целаў тых няшчасных, якія на вайне загінулі. За аперацыі, у тым ліку ахову моста пад Кандагарам, узнагароджаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі», а таксама ордэнам Чырвонай зоркі.

Калі вярнуўся ў Беларусь, то застаўся вайскоўцам, хутка ажаніўся з дзяўчынай Аленай. Упершыню яе ўбачыў, калі рабіў здымак для замежнага пашпарта ў Афганістан у ваўкавыскім салоне, але пазнаёміўся ўжо па вяртанні з вайны. У іх нарадзілася дачка Кацярына.

Набліжаліся няпростыя, але поўныя перспектыў 1990-я, тады Аўтуховіч і вырашыў, што хоча заняцца бізнэсам. Спачатку вазіў гародніну з Беларусі ў Расію на продаж, потым выкупіў старыя армейскія казармы, прывёў іх у боскі выгляд і стаў здаваць ахвотным. Але сапраўдны поспех і вядомасць у горадзе яму прынесла служба таксі 22222.

Недарагія і зручныя таксоўкі курсавалі па ўсім горадзе, гаражы былі адразу за домам Аўтуховіча. Сам Мікола казаў, што дзесяць гадоў жыў толькі працай, аддаваў ёй больш за 12 гадзін на суткі, не хадзіў у адпачынкі. Аўтуховіч успамінаў, што праблемы пачаліся, калі ў горадзе з’явіўся новы старшыня райвыканкама, які пачаў намякаць, што ў яго жонкі стары аўтамабіль і ад новага яна б не адмовілася. «Хочаце — зарабіце», — рэзка адказваў Мікола.

Пасля гэтага на Аўтуховіча насылаюцца праверка за праверкай, яго проста абсыпаюць штрафамі. У 2004 годзе Мікола вырашыў балатавацца ў парламент. Тады яшчэ існавала незалежная сацыялогія, яна засведчыла перамогу папулярнага прадпрымальніка яшчэ ў першым туры, але ў лукашэнкаўскай Беларусі такога быць не магло, а дэпутатам стала дырэктарка гімназіі Тамара Навасад.

Пасля таго, як Аўтуховіч кінуў пальчатку раённай вертыкалі, прэсаванне толькі ўзмацнілася. Мікола даслаў у Камітэт па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю звесткі пра карумпаванасць ваўкавыскіх падаткавікоў, але вынікаў гэта не мела. Аўтуховіч пайшоў на жэст адчаю і абвясціў галадоўку — у той час ён яшчэ не меў асаблівых праблем са здароўем, таму некалькі тыдняў без ежы яму даліся адносна проста. Зрэшты, потым галадаць давядзецца нашмат часцей і з большымі рызыкамі для жыцця.

У выніку на яго такі завялі крымінальную справу за нясплату падаткаў у асабліва буйным памеры, а таксама працу без ліцэнзіі. Следчы ДФР Мікалай Аліхвер, які займаўся гэтай справай, праз колькі гадоў паспяхова перабраўся ў на поўдзень ЗША, у сонечную Атланту.

Аўтуховіча ж змяшчаюць у СІЗА. Ён адразу пачынае рэкордную галадоўку, якая доўжыцца 74 дні. Следчыя палохаюцца, што чалавек гатовы сапраўды памерці і адпраўляюць яго пад хатні арышт. За гэтыя дні Мікола згубіў 40 кілаграмаў вагі.

З дачкой пасля галадоўкі.

З дачкой пасля галадоўкі.

9 лютага 2006 года мусіў пачацца суд па крымінальнай справе, але Аўтуховіч уцёк з-пад варты. Прычым, як гаварылася ў міліцэйскай арыенціроўцы, у прадпрымальніка з сабой была зброя. Яго адшукалі толькі праз два месяцы, проста на мінскай вуліцы. Падполле можа быць і такім.

Зноў турма, зноў галадоўкі. У выніку Аўтуховіча асудзілі да 3,5 года зняволення. Прычым канфіскавалі палову таксовак, кватэру, два склады. На волю прадпрымальнік выйшаў усё ж значна хутчэй, зімой 2008 года, дапамог той ціск, які на рэжым аказвалі Еўрасаюз і ЗША.

Праўда, літаральна праз год Аўтуховіч апынаецца яшчэ раз за кратамі. На гэты раз абвінавачанне гучыць зусім фантастычна — падрыхтоўка тэракта. Многія праваабаронцы і палітыкі тады шапталіся, што радыкальны жыхар Ваўкавыска сапраўды здольны на такое, таму не спяшаліся прызнаваць яго палітвязнем.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Гаварылася, што Аўтуховіч рыхтаваў замахі на намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і старшыню Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанку, а таксама здзейсніў падпалы маёмасці начальніка Ваўкавыскага РУУС Кацубы і падаткавага інспектара Мандзіка. У справе нават выплыў гранатамёт, які знайшлі дзесьці ў Ваўкавыску. Пракурор Эльдар Сафараў (сёлета ён звольніўся з органаў па палітычных прычынах — «НН») прасіў прысудзіць Міколу 20 гадоў. Але абвінавачванне развалілася ўшчэнт, Аўтуховіча пакаралі толькі за пяць знойдзеных дома патронаў ад вінтоўкі — але ажно на 5 гадоў і 2 месяцы турмы.

Новае зняволенне — на гэты раз ад свістка да свістка. На волю Аўтуховіч выйшаў толькі ў красавіку 2014 года з гродзенскай турмы. Лёгкім зняволенне назваць было немагчыма, сам ён называў свае пасланні з турмаў «лістамі з пекла», а каб хоць неяк палепшыць умовы адбыцця пакарання, нават ускрываў сабе жывот.

Па вызваленні з гродзенскай турмы, фота Сяргея Гудзіліна.

Па вызваленні з гродзенскай турмы, фота Сяргея Гудзіліна.

Па вызваленні Аўтуховіч аднавіў аўтамабільны бізнэс — цяпер ужо не таксі, а лагістычны. Гэта давала сродкі на жыццё.

Адначасова з тым на нейкі час ён аказаўся ўцягнуты ў структуры апазіцыі, разам з Вячаславам Сіўчыкам стварыў рух «Разам», але вельмі хутка расчараваўся ў гэтай дзейнасці. Дапамагаў школьніку Данату Скакуну, якога асудзілі на 8 гадоў калоніі за замах на настаўніцу рускай мовы.

Аўтуховіч выстаўляў ультыматум Лукашэнку, але гэта, хутчэй, успрымалася з усмешкай. Ён казаў, што самая важная якасць, якой павінны навучыцца беларусы, — гэта канспірацыя.

А потым Мікола ўвогуле знік. Амаль усе былі ўпэўненыя, што ў мэтах бяспекі ён усё ж з’ехаў за мяжу, хаця раней і казаў: «Мне гэта нецікава».

Фота Ірыны Арахоўскай

Фота Ірыны Арахоўскай

Не, Аўтуховіч застаўся верным сабе і сышоў у глыбокае падполле, але Беларусь не пакідаў. Большую частку часу ён праводзіў у Брэсце ў гасцях у Любові Разановіч, якая калісьці мела сваю фірму таксі, а таксама ў яе мужа, бацюшкі Сяргея Разановіча. Цяпер яны і іх сын Павел, які працаваў у адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, таксама праходзяць па крымінальнай справе за тэрарызм. Які ж кульбіт цяпер вырабіць лёс Аўтуховіча?

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?