Супраць дырэктаркі гродзенскага хоспіса Вольгі Вялічка завялі крымінальную справу, яе падазраюць у злоўжыванні спонсарскай дапамогай. Ёй пагражае да 10 год пазбаўлення волі, паведаміла АНТ.
Вялічка была сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, незалежнай назіральніцай. Пасля выбараў разам з паплечнікамі спрабавала стварыць раду народнага даверу ў Гародні. Удзельнічала ў пратэстах. Адсядзела суткі ў ізалятары нібыта за ўдзел у мітынгу і атрымала штраф.
Раней Вольга з дзецьмі выехала з Беларусі. У інтэрв’ю яна казала, што прыняла гэтае рашэнне, калі са школы прыйшла інфармацыя, што ў яе могуць забраць дзяцей.