За апошні месяц жыццё Людмілы Самусенкі кардынальна змянілася. Сустрэчы з адвакатам, перадачы… Абодва яе сыны — Кім і Аляксей — сталі палізняволенымі. Малодшага падазраюць ва ўзломе камп’ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама. Пра сыноў, іх сем’і, захапленне паляваннем і гістарычнай рэканструкцыяй маці расказала «Нашай Ніве».

Людміла з Кімам на Дні волі-2018.

Людміла з Кімам на Дні волі-2018.

Выпускнікі беларускамоўнай гімназіі, пераможцы алімпіяды

«Я не магу займацца сваімі справамі — займаюся справамі сыноў. Але я ведаю, што гэта будзе нядоўга цягнуцца, усё будзе добра. Вельмі шмат побытавых пытанняў. У малодшага Кіма кватэра засталася без нагляду — пасля вобшуку, ведаеце, што там робіцца? Толькі хвароба, каранавірус, мяне прымусіла хоць неяк заняцца сабой. А то былі дні, калі не хапала нават часу паесці», — дзеліцца Людміла.

Яна хатняя гаспадыня, муж — энергетык. 31-гадовы Кім і 32-гадовы Аляксей — іх сыны. Сям’я жыла ў Мінску, хлопцы вучыліся ў беларускамоўнай гімназіі №4. Маці было прынцыпова выхаваць сыноў сапраўднымі беларусамі.

Аляксей Самусенка

Аляксей Самусенка

Пасля школы хлопцы пайшлі на эканамістаў.

«Эканамічная адукацыя вучыць на ўсё глядзець праз прызму логікі. Гэта тыя веды, якія дазваляюць бачыць тое, што навокал робіцца, як сістэму, — тлумачыць маці выбар спецыяльнасці. — І адзін, і другі ўдзельнічалі ў эканамічнай алімпіядзе. Старэйшы два гады выйграваў рэспубліку, а малодшы, калі пачаў удзельнічаць, выйграў толькі першы тур — потым алімпіяду адмянілі».

Аляксей працаваў у сетцы фірм, якая займаецца вырабамі з пластыку. Кім да нядаўняга часу ўзначальваў аддзел кіберспорту пры футбольным клубе. З праграмаваннем хлопец не звязаны — падумаў проста, што беларускі кіберспорт слаба прадстаўлены і варта яго развіваць. Але пазней праз каранавірус гэты кірунак закрылі, і Кім застаўся без працы.

Малодшы сын у верасні згуляў вяселле, дачцэ сем месяцаў

З дзяцінства сям’я шмат вандравала па Беларусі. У 2006 годзе яны заснавалі клуб гістарычнай рэканструкцыі.

«Нас цікавіць, як жылі людзі ў горадзе ў Францыі XIV стагоддзя. На той момант, калі мы пачыналі займацца рэканструкцыяй, гэты час быў менш за ўсё вывучаны. Мы не ўдзельнічаем у бітвах, нас больш цікавіць побыт — вопратка, кулінарыя. Мы вывучаем дакументы, тэхналогію вырабу рэчаў, ездзім па фестывалях».

На адным з фэстаў

На адным з фэстаў

Іншае сямейнае хобі — паляванне. Сыны з бацькам прывозілі з палёў і лясоў качак, зайцаў, дзікоў.

«Вельмі смачна гатаваць мяса дзіка з брусніцамі. А качку — вымачваць у расоле з-пад агуркоў ці памідораў. Калі рабіць катлеты з дзічыны, добра дадаваць бульбу, прапушчаную праз мясарубку, тады катлеты будуць сочныя, — дзеліцца Людміла кулінарнымі сакрэтамі. — Але ў хлапцоў не вельмі часта атрымлівалася ездзіць на паляванне, працы хапала».

Браты паспелі стварыць свае сем’і. Сыну Аляксея чатыры гады, Кімавай дачцэ — толькі сем месяцаў.

«Малодшы адсвяткаваў зусім нядаўна вяселле. Усё адкладалі — то нявестка дысертацыю бараніла, то кавід. Таму толькі ў канцы верасня згулялі. Тыя грошы, якія забралі пры вобшуку, былі падораныя — сын меўся пагасіць крэдыт, які браў на вяселле», — расказвае маці.

Жонка Кіма — украінка. Яны пазнаёміліся ў Кіеве, калі хлопец вазіў туды сваіх спартоўцаў на спаборніцтвы. Нядаўна жонка была вымушана вярнуцца да бацькоў — у Беларусі яна адчувала сябе ў небяспецы.

Стральба ў кватэры і канфіскацыя рэканструктарскіх шабляў

«Хлопцы заўсёды цікавіліся тым, што адбываецца ў грамадстве. Мужчына не будзе мужчынам, калі ён будзе да гэтага абыякавы. Старэйшы сын ніколі не ўдзельнічаў у палітычным жыцці да гэтага года. Мы з Кімам былі больш актыўныя — з’яўляемся заснавальнікамі праваабаронча-асветніцкага аб’яднання «Дзея», — распавядае маці.

У пікетах па зборы подпісаў хлопцы не ўдзельнічалі. Чаму імі зацікавіліся органы, для Людмілы самой загадка.

Да яе прыйшлі з вобшукам 3 лістапада — шукалі Кімавы рэчы. У кватэру ўвайшлі са стралянінай.

«Напэўна, яны спужаліся нашага сабакі — ён даволі вялікі. Стралялі халастымі, ніхто не пацярпеў. Калі муж выскокваў у калідор, каб паглядзець, што адбываецца, яго сустрэлі на парозе і паклалі на зямлю», — апісвае тыя падзеі Людміла.

Падчас вобшуку, па яе словах, нічога не забралі.

У той жа дзень прыйшлі на здымную кватэру да Кіма — ён жыў у суседнім доме.

«Ведаю, што прымянялі сілу, бо сыну прыйшло паведамленне са Следчага камітэта, што яны разглядаюць абставіны затрымання. Грошы канфіскавалі, тэхніку, зброю для палявання (яна зарэгістраваная), мячы і шаблі (рэквізіт клуба рэканструкцыі). Забралі бронекамізэльку і каску для гульні ў страйкбол.

Забралі таксама тэхніку яго і нявесткі — яна павінна была ўдзельнічаць у канферэнцыі, але не змагла, таму што ўсе матэрыялы засталіся на ноўтбуку».

Праз два дні з вобшукам прыехалі да Аляксея. Забралі тэхніку і страйкбольныя прылады.

Следчы камітэт заявіў, што Кім нібыта датычны да ўзлому камп’ютарнай сістэмы Мінгарвыкама і актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Яго затрымалі па ч. 2. арт. 349 Крымінальнага кодэкса (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены групай асоб па папярэдняй змове) і ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па артыкуле 342 праходзіць і Аляксей.

Затрымалі таксама двух прыяцеляў Кіма са двара — Івана Андрушойця і Паўла Дразда.

Цяпер браты на Валадарцы.

«Там, вядома, не дом адпачынку, але паколькі яны натрэніраваныя — на паляванні і фестывалях вучышся абыходзіцца мінімальнымі сродкамі выжывання, — спакойна прымаюць тыя ўмовы, у якіх цяпер знаходзяцца. На дрэннае абыходжанне не скардзяцца. Мы, беларусы, да ўсяго прыстасоўваемся».

Што адчувае маці, калі абодва яе сыны за кратамі?

«Ёсць такі твор «Раскіданае гняздо», болей нічога не магу сказаць, — уздыхае Людміла. — Я вельмі паважаю сваіх сыноў, ганаруся імі. Яны пішуць мне лісты. Вядома, іх цікавіць, што тут адбываецца, як іх сем’і. Кім вельмі хваляваўся, бо яго жонка засталася з маленькім дзіцем у чужой краіне. За нас, бацькоў, перажываюць.

Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку. Гэта нерэальна! Мне, напэўна, жыцця не хопіць кожнаму сказаць «дзякуй». Я не веру — я ведаю, што ў нас усё будзе добра. Гэта падтрымка дае моц спакойна жыць, дапамагаць сваім дзецям і Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?