Меркаваныя санкцыі супраць беларускіх бізнэсменаў і юрыдычных асобаў, датычных да супрацоўніцтва з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, маюць быць агучаныя і прынятыя літаральна днямі — называецца дата 17 снежня.

фота Depositphotos.com

Але не ўсё так проста. Дый дата няпэўная — магчымы варыянт, што іх прыняцце зацягнецца яшчэ на месяц. 

Санкцыйныя спісы рыхтаваліся ў абстаноўцы строгай сакрэтнасці еўрапейскімі службамі, роля беларускіх дзеячаў была ў межах «акрэслівання кірункаў».

Вядома, што шырокамасштабнага эканамічнага ціску не будзе, размовы пра адключэнне банкаўскай сістэмы SWIFT — толькі размовы.

Блакаванне SWIFT пакуль не гатовая падтрымаць ніводная краіна-сябар Еўрасаюза. 

На прыкладзе іншых прэцэдэнтаў, у прыватнасці, Ірана, заходнікі зразумелі, што прывядзенне краіны да стану гуманітарнай катастрофы нясе рызыкі для Еўрасаюза. Асабліва адчувальна гэта можа быць, калі ўводзіць санкцыі супраць дзяржавы ля самых межаў саюза. 

Поўны спіс юрыдычных і прыватных асобаў, якія маюць трапіць пад санкцыі, у публічнай прасторы не публікаваўся.

У першапачатковай версіі ў яго маглі трапіць каля 70 чалавек з афіляванымі бізнэсамі, у выніковай версіі іх нібыта застанецца толькі каля 30 — некаторым удалося прыбраць сябе з-пад санкцый. 

Крыніцы «Нашай Нівы» сцвярджаюць, што некаторым бізнэсоўцам удалося давесці еўрапейцам, што яны ў гэтым спісе лішнія. 

Прыводзіцца прыклад Аляксандра Машэнскага, уласніка «Санта-Брэмар». Ён, маўляў, давёў уладам Ісландыі — краіне, адкуль імпартуе рыбу на сотні мільёнаў даляраў, — што ўдар па яго бізнэсе будзе азначаць канкрэтныя страты для Ісландыі. А кіраўніцтва той краіны нібыта прыняла яго пазіцыю і паўплывала на рашэнне Еўрасаюза. 

Як прызнаўся Машэнскі карэспандэнту «Нашай Нівы», ён ведае, што яго прозвішча сапраўды было ў першапачатковым санкцыйным спісе. 

«Але словы аб аргументах пра аб'ёмы экспарту рыбы — гэта казкі! Я думаю, што ў тых, хто складае гэтыя спісы, ёсць пэўныя крытэрыі ўключэння. Напэўна, карэктна ставіць пытанне аб тым, ці адпавядае «Санта-Брэмар» гэтым крытэрыям? Можа, мы расстрэльвалі дэманстрантаў? Можа, мы — «кашалькі», — у тэрміналогіі аўтараў? Я не думаю. Я думаю, што яны прымаюць рашэнні не на падставе інфармацыі, хто колькі рыбы экспартуе, а на падставе іншых крытэрыяў, якім «Санта-Брэмар» не адпавядае», — сказаў Машэнскі. 

Пры гэтым ён пацвердзіў, што пэўныя захады аб выключэнні кампаніі са спісаў ім прымаліся, але якія канкрэтна, тлумачыць не стаў. 

Калі ўявіць, што расказаная нам схема праўдзівая, то па такім жа прынцыпе маглі дзейнічаць і іншыя бізнэсмены, выводзячы свае актывы з-пад магчымага ўдару.

Таксама пакуль невядомы лёс «Акта аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце», які меўся прыняць Сенат ЗША. Справа ў тым, што да Новага года прыняць яго не паспяваюць, бо кангрэсмэны сыходзяць на калядныя вакацыі. Далей зацверджанне можа зацягнуцца праз пераходны перыяд, звязаны з перадачай улады ў ЗША да Джо Байдэна.

Вынік пасяджэння ў Сенаце будзе залежыць ад паўнаты інфармацыі па беларускім кейсе і ад таго, наколькі яны будуць гатовыя кіравацца рэкамендацыямі.

Таксама пакуль няма пэўнасці з сустрэчай Святланы Ціханоўскай і Байдэна. 

Палітычныя праціўнікі дэмакратаў у ЗША звяртаюць увагу, што да ўступлення прэзідэнта на пасаду ягоны штаб не можа мець замежнапалітычных кантактаў, таму, маўляў, як можна анансаваць такія сустрэчы? Асабліва пасля скандалаў з саветнікам па нацыянальнай бяспецы Майклам Флінам, які перад уступленнем на пасаду Дональдам Трампам сустрэўся з расійскім паслом у Вашынгтоне.

Вядома, што не было такіх анонсаў і з боку амерыканцаў — толькі інтэрпрэтацыі журналістаў, але ў пэўным сэнсе такія фармулёўкі нашкодзілі меркаванай сустрэчы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?