Пра гэта міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч распавёў выданню smartpress.by.

Па яго словах, праца вядзецца карпатлівая. На кастынг прыходзяць і маладыя людзі, і з вопытам. «Вельмі шмат ідзе моладзі. Вы ведаеце, для іх гонар трапіць у трупу Купалаўскага. Ужо больш за 20 чалавек прайшлі кастынг. Рашэнне па кандыдатурах прымае мастацкі савет», — сказаў ён.

Міністр дадаў, што ідзе праца над новай версіяй «Паўлінкі» — спектакль можа быць прадстаўлены на сцэне ўжо ў першай дэкадзе студзеня.

Вядома, што на галоўную ролю прэтэндуюць тры актрысы, але іх імёны пакуль не называюць.

— Я быў у тэатры ўжо не аднойчы, настрой у калектыву пазітыўны, па ўсіх пазіцыях ёсць разуменне, — сцвярджае Анатоль Маркевіч. У трупе будзе 40-46 акцёраў. Менавіта такая колькасць неабходна, каб ставіць паўнавартасныя спектаклі.

Нагадаем, у канцы жніўня з Купалаўскага тэатра звольніліся 58 чалавек.

Заявы яны напісалі пасля таго, як за выказванне аб гвалце звольнілі гендырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушкі. Сярод звольненых народныя артысты Беларусі Зоя Белахвосцік, Арнольд Памазан, заслужаныя артысты Алёна Сідарава, Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Наталля Качаткова, Георгій Маляўскі. Артысты Павел Харланчук, Раман Падаляка, Міхаіл Зуй, Дзмітрый Ясяневіч, Валянціна Гарцуева, Святлана Анікей. Мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін і ўсе рэжысёры.

У кастрычніку яны з поспехам прэзентавалі анлайн новую версію «Тутэйшых».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0