Адзіныя апладысменты за час выступу кіраўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі Івана Церцеля на гродзенскім «Азоце» прагучалі, калі яму адказаў начальнік аднаго з цэхаў прадпрыемства.

Вось даслоўная стэнаграма гэтага моманту сустрэчы. Варта адзначыць, што гэта было першае пытанне з залы. Перад гэтым старшыня КДБ расказваў, як дзейнічае паліцыя ў ЗША і якія эканамічныя праблемы перажываюць краіны Еўропы. 

«Начальнік цэха:

— У мяне некалькі пытанняў, але перад тым, як іх задаць, хачу пракаментаваць вашы словы.

Што тычыцца Польшчы, Германіі. Справа ў тым, што ў людзей, якія сядзяць у зале, шмат родзічаў, у каго дзеці, у каго іншыя, працуюць за мяжой. Мы з першых вуснаў ведаем, што там робіцца, таму я б не зусім з вамі пагадзіўся, што там чорт ведае што.

Што тычыцца Амерыкі, вы не забывайце, што там вольны продаж зброі, і там любы грамадзянін можа вольна яе набыць. Таму дзеянні паліцэйскага гэтым абгрунтаваныя, бо ў яго [каго амерыканскі паліцэйскі затрымлівае] ў кішэні можа пісталет ляжаць. У нас, прабачце, людзі без зброі.

Што ў вашым разуменні дэмакратыя такое, вось вы патлумачце, каб мы разумелі? Мы зразумелі адно: не высоўвайцеся, сядзіце, іначай вас «замочаць у сарціры». (Выбух апладысментаў.)

Адказ Івана Церцеля:

— Польшча займае такую пазіцыю ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь — агрэсіўную, не разлічаную на блізкія інтарэсы. Яна не ацэньвае свае стратэгічныя інтарэсы на перспектыву. У Польшчы свае праблемы, пра якія я казаў. Вы адмаўляеце, што там па нядзелях адбываюцца маніфестацыі?

Людзі з залы, дзясяткі галасоў: Супраць абортаў!

Церцель: Шматтысячныя маніфестацыі супраць абортаў праходзяць…

Людзі з залы, дзясяткі галасоў: Не!

Церцель: …Ёсць нацыяналісты, ёсць незадаволеныя партыяй «Права і справядлівасць», перакрываецца дарожны рух…

Жанчына з залы: Ай-яй-яй, як страшна!

Церцель: Калі ласка! Што тычыцца ЗША: а што, Аўтуховіч не быў узброены?

Голас з залы: А дзе вы яго ўзялі ўвогуле? (Выбух смеху ў зале.)

Церцель: А што, выбух машыны супрацоўніка АМАПа каля дзіцячага сада — гэта нармальна?

(Шум у зале.)

Жаночы голас: «А забойства — гэта нармальна, чалавека?»

Мужчынскі голас: «Дзе лялькаводы расійскія дзеліся?»

Церцель: Лялькаводаў расійскіх вы пабачыце. Таварыш Бабарыка пойдзе ў суд, усё пройдзе галосна — і вы ўсё пабачыце.

Што тычыцца дэмакратыі… (Шум у зале.) Я ж вас слухаю ўважліва, правільна?.. Першае, калі браць з пазіцыі не глядзець інтэрнэт, а рэальныя рэчы — а тыя, пра якія я ведаю, ёсць дзве формы ўздзеяння на суседа: гарачая фаза вайны і прамая сіла — пакуль у нас мірна з суседзямі, але ідзе да гэтага, — другое — мяккая сіла так званая.

Мяккая сіла — гэта вылучэнне сродкаў, праекты, культурнае прасоўванне, якіх вы не адчуваеце. Вы думаеце, што сыр бясплатны — ён не бясплатны.

Голас з залы: Ды які сыр?

Церцель: Што датычыць дэмакратыі, то прасоўванне дэмакратыі — гэта прасоўванне Захадам сваіх інтарэсаў. Гэта мая суб’ектыўная пазіцыя як чалавека, які валодае сітуацыяй.

Я ўвогуле лічу, што дэмакратыя — гэта паліттэхналогія.

Голас з залы: Ды няўжо?

Церцель: Паспрабуйце мяне пераканаць у адваротным. Ёсць розныя тэорыі: і тэорыя эліт, і тэорыя грамадскай дамовы, хто вучыўся, ведае гэта ўсё. Па вялікім рахунку, гэта ўсё паліттэхналогіі.

Мяркуючы па аўдыязапісе сустрэчы Івана Церцеля, як і па відэа яго аналагічнага выступу на «Нафтане» ў Наваполацку ды іншых сустрэч дзяржаўных чыноўнікаў на прадпрыемствах, выступоўцы не разумеюць аўдыторыі і не ведаюць грамадскіх настрояў у цэлым.

Чыноўнікі выступаюць перад людзьмі так, нібы перад імі неадукаваныя людзі, якія ўсяму вераць, для якіх адзіная крыніца інфармацыі — БТ. Мяркуючы па рэакцыі залаў, на людзей гэта робіць катастрафічнае ўражанне. 

«Вы тут нам заяўляеце, што наша сістэма робіць, а ў мяне вось работнікі з кавідам па два-тры дні чакаюць, пакуль іх у бальніцу накіруюць, бо няма месцаў. З тэлевізара — адно, а па факце — другое», — абурана заявіў у твар Церцелю работнік цэха «Карбамід».

«Дык гэта канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, каб статыстыка была такой, легкатраўнай, скажам так?» — кпіў з кіраўніка КДБ іншы работнік.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0