25.05.2009 / 12:50

У паўкроку ад культуры спажывання 6

Ініцыятыву ўладаў увесці адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне піва і алкагольных напояў у грамадскіх месцах можна толькі вітаць. Піша Сямён Печанко.

photo.bymedia.net

Ініцыятыву ўладаў увесці адміністрацыйную адказнасць за ўжыванне піва і алкагольных напояў у грамадскіх месцах можна толькі вітаць. Але адкрытым застаецца пытанне, ці гатовая нашая інфраструктура адпачынку прыняць у сябе ўсіх тых, хто аддае перавагу адпачынку з півам на вуліцы.

Доўгачаканы канец піўных сезонаў

У хуткім часе, калі ўлады давядуць да лагічнага канца сваю ініцыятыву, смак выпітага ў грамадскім месцы піва ўзбагаціцца горыччу адміністрацыйнай адказнасці. Парламент мае разгледзець унесеныя кіраўніком краіны папраўкі, згодна з якімі ў Беларусі плануецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць і за распіццё піва ў грамадскіх месцах. Сённяшняя рэдакцыя Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за ўжыванне толькі алкагольных напояў на вуліцах, стадыёнах, у скверах, парках, грамадскім транспарце ці другіх грамадскіх месцах, апроч спецыяльна вызначаных для ўжывання алкагольных напояў.

Калі раней ужыванне піва на вуліцы не каралася рублём, то ў выпадку, калі папраўкі прыжывуцца ў законе, задавальненне стане досыць дарагім — прапанаваны памер штрафу сягае да 280 тысяч рублёў (каля $100).

Ініцыятыву ўладаў можна вітаць. Каб зразумець, як шмат у нас п’юць проста на вуліцах, варта хоць аднойчы выбрацца на Захад. І не абавязкова далёка — досыць будзе Літвы ці Польшчы. Вярнуўшыся адтуль, цяжка будзе пазбавіцца ўражання, што ў Беларусі адбываецца перманентнае агульнанацыянальнае свята: ужо на галоўным чыгуначным вакзале краіны на вочы пачнуць трапляцца маладыя і не вельмі людзі з пляшкамі піва, а то і чаго мацнейшага. Тое самае, а мо і ў большай ступені, можна назіраць у спальных раёнах.

«Мне сорамна, а часам і страшна выходзіць з маленькімі дзеткамі на вуліцу, бо там я выглядаю, як з іншай планеты, — не п’ю піва, не лаюся матам, не кідаю пакетаў пад ногі», — наракае маладая мама.

Даўно не дзіва чалавек з півам у грамадскім транспарце, нават у метро. Нічога дзіўнага: у Мінску катастрафічна бракуе кавярняў і бараў. Дый у тых барах піва «каштуе, як у Чэхіі, а на смак, як … у нас», — скардзіцца студэнт.

«У Польшчы мы таксама да гэтага не адразу прывыклі»

Першы крок амаль зроблены, застаецца дачакацца моманту, калі новаўвядзенне запрацуе напоўніцу. Рабіць прагнозы, што з гэтага выйдзе, — справа няўдзячная, але можна звярнуцца да прыкладаў нашых суседзяў.

У Літве і Польшчы забарона на ўжыванне алкаголю ў грамадскіх месцах, у тым ліку піва, замацаваная на заканадаўчым узроўні. Тую забарону далёка не кожны паляк успрыняў з захапленнем. Аўтару гэтых радкоў давялося патрапіць у Кракаў у 2005 годзе. Тады яшчэ можна было пабачыць на беразе Віслы купкі маладзёнаў, якія, азіраючыся, папівалі піва ды скардзіліся на паліцыянтаў, што прымушалі іх ісці ў кавярню. Гучалі і знаёмыя нашаму вуху скаргі на тое, што ў бары піва куды даражэйшае, чым у краме. Але новаўвядзенне справакавала бум у сферы абслугоўвання — кавярні і бары раслі, як грыбы пасля дажджу. Цяпер, наведваючы Польшчу, усё менш даводзіцца чуць нараканні аматараў піва на «бесчалавечную ўладу». Паходы ў кавярню, замест адрэналінавага сядзення з пляшкай у парку, зрабіліся нормай. Самым незгаворлівым культуру спажывання прышчапілі з дапамогай істотных штрафаў.

У Латвіі і Эстоніі, у Расіі піва можна ўжываць толькі ў спецыяльна абсталяваных побач з кропкамі рэалізацыі месцах, а таксама з пляшак, схаваных у тканіну ці паперу.

Вярхоўная Рада Украіны сёлета прыняла ў першым чытанні законапраект, які мае забараніць продаж піва і слабаалкагольных напояў непаўналетнім, а таксама прыраўняе іх да алкагольных напояў, што аўтаматычна пацягне за сабой забарону ўжывання іх у грамадскіх месцах.

Цікавым падаецца вопыт не такой ужо і далёкай ад нас Швецыі, дзе антыалкагольная кампанія мае агульнанацыянальны характар і традыцыі, якія вымяраюцца не адным стагоддзем. Моцнае спіртное тут прадаецца толькі ў спецыялізаваных крамах, колькасць якіх абмежаваная, як і працягласць працоўнага дня гэтых установаў. У астатніх крамах прадаецца піва, утрыманне спірту ў якім не перавышае 3,5 градусы, нават портэр.

Што дапаможа нам

Запачаткаваўшы сумнеўную традыцыю масавых гульбішчаў з абавязковым алкаголем на разліў на вольным паветры, якая затым перарасла ў звычку штодзённую, улада проста абавязаная выпраўляць сітуацыю не толькі адно адміністрацыйнымі мерамі.

Вопыт нашых суседзяў сведчыць, што кампаніям па выцясненні піва з вуліцаў папярэднічала бурлівае развіццё сферы адпачынку, а дзе‑нідзе, як у той жа Польшчы, вымушаны сыход з вуліцаў вялікай часткі спажыўцоў справакаваў дадатковы штуршок у гэтым сектары. Сітуацыя ў Беларусі істотна адрозніваецца нават ад суседняй Украіны, дзе даўно ўжо не стаіць праблема з пошукам месца адпачынку.

Адзін з уладальнікаў мінскага паб‑клубу «Графіці» Мікалай Маторын аптымістычны: «Цяпер можна казаць пра хвалю ў гэтай сферы — у хуткім часе ў сталіцы з’явіцца вялікая колькасць кавярняў». Ён упэўнены, што адчыніць сваю кавярню ці бар — цалкам вырашальная задача: «Галоўнае, каб было жаданне. Мы ж адчыніліся».

Сямён Печанко

0
DXM / Адказаць
25.05.2009 / 21:35
хыба камусьці трэба наведаць праўдзівы захад, а не дзікую польшчу. У Бэрліне, Празе ці Барсэлоне немажліва нават падумаць аб забароне піцця піва на вуліцах, гэта тупасць ультракаталіцкіх краін. Нармальны чалавек з мазгамі ў галаве ў жыццю не пайдзе у сонечны дзень у бар, калі можна культуральна выпіць на вуліцы.
0
СП / Адказаць
26.05.2009 / 01:07
хыба камусьці трэба наведаць праўдзівы захад У Празе і Барсэлоне ня быў. Але гаворка не пра забарону піць на вуліцы ўвогуле, а пра піва на лавачках і каля пад'ездаў, на дзіцячых пляцоўках і ў транспарце. Не бачыў у Бэрліне, каб у транспарце там нехта піў піва, хіба глыбокай ноччу. Тое самае і ў Стакгольме. Я толькі за, каб і ў нас хутчэй разьвівалася цывілізаваная інфраструктура адпачынку -- зь летнімі кавярнямі ў сэзон, з утульнымі барамі і кавярнямі цягам году.
0
Pilecki 2 DXM / Адказаць
26.05.2009 / 09:46
У "дзікай Польшчы" жыву ўжо даўно і лічу, што Беларусь нашмат дзічэйшая. А што да забароны ўжываць на вуліцах піва, то тое дакладна плюс. У Празе, дарэчы, нядаўна таксама забаранілі. Пакуль толькі ў гістарычным цэнтры. Але сустрэць там чалавека з пляшкай піва ў руцэ можна даволі рэдка. А ў нармальнасьці людзей, якія сядзяць летам у беларускіх парках ды п'юць, я моцна сумняваюся. У іх або няма грошай, або мазгоў ў галаве. Праўда, гэта паняцьці ўзаемазвязаныя.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру