У размове са Свабодай жанчына кажа, што падрыхтавала для судзьдзі выступ на 5 старонках.

15 сьнежня ў судзе Кастрычніцкага раёну за сьцяг на гаўбцы будуць судзіць 87-гадовую Лізавету Бурсаву. Пра гэта ў сваім фэйсбуку напісаў вядомы гісторык і кулінар Алесь Белы.

Лізавета Бурсава па матчынай лініі паходзіць зь вялікай габрэйскай сям’і, зь якой шмат хто загінуў у Галакосьце. Сама Лізавета, якой у 1941-м было 8 гадоў, перажыла вайну ў эвакуацыі, але добра памятае падзеі 22 чэрвеня і наступных тыдняў у яе родным Віцебску.

У размове са Свабодай спадарыня Лізавета расказала, як трапіла пад суд і што яна думае пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі.

«Я суду не баюся»

«Прыйшоў да мяне ўчастковы і склаў акт, — расказвае Лізавета Бурсава. — Паказаў фатаздымак са сьцягам на маім бальконе. Сьцяга там ужо няма, мы яго зьнялі, калі сына пасадзілі на «суткі» другі раз (малодшы сын спадарыні Лізаветы цяпер адбывае адміністрацыйны арышт у Жодзіне. Гэта ўжо другія яго 15 сутак. — РС). Але фота было ў міліцыянта. І ўсё. Агонь я ўзяла на сябе. Участковы паводзіўся карэктна. Я выказала яму ўсё, што думаю пра наш урад і кіраўніцтва. Гаварыла, што сьцяга ўжо няма, але гэта ня мела значэньня. Фатаздымак ён меў. Але супраць участковага я нічога ня маю. Спытала яшчэ ў яго, колькі такіх «дураў» у нас на раёне. Ён жартам адказаў, што пяць «дураў» і адзін «дурань».

З словаў спадарыні Лізаветы, участковы паведаміў ёй, што падрабязьней аб правапарушэньні ёй раскажуць у судзе. Ужо прыйшла позва на 15 сьнежня, працэс пройдзе ў судзе Кастрычніцкага раёну. Лізавета Бурсава кажа, што сьцяг у іх на гаўбцы правісеў доўга, а ў раёне мала ў каго яны ёсьць. Яна налічыла ўсяго некалькі штук.

«Я суду і не баюся, — працягвае спадарыня Лізавета. — Лягічна разважаю, што наўрад ці такую старую пасадзяць. Мне з сабой тады трэба везьці мех лекаў. Штраф мо дадуць. Унучка мая ў іншым раёне жыве, але ўжо кажа, што зьбяруць мне грошы, каб я не турбавалася. Жартуе зь мяне. У нашым раёне ўсе зьбіраюцца на суд ісьці. Радня таксама, старэйшы сын. Ня ведаю, ці пусьцяць каго, ці будуць там каго слухаць. Але прамову я падрыхтавала. Кожны дзень хажу на шпацыр і на апошнім падрыхтавала прамову — лістоў на пяць».

Лізавета Бурсава сумняецца, што яе прамову будзе нехта ў судзе слухаць. Але абавязкова хоча сказаць хаця б два словы. Ад адваката адмовілася, хоча абараняць сябе сама.

«Я тады хаця б сказала, што наш прэзыдэнт, хаця які ён прэзыдэнт, непрызнаны. Дык вось я б хацела сказаць, што ён два гады хадзіў пад гэтым сьцягам, — настойвае Лізавета. — А мяне цяпер за яго судзяць. Прынамсі гэта я хачу сказаць. Але думаю, што мне не дадуць нічога сказаць. Увогуле, пра што гэтыя судзьдзі думаюць? Ён жа (Лукашэнка. — РС) ня вечны, у рэшце рэшт. Раней ці пазьней яго ня стане. І іх прыцягнуць да адказнасьці. Якія ў іх будуць вочы? Але добра, а то я зараз распалюся».

«Інтэрнэт раней называла сьметніцай»

Падчас вайны сям’я Лізаветы Бурсавай моцна пацярпела. Па матчынай лініі яна габрэйка, сям’я паходзіла зь Бешанкавічаў. Шмат хто з радні загінуў. Самой Лізавеце ў чэрвені 1941-га было 8 гадоў. Яна расказвае, што памятае шлях у эвакуацыю ў таварным вагоне. Запомніла таксама, што калі пачалася вайна, то дзеці зь яе дзіцячага садку ў Віцебску падчас аднаго зь нямецкіх авіяналётаў хаваліся ад варожых самалётаў пад галінкамі дрэваў.

«Восем гадоў — гэта ўсё ж ужо ўзрост, — узгадвае Лізавета. — Я памятаю, як праяжджалі Вялікія Лукі і там гарэў вакзал. Смаленск праяжджалі, там было ўсё ў вагні. Эшалён не спыняўся, прайшоў міма. Яшчэ далей, памятаю, самалёты нямецкія наляцелі на наш цягнік. Усе людзі з вагонаў уцякалі. Хто далей, а хто проста пад вагон схаваўся. А навошта? Калі бомба ўпадзе, то яна проста вагон зьнішчыць. Людзі ўцякалі ў розныя бакі. Шукалі, дзе схавацца. Потым зьбіраліся і зноў ехалі. Шмат такога памятаю. Асабліва зараз людзі зноў пачалі пытацца пра тыя часы. Я кладуся спаць і ўзгадваю».

Пэнсіянэрка гаворыць, што шмат чытала пра бел-чырвона-белы сьцяг апошнім часам. Даведалася пра БНР, кансультавалася таксама з суседкай, якая чытае навіны «ў тэлефоне».

«Я раней інтэрнэт называла сьметніцай, бо дзеці праз яго урокі не рабілі, — гаворыць Лізавета Бурсава. — А цяпер я яго называю унівэрсытэтам. Цяпер дзеці адтуль могуць узяць веды, якія дапамогуць ім выпрацаваць характар, погляды. Я цяпер на іхным баку. А пра сьцяг мне пасьля сказалі, што яшчэ нават у XVI стагодзьдзі гэта ўсё было. Дакладней, ня сьцяг, а герб «Пагоня».

«Я за сваіх дзяцей і унукаў перажываю»

Лізавета кажа, што найбольш яе абурылі падзеі першых дзён пратэстаў і афіцыйныя вынікі выбараў. Яна сама бачыла чэргі ля выбарчых участкаў. Наракае, што афіцыйныя вынікі агучылі яшчэ да моманту закрыцьця ўчасткаў. І дадае, што праз падзеі апошніх месяцаў зьмяніліся яе адносіны з пэўнымі ранейшымі сяброўкамі.

«Вось мая суседка за яго (Лукашэнку. — РС), — кажа спадарыня Лізавета. — Я ёй сказала: што ж, Надзя, мы з табой па розныя бакі барыкадаў. Але мы з табой шмат гадоў былі ў нармальных адносінах, і я разумею, што людзі думаюць па-рознаму. У мяне ёсьць сяброўка, зь якой мы разам вучыліся ў інстытуце, яе муж навучыў мяне страляць (Лізавета Бурсава шматразовая чэмпіёнка і рэкардсмэнка БССР у кулявой стральбе, а таксама рэкардсмэнка СССР. — РС). Харошыя адносіны былі. І вось яна галасавала за Лукашэнку. Яна прызнае, што ён сякі-такі, што ёй шмат што не падабаецца. Але кажа, што хоча спакойна дажыць сваю старасьць. Ёй на год менш, чым мне, — 86. Хто яе будзе чапаць, каму яна патрэбная? Мы зь ёю разышліся. Я за сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў перажываю. Не за сябе. Мне дрэнна жывецца не матэрыяльна, а маральна».

Сама спадарыня Лізавета ўпершыню выйшла на акцыю пратэсту да Міністэрства адукацыі. Кажа, што яе вельмі абурылі рэпрэсіі супраць выкладчыкаў, якія назвалі рэальныя лічбы галасаваньня на выбарах 9 жніўня. Яна сама настаўніца паводле адукацыі, таму вырашыла іх падтрымаць. Пасьля даведалася пра акцыі пэнсіянэраў і пачала хадзіць на іх па панядзелках.

Аднойчы прыйшла на Марш мудрасьці з чырвона-зялёным сьцяжком. Хацела такім чынам паказаць прыхільнікам дзейнай улады, што сярод пратэстоўцаў ёсьць людзі вельмі розных поглядаў. Аднак ня ўсе удзельнікі пратэсту сталых людзей яе зразумелі, давялося ўступіць у дыскусію. У выніку ўсё скончылася добра, а адзін мужчына нават падарыў Лізавеце бел-чырвона-белы магніцік на лядоўню.

«Я зараз бачу, што адзін чалавек падзяліў ня толькі беларускую нацыю, але і сем’і, — разважае Лізавета Бурсава. — Я чытала, што тое ж было падчас кастрычніцкай рэвалюцыі. І цяпер у нас тое самае. Мне прыйшлося даведацца, што такое фашызм, у дзяцінстве. Калі бомбы ляцелі над маім дзіцячым садком. І вось я дажыла да яшчэ аднаго фашызму ў сваёй краіне. Але думаю, што мы павінны перамагчы».

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?