Уладальнікі кіёскаў і павільёнаў гатовы перайсці на продаж выключна беларускага піва, паведамляе РГА «Перспектыва» ў сваім звароце на імя Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы заклікаем вас, Аляксандр Рыгоравіч, Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў і абласныя выканаўчыя камітэты падтрымаць антыкрызісную ініцыятыву РГА «Перспектыва» ў частцы дазволу гандлю півам выключна беларускай вытворчасці ў кіёсках і павільёнах», — гаворыцца ў звароце.

Па ацэнцы РГА «Перспектыва», продаж беларускіх напояў у кіёсках ва ўмовах крызісу выгадны для эканомікі Беларусі ў цэлым.

«Мы хочам працаваць у пары з беларускімі вытворцамі, — заяўляюць у грамадскім аб’яднанні. — Такім чынам, мы гатовы выказаць не толькі слоўную, але і практычную салідарнасць з беларускімі вытворцамі». На думку РГА «Перспектыва», гэта «будзе садзейнічаць паляпшэнню плацежнага балансу».

Цяпер «у кіёсках практычна па ўсёй краіне забараняецца гандаль півам і слабаалкагольнымі напоямі. Ва ўмовах высокіх рызык беспрацоўя мясцовыя чыноўнікі гатовы выкінуць на вуліцу або наогул з краіны тысячы эканамічна актыўных беларусаў».

Як лічаць у РГА «Перспектыва», забарона драбнарознічнага гандлю ў частцы гандлю півам яшчэ больш ускладніць цяжкае становішча мясцовых бюджэтаў. Па выніках першага квартала 2009 года паступленні ў абласныя бюджэты скарацілася на 25—40%, паведамляе БелаПАН.

Зварот з’явіўся своечасова — на мінулым тыдні Камітэт дзяржкантролю вырашыў «навесці парадак» у механізме рэалізацыі імпартанаг піва аўчыннымі прапрыемствамі, а таксама звярнуў увагу міністэрстваў на невыкананне праграмы па развіццю піваварства і спад экспарту беларускага піва ў 2009 годзе.

Аднак на планах прадпрымальнікаў можа паставіць крыж увядзенне адміністрацыйнай адказнасці за спажыванне піва ў грамадскіх месцах. Большасць павільёнаў і шапікаў знаходзяцца на вуліцах, у людных месцах, а пакупнікамі з’яўляюцца у асноўным маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Забарона распівання піва на вуліцы можа істотна знізіць колькасць пакупнікоў і негатыўна адбіцца на даходах дробных гандляроў.

ІЖ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0