25.05.2009 / 12:36

Проста кантракт такі 9

Даследаванне Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў і сацыялагічнай лабараторыі «Новак» ламае стэрэатып пра беларусаў як пра нейкую асаблівую нацыю «лагодных» і «памяркоўных». Піша Сяргей Мікулевіч.

Падсавецкі кіраўнік Венгрыі Янаш Кадар збудаваў у сацыялістычнай Венгрыі «гуляшны сацыялізм». Улады гарантавалі кожнаму венгру чарку і скварку, г.зн. такай і гуляш. Адзінай умовай нармальнага існавання было прыманне сацыялістычных правілаў гульні: сядзі ціха, не пратэстуй, а прыстасоўвайся.

Ці існуе ў Беларусі падобная няпісаная дамова між уладай і грамадствам? І ў абмен на што беларусы «прадаюць» сваю лаяльнасць? Эксперты Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў сумесна з сацыялагічнай лабараторыяй «Новак» падрыхтавалі даследаванне «Прырода сацыяльнага кантракту ў сучаснай Беларусі: крыніцы палітычнай стабільнасці, прастора для пераменаў».

Калі параўноўваць пачатковы перыяд кіравання лукашэнкаўцаў з сённяшнім днём, заўважна, як змянілася група падтрымкі ўлады і матывацыя гэтай падтрымкі. На змену эмацыйнаму захапленню харызматычным кіраўніком, які абяцае перамагчы карупцыю і навесці парадак, прыйшло падпарадкаванне ў абмен на пэўныя выгоды, якія прадастаўляе ўлада. Такая з’ява мае назву сацыяльнага кантракту. На падтрыманні бакамі ўмоваў і грунтуецца беларуская «стабільнасць».

Сацыяльны кантракт сітуатыўны. Ён моцна залежыць ад эканамічнай і палітычнай сітуацыі, бо ёю вымяраецца як узровень дабротаў, якія ў стане прапанаваць улада, так і ўзровень свабодаў, якія яна можа дапусціць. Напрыклад, у пачатку 2009 г. улада змяніла ўмовы кантракту: прапанавала грамадству захоўваць лаяльнасць пры атрыманні на 20% меншага заробку.

Умовы сацыяльнага кантракту свае для кожнай групы насельніцтва. Эксперты вызначылі пяць асноўных такіх групаў, аналізуючы інтэрпрэтацыі ў галоўнай дзяржаўнай газеце «Советская Белоруссия» новых нарматыўна‑прававых актаў. У большасці выпадкаў пасланне скіроўваецца да чыноўнікаў, бізнэсоўцаў, найманых работнікаў, моладзі і насельнікаў сельскіх тэрыторыяў (малых гарадоў, аграгарадкоў, сельскай мясцовасці).

Чаго хоча моладзь

А чаго сённяшняя беларуская моладзь хоча? Эксперты высвятлялі гэта, задаючы пытанне «Што ў вас будзе праз 10 гадоў?» Па выніках адказаў акрэсліліся пяць асноўных падыходаў да жыцця.

Прыхільнікаў першага можна назваць «самарэалізатарамі». Іх жыццёвыя прыярытэты — дасягненне прафесіяналізму ў сваёй сферы, кіраўнічая пасада, рэалізацыя творчых і чалавечых магчымасцяў.

Наступная група — «паспяховыя». Для іх важныя вонкавыя атрыбуты таго, што «жыццё ўдалося»: кар’ера, катэдж за горадам, высокі заробак.

Для «палітыкаў» галоўнае — заваёва вядомасці і аўтарытэту, у тым ліку ў грамадскай дзейнасці.

Чацвёртая група, «прадпрымальнікі», жадаюць мець уласны бізнэс. І абавязкова — у вялікім горадзе або за мяжой. Ні ў якім разе не ў сельскай мясцовасці на радзіме.

І апошняя група — «мінімалісты». Іх вабіць праца па спецыяльнасці і шчаслівае сямейнае жыццё.

Першыя дзве групы найбольшыя колькасна. «Палітыкаў» — найменш, усяго каля 10% ад апытаных.

Па сярэдніх значэннях стаўлення да прапанаваных пяці сцэнароў жыцця ўся маса моладзі падзяляецца яшчэ на «актывістаў» (53%) і «летуценнікаў» (47%). Актывісты разлічваюць на ўласныя сілы ў забеспячэнні свайго будучага дабрабыту, летуценнікі схільныя шукаць дзяржаўнай падтрымкі. Сярод апошніх 46% апытаных (каля 22% ад усёй апытанай моладзі) згодныя, што прымусовае размеркаванне лепш, чым няпэўнасць у пытанні працаўладкавання. Істотны момант: актывісты імкнуцца не ангажавацца ў «палітыку», бо гэта можа перашкодзіць у дасягненні жыццёвых мэтаў.

Бізнэс: пратэст нерацыянальны

Да тае самае думкі схіляецца сёння і бізнэс. Сацыяльны кантракт улады з бізнэс‑коламі можна назваць «вертыкальным». Улада ўверсе, бізнэс — унізе. Бізнэсоўцы скардзяцца на абмежаваныя магчымасці для дыялогу з уладай, зменлівыя правілы гульні, калі лукашэнкаўцы могуць забіраць і пераразмяркоўваць правы, ствараючы больш спрыяльныя ўмовы для набліжаных бізнэсоўцаў.

Але ў наяўнай сітуацыі бізнэс‑колы бачаць і шэраг плюсаў. Напрыклад, пэўная закрытасць эканомікі, якая забяспечвае ніжэйшую канкурэнцыю, «адкаты» меншыя, чым у суседзяў, і ўвогуле ніжэйшая карупцыя.

Бізнэсоўцы рэдка ўжываюць пратэстныя меры. Яны найбольш сярод усіх апытаных групаў насельніцтва схільныя вырашаць пытанні з уладай шляхам лабіравання інтарэсаў праз асабістыя кантакты або зварот у суд. «Дзяржава робіць усё, каб прадпрымальнікі не ўдзельнічалі ў палітыцы, — канстатавалі апытаныя. — Прыбыткі ад бізнэсу перавышаюць магчымыя вытраты ад барацьбы з дзяржавай». Сярод прадстаўнікоў бізнэс‑колаў — найбольшы працэнт ахвотных з’ехаць з краіны (каля 30%).

Пенсіянеры скрадзяцца, але церпяць

Калі прааналізаваць агульную колькасць людзей, згодных на сацыяльны кантракт, выявіцца, што палову з іх складаюць беспрацоўныя пенсіянеры.

Пенсіянеры характарызуюцца ніжэйшым узроўнем чаканняў ад дзяржавы. Як вынікае з даследавання, гэтай патэрналісцка арыентаванай групе даспадобы тое, што ўлада забяспечвае палітычную стабільнасць, абарону ад крыміналу, бясплатную медыцыну, законнасць.

Яны нашмат менш задаволеныя якасцю медабслугоўвання, памерамі пенсіяў, наяўнымі льготамі, чым астатнія катэгорыі насельніцтва, але трываюць і згодныя на працяг кантракту.

Пенсіянеры лічаць, што дзяржава клапоціцца пра іх. Тады як усе астатнія так не думаюць. Паводле апытання на тэму, якія сацыяльныя групы найлепш падтрыманыя дзяржавай, на першыя месцы трапілі чыноўнікі (гэтак лічаць 55,8% апытаных), міліцыя, спецслужбы і АМОН (50,8%), вайскоўцы (35,7%), спартоўцы (17,2%).

У цэлым задаволенасць пенсіянераў сацыяльным кантрактам вышэйшая, чым у іншых групаў насельніцтва. Пенсіянеры рэдка пратэстуюць у выпадку незадавальнення. Пашыраная сярод іх форма змагання — скаргі ў дзяржаўныя органы.

Наступная табліца паказвае, як звязаныя прыбытак і схільнасць да сацыяльнага кантракту:

(СК — група сацыяльнага кантракту, НВ — тыя, хто не вызначыўся, АД — тыя, хто адмаўляе, БП — беспрацоўныя пенсіянеры).

Досыць вялікая колькасць людзей не прымае сацыяльнага кантракту. Але нават яго разрыў не абазначае сыход у актыўную пратэстную групу.

У наступнай табліцы паказана стаўленне апытаных да ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.

Як бачым, 23% апытаных лічаць, што ўдзельнікам акцыяў пратэсту плацяць грошы. Пашыранасць такога меркавання тлумачыцца тым, што людзі, якія ўдзельнічаюць у дзяржаўных мерапрыемствах — афіцыйных дэманстрацыях, арганізаваных паходах на хакей, — атрымліваюць бонусы ў выглядзе адгулаў, прэміяў і г.д., кажуць эксперты.

Што ж застаецца ў выпадку непрымання сацыяльнага кантракту і нежадання ўдзельнічаць у акцыях пратэсту? Сацыёлагі называюць гэты трэці шлях выхадам. Выхад можа набываць розныя формы: эміграцыя, пераход з дзяржаўнай працы ў прыватную фірму, нават алкагольнае забыццё. Цікава, што група незадаволеных з’яўляецца найбольш сацыяльна пасіўнай. Яна арыентаваная на выхад у любой форме, а не на пратэст. Большасць тых, хто па‑за гульнёй дзяржавы, мысляць сябе і па‑за краінай. Замена пратэсту на выхад выгадная ўла¬дзе, бо зніжае градус грамадскага напружання. «Спецыфіка сацыяльнага кантракту ў Беларусі — увесь негатыў, які можа перайсці ў голас, пераходзіць у выхад», — кажа дырэктар BISS Віталь Сіліцкі.

Ён адзначае таксама, што парог выхаду з сацыяльнага кантракту ў Беларусі досыць высокі. Дазволіць гэта могуць нямногія: тыя, хто ад пачатку не ідзе на дзяржаўную працу і ў стане забяспечыць сабе нармальны прыбытак па‑за дзяржаўнай сферай.

У наступнай табліцы бачна: чым старэйшае пакаленне, тым больш яно завязанае на сацыяльны кантракт.

Наша даследаванне ламае стэрэатып пра беларусаў як пра нейкую асаблівую нацыю «лагодных» і «памяркоўных» людзей. Любы народ дакладна гэтак сама прыстасоўваўся б да такіх умоваў», — кажа Віталь Сіліцкі.

Цікава, што, падпарадкоўваючыся патрабаванням улады, беларусы моцна не разлічваюць на яе помач у пытаннях іх асабістага дабрабыту, адукацыі, занятасці. Людзі лічаць, што ў гэтых пытаннях мусяць разлічваць выключна на сябе. Што дае падставы назваць беларусаў пад уладай Лукашэнкі «нацыяй побытавых індывідуалістаў».

Сяргей Мікулевіч

0
Адлеглы / Адказаць
25.05.2009 / 12:49
Калі да ўмоў «кантракта» (адказнасьці за выкананьне якога другі бок на сябе ніколі не бярэ) Вас прымушаюць з дапамогай гвалта і пагроз, гэта больш падобна не на «кантракт» - а на рэкет і ўзяцьцё ў закладнікі, ці можа я памыляюся?.. Так можна і палон, рабства ці прыгон назваць «кантрактам».
0
магадан адлегламу / Адказаць
25.05.2009 / 13:25
Мне здаецца, што гэта таксама кантракт. Звярніце ўвагу - там таксама кажуць і пра прыцісканне палітычных правоў, людзі згаджаюцца, каб іх прымушалі да кантракту пагрозамі, гвалтам і т.д. Гэты гвалт і пагрозы і ёсць часткаю кантракту, бо без яго не будзе стабільнасці, дзеля якой ідуць на саступкі грамадзяне. Так, Адлеглы, прыгон таксама быў часткаю кантракту. Узгадай кніжкі па гісторыі за 1861 год. Усе спадзяваліся на стабільнасць і на цара. Але Сіліцкі робіць падсумаванне:"Любы народ дакладна гэтак сама прыстасоўваўся б да такіх умоваў», — кажа Віталь Сіліцкі. І гэта праўда. Дыктатуры ў любых краінах падобныя. Напрыклад - Усх Нямеччына -альбо часы Гітлера.
0
Чубрык / Адказаць
25.05.2009 / 14:03
2 Адлеглы: Насамрэч, праблема дасьледчыкаў палягала й дагэтуль палягае ў тым, што сарод іх (прабачце, сярод нас :)) няма кансэнсусу наконт азначэньня кантракту. Але магу прапанаваць такое (аўтарка - Марына Б.): "Сацыяльны кантракт – мадэль адносінаў паміж дзяржавай і сацыяльным агентам, якая спалучае ўстойлівыя чаканьні агенту наконт дабротаў, якія дзяржава прапануе яму ў замен на лаяльнасьць, і ягоных выдаткаў ад нелаяльнасьці да дзяржавы" Элементы кантракту - лаяльнасьць, выйсьце й голас. Тлумачу: Дзяржава (Дз.) з аднаго боку й індывід (Н.) з другога дамовіліся пра наступнае: 1.Узамен на лаяльнасьць, Дз. прапануе Н. наступныя даброты: (пералік). 2.Калі згаданыя даброты недастатковыя для Н., каб ён быў лаяльным, тады: 2.1. Н. можа папрасіць большых (іншых) дабротаў: 2.1.1. Праз "плошчу" 2.1.2. Праз суд 2.1.2. Праз "кнігу скаргаў" і да т.п. 2.2. Н. можа зарабіць патрэбныя даброты сам: 2.2.1. У прыватным сэктары 2.2.2. За мяжой 2.2.3. Праз крадзяжы й да т.п. 3. Калі Н. выбірае "голас" (п. 2.1.), то Дз. выстаўляе супраць яго наступныя санкцыі: 3.1.1. Пастарунак, зьбіцьцё й да т.п. 3.1.2. Звальненьне, выключэньне з навуч. установы й да т.п. 3.1.3. Іншыя санкцыі 4. Калі Н. выбірае "выйсьце" (п. 2.2.), то Дз. адмаўляецца ад патрабаваньня лаяльнасьці. Подпісы: Дз. Н. Троху зразумела? :)
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру