Павал Доўнар.

Павал Доўнар.

Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску даслала гімназіі № 23 прадпісаньне правесьці сацыяльнае расьсьледаваньне ў дачыненьні сям’і Доўнараў, піша Радыё Свабода.

Сям’ю могуць паставіць на ўлік, бо дачка-другаклясьніца нібыта знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Ніякіх уцямных прычын і дакумэнтаў бацькам не паказалі. Нягледзячы на шматлікія праверкі і рады прафіляктыкі, справа яшчэ не завершаная.

Свабода пагаварыла з Паўлам Доўнарам.

«Патэлефанавала жанчына, якая назвалася ўчастковым інспэктарам Надзеяй Івановай»

Павал Доўнар і Карына Адзесенка — заснавальнікі і дызайнэры адзеньня Honar. У сям’і гадуецца 8-гадовая дачка, якая вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі № 23.

Паўтара месяца таму Паўлу Доўнару патэлефанавалі са схаванага нумару. Жанчына, якая тэлефанавала, назвалася ўчастковым інспэктарам Цэнтральнага РУУС Надзеяй Івановай. Прозьвішча падалося Паўлу дзіўным.

«Калі я запытаўся, а як па бацьку, жанчына вытрымала паўзу і сказала, што Іванаўна. Яна запрасіла мяне на размову. Я запытаўся, зь якой нагоды, можа, штосьці расьсьледуюць. Нічога зьвязнага і канкрэтнага не адказала. Я папрасіў даслаць позву. Яна запэўнівала: нібыта слалі, мабыць, позва не дайшла. Але я настойваў на позьве, і яна раздражнёна завершыла размову словам «Хорошо»».

Потым да сям’і Доўнараў прыйшлі прадстаўнікі школы, да тэрыторыі якой яны адносяцца паводле месца жыхарства, хоць дачка вучыцца ў іншай установе — 23-й беларускамоўнай гімназіі на плошчы Якуба Коласа. Доўнары зьдзівіліся і спыталі, якое дачыненьне яны маюць да той школы.

«Ніякіх дакумэнтаў нам не паказалі. Калі я запытаўся, у чым нас вінавацяць, у чым праблема, мне адказалі, што могуць надаць сям’і статус «сацыяльна небясьпечнага становішча» (СНС) — пракуратура Цэнтральнага раёну выдала прадпісаньне правесьці сацыяльнае расьсьледаваньне.

Я ўважліва прачытаў пастанову Савету Міністраў № 22. Нават калі нам хацелі «прышыць» нейкія палітычныя погляды, там такога няма. Сям’ю могуць паставіць на ўлік, калі там гвалт, дзіця не даглядаюць, ня кормяць. То бок за палітычныя погляды ну ніяк ня могуць прыпісаць СНС.

Нам паведамілі, што нібыта ёсьць нейкі фатаздымак нашага ўдзелу ў акцыі. Але нічога не паказалі, нават не сказалі, у якіх сетках той фатаздымак. Але гэта можа быць і фаташоп. На маю думку, калі ёсьць здымак, яго павінен ацаніць экспэрт», — разважае Павал Доўнар.

Даведка Свабоды:

Паводле закону, ёсьць тры асноўныя крытэры, калі становішча дзяцей можа быць прызнана сацыяльна небясьпечным. Тры ўмовы дакладна апісаныя ў пастанове Савету Міністраў ад 15 верасьня 2019 году № 22 «Аб прызнаньні таго, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы»:

  • калі бацькі не задавальняюць асноўных жыцьцёвых патрэбаў дзіцяці (дзяцей ня кормяць, у сям’і дрэнныя жыльлёвыя ўмовы)
  • калі бацькі не забясьпечваюць нагляду за паводзінамі дзяцей і яны ўчыняюць правапарушэньні ці злачынствы;
  • калі бацькі вядуць амаральны лад жыцьця ці жорстка абыходзяцца зь дзецьмі.

Дзяржаўныя органы (упраўленьне адукацыі, камісія справаў непаўналетніх, выканкамы, школа, дзіцячы садок ды іншыя) выяўляюць такія сем’і, праводзяць сацыяльнае расьсьледаваньне, прымаюць пастанову, укладаюць плян захадаў, якія належыць правесьці зь сям’ёй, кантралююць іх выкананьне — працэдура падрабязна апісаная ў пастанове ўраду. «На якой падставе зьбіраюць нашы асабістыя зьвесткі?»

Павал абураецца, што нейкая камісія зьбірае асабістыя зьвесткі ягонай сям’і.

«Цэлая камісія правярае аплату камунальных паслуг, накіроўвае запыты ў паліклініку, у міліцыю — ці былі адміністрацыйныя штрафы, шукае кампрамат. На якой падставе яны зьбіраюць нашы асабістыя зьвесткі?» — зьдзіўляецца спадар Доўнар.

Потым прыйшоў ліст ужо з гімназіі, дзе не пазначана імя дзіцяці. А што тычыцца маці дзяўчынкі, там наагул іншае імя і прозьвішча, нейкая «спадарыня Кароль», працягвае Павал.

«Да нас у дом прыйшла камісія з гімназіі. Самі настаўнікі дзейнічалі на загад дырэктаркі. У нашым выпадку мы проста пагаварылі, яны запоўнілі паперкі, што ўсё добра, і сышлі.

Спрабавала прыйсьці яшчэ і міліцыя, але атрымалася сьмешная гісторыя. У нас вялікі сабака — аўчарка, ён такі гучны, галасісты. Прыйшлі пад дзьверы 5 міліцыянтаў, пачулі брэх і самі кажуць: «Тут міліцыя, не адчыняйце» і трымалі дзьверы», — з усьмешкай апавядае Павал.

«Я ня ведаю, якая падстава. Мяркую, быў нейкі загад»

16 сьнежня Паўла і Карыну запрасілі ў гімназію на паседжаньне «рады прафіляктыкі безнагляднасьці і правапарушэньняў сярод непаўналетніх» — менавіта так зваўся гэты орган. Прысутнічалі 7 чалавек — няпоўны склад. Удзельнікі прасілі прабачэньня, што некалькі чальцоў рады хварэюць на каранавірус.

«Ніхто не назваўся. Некалькі чалавек я ведаў — пэдагогі з гімназіі. Астатніх я ня ведаў, можа, там была і «Надзея Іванаўна Іванова» — бяз формы. Апавядалі нам жахі — як дзяцей тапілі ў ваньне, паказвалі нейкія жудасныя фатаздымкі. Іхная лёгіка — менавіта таму і мы знаходзімся тут.

Я пажартаваў, што нельга зьбірацца такой грамадой, зараз жа каранавірус. І наагул, маўляў, падзяліцеся на тройкі і прымайце рашэньне адразу расстрэльваць бацькоў, каб не было сацыяльна небясьпечнага становішча ні ў бацькоў, ні ў дзяцей.

Карацей, шмат дэмагогіі, перакручваньня, шчырай размовы не атрымалася. Нічога не паказалі — за што ж нас выклікалі і ў чым падазраюць.

Я шчыра кажу: ня ведаю, якая падстава. Мяркую, быў нейкі загад. Яны казалі: гэта прафіляктычная гутарка. Маўляў, «самі можаце хадзіць куды заўгодна, толькі дзяцей не вадзіце».

Я кажу: давайце школа будзе займацца навучаньнем, а не невядома чым». Яны нібыта і пагаджаюцца: «Так, але мы дзяржаўная ўстанова», — расказаў пра паседжаньне рады прафіляктыкі безнагляднасьці і правапарушэньняў сярод непаўналетніх Павал Доўнар.

На паседжаньні рады паведамілі, што разбор працягнецца паводле яшчэ аднаго ліста, які яны пакуль не атрымалі, то бок гэта яшчэ не фінал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?