Спорт

«Раю ўсім: ганяйце ва ўсю моц!» Гутарка з найлепшым беларускім лыжнікам часоў незалежнасці Сяргеем Далідовічам

Сяргей Далідовіч — самы вядомы беларускі лыжнік часоў незалежнасці. Ён трыццаць разоў станавіўся чэмпіёнам краіны, удзельнічаў у дванаццаці чэмпіянатах свету і ў сямі Алімпійскіх гульнях. Да апошняй з іх — Алімпіяды ў карэйскім Пхёнчхане ў 2018-м — Сяргей рыхтаваўся праз краўдфандынг, бо федэрацыя лыжных гонак адмовіла ветэрану ў фінансавай дапамозе. У выніку Далідовіч выйшаў на старт, калі яму было ўжо 44 гады. Але вядомы лыжнік, які два гады таму завяршыў прафесійную кар’еру, не толькі спартыўным доўгажыхарствам, але і сваёй грамадзянскай пазіцыяй.

Пасля выбараў Далідовіч асудзіў гвалт сілавікоў і ў лістападзе не пагадзіўся здымаць сцяг пасля ліста ад старшыні таварыства ўласнікаў. У інтэрв’ю ён распавёў, што яго найбольш абурыла ў дзеяннях сілавікоў, чаму праўладныя спартоўцы так позна падтрымалі Лукашэнку і як у няпростыя часы ён змагаецца са стрэсам.

— Спадар Сяргей, давайце пачнём размову з гісторыі пра ваш хатні сцяг. Калі ён з’явіўся на вашых вокнах?

— Гэты сцяжочак вісіць у мяне ўжо месяцы тры. Прымацаваў яго да акна знутры сваёй кватэры. Ён маленькі, і ніколі ніякіх пытанняў не выклікаў. Калі ты канкрэтна не будзеш шукаць яго вачыма, дык і не ўбачыш яго. Галоўная памылка тых, хто зараз мае ўладу, — нежаданне абмяркоўваць праблемы. Я гэта заўважыў на прыкладзе нашага таварыства ўласнікаў. У нас многія адзін аднаго ведаюць, але пажаданне зняць сцяг мне ўсё роўна перадалі праз другіх асоб. Я сказаў: «Няхай наш старшыня таварыства, якому мы плацім заробак, патэлефануе мне, і мы абмяркуе з ім гэтае пытанне». У выніку мне проста кінулі паведамленне ў паштовую скрыню, пра што пасля напісаў пост у фэйсбуку. Пра гэтую гісторыю ніхто б і не даведаўся, калі б гэты чалавек, умоўна кажучы, з біноклем не хадзіў па вуліцы і не шукаў мой сцяжок.

— Вы адмовіліся яго зняць?

— А мне ніхто так і не растлумачыў, чаму не маю права вывешваць сцяг у сваёй кватэры. Так, чытаў пастановы, калі людзей штрафавалі за сімволіку, але ўсё роўна не лічу гэты сцяжок нейкім пікетам, і не ўсведамляю, што раблю нешта супрацьзаконнае. Абсурдная сітуацыя, аднак у нашай краіне ўжо перастаеш чамусьці здзіўляцца.

— Сцяг і дагэтуль вісіць?

— Напэўна. Я зараз на зборах у Расіі, да жонкі нехта тэлефанаваў, але яна сказала, што не з’яўляецца ўласніцай кватэры, і няхай здымае той, хто яго і павесіў. Магчыма, дзверы будуць ускрываць, на жонку ціснуць… Не ведаю, чым усё гэта можа скончыцца. Калі дадуць адпаведны загад, то яго выканаюць.

— Вы пад бел-чырвона-белым палотнішчам выступалі яшчэ на зімовай Алімпіядзе ў Лілехамеры ў 1994-м. У тыя часы яго хто-небудзь называў фашысцкім сімвалам?

— Безумоўна, не. Каб так было насамрэч, мы б проста пад ім не паехалі на Алімпійскія гульні. Альбо нехта на адкрыцці дастаў бы іншае палотнішча і заявіў: «Вось наш сапраўдны сцяг!» Але такога не было, і я лічу, што ён не фашысцкі. Трэба гісторыю чытаць. Пад ім яшчэ ў снежні 1917 года ў Мінску распачаўся Першы Усебеларускі з’езд, і БЧБ-сцягу ўжо 103 гады.

Напачатку 1990-х, калі разваліўся Савецкі Саюз, я не адчуваў беларускай ідэнтычнасці. Яна пачала праяўляцца толькі гадоў пяць ці шэсць таму, хаця я яшчэ і раней чытаў па-беларуску Уладзіміра Караткевіча. Мне падабалася, як прыгожа і мілагучна гучыць наша мова. Памятаю, як адзін з рабочых спарткомплекса «Раўбічы», які жыў у наваколлі, чытаў нам беларускамоўны вершык. На жаль, дыктафона не было, каб запісаць, бо так прыгожа лілася мова. І гэтая народная творчасць тады ўжо паступова сыходзіла — у нас больш рускую мову распаўсюджвалі. Але ж мы беларусы! І калі я пачуў, як міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што наша мова штучная, мяне неяк страсянула. І я запісаў на відэа, як мая малодшая дачка чытае верш на мове, які вывучыла ў дзіцячым садку. Не думаю, што кожны, хто ходзіць на маршы, добра валодае беларускай мовай, але бел-чырвона-белы сцяг якраз стаў тым сімвалам, які аб’яднаў усіх нязгодных.

— Вы апошнія гады праявілі сябе ў якасці спартыўнага праўдаруба — нават грошы на падрыхтоўку да Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі самастойна збіралі. Але сёлета пачалі выказвацца і наконт палітыкі. Калі адчулі, што пункт незвароту ўжо пераадолены?

— Пасля Алімпіяды ў Карэі з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы адлічылі маіх дачок. Я цэлы год за свае грошы трэніраваў іх, даказваючы, што так, як яны паступілі, рабіць нельга. І тады я канчаткова ўсвядоміў і пераканаўся, што так, як у нас выбудавана сістэма ў спорце, — гэта ненармальна. Каб вы разумелі: галоўным трэнерам зборнай у нашым відзе спорту з’яўляецца лёгкаатлет. Лічу, што гэта няправільна. Паводле гэтай логікі, я магу трэніраваць хакеістаў альбо зборную Беларусі па футболе. А чаму не? Я ж калісьці займаўся ім у дзіцячай секцыі ў Оршы. Вось яшчэ адзін прыклад. Летась, каб камандзе выехаць на міжнародныя спаборніцтвы «Тур дэ Скі» і атрымаць фінансавую падтрымку, неабходна было мець чатыры подпісы ад чыноўнікаў. Адзін подпіс не атрымалі, і з-за гэтага камандзе прыйшлося ехаць за свае грошы. Паўтаруся, гэта няправільна, і нешта ў сістэме трэба мяняць.

А пункт незвароту да мінулага жыцця адчуў у жніўні. Мне падавалася, што ўсё адбудзецца так, як на папярэдніх выбарах, і нічога не здарыцца ў грамадстве, але мне казалі: «Не, ты нават не ўяўляеш, што адбываецца!» Я ўбачыў, як людзі чатыры гадзіны стаялі ў чарзе на выбарчым участку, і зразумеў, што грамадства паспела для зменаў. Закранула тое, што на участках нават не вывешвалі спісы галасавання, а пасля — жорсткасць сілавікоў у дачыненні народа і затрыманні. Сёння людзей арыштоўваюць нават проста тады, калі яны выходзяць у двор. Мне падаецца, праз некалькі гадоў мы на ўсё, што адбываецца, будзем глядзець зусім іншымі вачыма. Многія пакуль яшчэ не зразумелі, што насамрэч адбываецца, і для іх гэта нейкая гульня.

— Памятаю, як некаторыя беларусы былі ўпэўненыя ў тым, што Лукашэнка пакіне пасаду неўзабаве пасля першых гучных і масавых маршаў. Вы верылі ў падобны сцэнар?

— Не. Разумеў, што калі гэты чалавек столькі гадоў трымаецца пры ўладзе, скансалідаваў вакол сябе пэўную групу грамадства, паспяхова лавіраваў у разнастайных палітычных напрамках, хутка сваю пасаду не пакіне. І я не ведаю, калі гэта адбудзецца. Зразумела, калі б усё залежала толькі ад нас, то ўсё б змянілася. Але трэба глядзець шырэй. У нашай краіне сапраўды ёсць людзі, якія яго падтрымліваюць.

— Заўважыў, што многія зараз знаходзяцца ў пэўнай апатыі і ў расчараванні ад таго, што нічога кардынальна не адбылося. Ці змяніўся ваш настрой і запал з часоў пачатку пратэсту?

— Панурым я дакладна не стаў. Стараюся заўжды заставацца аптымістам і веру ў добрае. Але калі ты не апалітычны, сумленны чалавек, які можа крытычна аналізаваць і разважаць, вельмі цяжка заставацца абыякавым да сённяшніх падзей. Наогул не разумею, як можна выставіць шчыт і хавацца за ім ад таго, што адбываецца навокал. Мяне, напэўна, выратоўвае праца, на якой атрымліваецца адцягнуць увагу. Раю ўсім: ганяйце ва ўсю моц! Спорт здымае стрэс, і пасля трэніровак неяк прасцей становіцца. Акрамя таго, скажу шчыра, стаў больш ужываць алкаголю ў параўнанні з тым, што было раней. Ёсць яшчэ заспакаяльныя таблеткі, аднак у маім выпадку прасцей выпіць келіх віна.

— Якая з паслявыбарчых гісторый вас уразіла асаблівым чынам?

Шмат бачыў рознага, але мяне вельмі закранула жорсткае затрыманне роднага брата Дар’і Домрачавай. Спачатку ўбачыў відэа, а пасля даведаўся, што пацярпелым з’яўляецца Мікіта. Жорсткасць сілавікоў часам пераходзіць ўсе межы. Я наогул не разумею, як чалавека, які стаіць на каленях, можна збіваць дручкамі і пры гэтым цэліць яму ў галаву. Калі б яму нанеслі яшчэ адзін дакладны ўдар, то яго магло б ужо і не быць. Адразу прыгадаў шок-гісторыю, якая калісьці здарылася з сынам напарніцы маёй маці па працы. Я ж гадаваўся ў Оршы, у такім горадзе, дзе ў свой час было прынята біцца раён на раён. Перад адной са «стрэлак» хлопцы дамовіліся, што будуць вырашаць адносіны на кулаках — без арматуры. Бойка распачалася. І калі сын матчынай знаёмай паваліўся на зямлю, па ім пачалі скакаць. Па галаве. Ну, а як яму яшчэ можна было зрабіць балюча, калі ў руках не было жалеза? У выніку чалавек памёр. У маладым узросце. Пасля гэтага пасадзілі дваіх хлопцаў з майго дома. Аднаму далі чатырнаццаць гадоў, другому — дванаццаць, і пасля гэтага бойкі спыніліся. Я тады адчуваў падобны шок да таго, што адчуваю зараз, калі бачу, як збіваюць людзей.

Толькі не разумею, што не так з хлопцамі, якія збіваюць? Тады, у 1980-х, людзі не ведалі, як яшчэ можна выліць сваю злосць. А што здарылася з сілавікімі, калі яны здзяйсняюць такі жах, не разумею. Наколькі ж на іх моцна ўздзейнічае прапаганда. Падаецца, што яны наогул жывуць у іншым свеце. Зараз некаторыя людзі публікуюць у фэйсбуку свае звароты да сілавікоў з просьбай перайсці на бок народа. На мой погляд, гэта дарэмна. Мне здаецца, гэтыя людзі ўжо не змогуць змяніць свае погляды.

— Сітуацыя з братам Домрачавай уразіла тым, што Дар’я прамаўчала і не здолела публічна выказацца супраць зверства людзей у балаклавах?

Не, уразіла менавіта жорсткасць. А якія пытанні да Дар’і, на якую многія накінуліся? Так, напэўна, я б зрабіў інакш, але ж я не Даша, у якой зусім іншы ўзровень адносінаў з уладай. Вось і ўсё. Выказвацца ці не — справа кожнага, і Домрачава паступіла вось так.

Ведаю, што смерць Рамана Бандарэнкі таксама адгукнулася ў вашай душы і вы ўшанавалі яго памяць запаленай свечкай.

— Так зрабілі многія беларусы. Чалавека не стала проста так у росквіце сіл… З часам многае будзе згладжвацца, але такую смерць нельга забыць. Дараваць падобнае немагчыма.

* * *

— Пасля выбараў вы актыўна падтрымалі спартоўцаў, што выступілі супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Ці пацярпелі вы за свае выказванні на працы?

Пакуль не. Працую зараз трэнерам-выкладчыкам у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы». Калі раней, паводле той самай стыпендыі, я меў тысячу даляраў, дык зараз зарабляю толькі семсот рублёў, нават прэміі не маю, і я не ведаю, што з яго можна прыбраць. Усе папярэджанні маюць вусны характар. Але я стараюся выконваць свае абавязкі добрасумленна. Не ведаю, за што мяне можна пакараць. Напэўна, толькі за тое, што ў мяне іншая жыццёвая пазіцыя. Аднак я ж не хаджу па «Раўбічах» са сцягам і нікога не агітую са словамі: «Хлопцы, давайце змагацца з уладай!» Сацыяльныя сеткі — гэта адно, а праца — зусім іншае. Усё ж такі я не прыхільнік таго, каб сваю грамадзянскую пазіцыю змешваць з працай.

Я наогул лічу, што спартоўцам, якія ўсё прапускаюць праз сябе, грамадзянская актыўнасць нічым у дасягненні добрых вынікаў не дапаможа. Поспех будзе толькі тады, калі спартовец засяродзіцца на трэніроўках і на сто працэнтаў абстрагуецца ад любой бытавой дробязі, ад любых праблем. Аднак зараз у Беларусі ты не толькі спартоўца, але і грамадзянін. І я не ведаю, для чаго зараз усе твае вынікі і дасягненні, калі не будзеш праяўляць сваю пазіцыю і пераступіш праз сваё сумленне.

— Як вы паставіліся да ўчынку тых, хто пасля беззаконня сілавікоў адмовіўся выступаць за зборную Беларусі?

— Гэта справа кожнага. Мы часам хочам, каб учынкі іншых людзей цалкам супадалі з нашымі. Нядаўна прачытаў: «А ці трэба радавацца за біятланістку Алімбекаву, якая ўзяла медаль на этапе Кубка свету і прамаўчала наконт сітуацыі ў краіне?» А чаму за яе проста не парадавацца? Добра ўжо тое, што яна аднаго чалавека не пахваліла. Палова нашых біятланістаў служыць у дзяржаўных органах, і што вы хочаце ад іх пачуць? Вы чакалі іншага? Яны б адразу засталіся без працы. Мне падаецца, зараз не трэба канцэнтраваць увагу на тых, у каго іншая пазіцыя.

А што тычыцца адказу на пытанне, ведаю толькі некалькі падобных выпадкаў. Але мне падаецца, гэтым людзям крыху прасцей было гэта зрабіць, чым тым, хто жыве ў Беларусі, бо знаходзяцца за мяжой і санкцыі на іх не распаўсюджваюцца. Але калі гэта робяць спартоўцы, якія наўпрост зараз жывуць у нашай краіне, іх учынак становіцца яшчэ больш каштоўным. На маю думку, гэта, магчыма, і добра, што футбаліст Ілля Шкурын адмовіўся прыязджаць у зборную. Магчыма, сваёй адмовай ён папярэдзіў разлад і смуту, якую мог бы пасеяць сваім прыездам.

Так склалася, што ў Беларусі спорт пераплецены з палітыкай. Яго фінансуе дзяржава, і мы цалкам залежым да яе. У паперах напісана, што федэрацыі незалежныя, але ж гэта зусім не так. У нас поўная залежнасць ад дзяржавы! Як мы можам казаць пра незалежнасць, калі спартыўнымі федэрацыямі кіруюць ці кіравалі сілавікі. Напрыклад, нашу федэрацыю лыжных гонак раней узначальваў пракурор. Ну, і як спартовец мог мець іншы палітычны пункт гледжання, калі нашай арганізацыяй кіруе ледзь не пяты чалавек краіны? І не ўсе людзі зараз гатовыя ахвяраваць сваімі заробкамі дзеля грамадзянскай пазіцыі. Ведаю, што ў Нацыянальным алімпійскім камітэце працуюць людзі, якія хочуць, каб усё ў спорце было іначай. Але што можна чакаць ад сілавікоў? Я загадзя казаў, што санкцыі ў дачыненні спартоўцаў, якія выступілі супраць гвалту, — справа часу. Так яно і адбылося.

— У лістападзе з’явіўся ліст спартоўцаў у падтрымку Лукашэнкі. Як адрэагавалі на яго?

— Я быў здзіўлены, што ён не з’явіўся раней. Свет так хутка мяняецца, што да гэтага ў прыняцці рашэнняў трэба прызвычаіцца. У нас не так. Наша сістэма крыху непаваротлівая і не можа хутка перабудоўвацца. Ніхто не хоча на сябе браць адказнасць за прынятыя рашэнні. Прывяду прыклад. У 1995-м годзе мы не здолелі вылецець на чэмпіянат свету па лыжным спорце, бо не было грошай, каб аплаціць лішак багажу. Мы вярнуліся ў «Раўбічы», жылі там два дні, і тагачасны дырэктар комплексу Аляксандр Хандогін сказаў: «Я вам знайду грошы, і вы паляціце». Ён пытанне вырашыў, але сумняюся, што зараз які-небудзь дырэктар можа прыняць самастойнае рашэнне, бо ўсе чакаюць, калі зверху дадуць адмашку. З гэтым лістом такая ж гісторыя. Такія структуры, як Міністэрства спорту ці НАК, маглі ўсё зрабіць хутчэй. І ў такім выпадку, магчыма, дзяржава магла б пазбегнуць санкцый для спартыўных чыноўнікаў.

— Таму што на Захадзе ўбачылі б, што ў Беларусі хапае спартоўцаў, якія падтрымліваюць уладу?

— Так. Яны ж насамрэч ёсць. А чаму яны падтрымліваюць уладу, гэта ўжо другое пытанне. Нехта падтрымлівае выключна праз матэрыяльны дабрабыт, у кагосьці ёсць іншыя прычыны… Ну, ёсць такія людзі, і гэта трэба прыняць.

— Ёсць спартоўцы, якія не толькі падпісваюць праўладны ліст, але сустракаюцца з сілавікамі, дзякуюць ім. Нядаўна з праваахоўнікамі сустрэўся вядомы паралімпіец Аляксей Талай, які заявіў, што «ўсе мы маліліся, каб замежны бес зламаў зубы аб нашу трывалую Беларусь».

— Ох, гэта ж яшчэ і мой зямляк, і мы на некаторых акцыях з ім сустракаліся. Адна справа подпісам падтрымаць Лукашэнку, а калі ты яшчэ і дзякуеш сілавікам… У мяне проста няма слоў, каб растлумачыць падобнае. Няхай гэта застанецца на ягоным сумленні.

— Зразумеў. Які лёс вашых медалёў, якія вы выставілі на дабрачынны аўкцыён у падтрымку Фонду спартыўнай салідарнасці?

— Беларуская дыяспара з ЗША перавяла за іх грошы (15 тысяч рублёў — NN.by), але медалі так і засталіся ў мяне. Людзі вырашылі, што ўзнагароды павінны быць з чэмпіёнам. Я размаўляў з арганізатаркай гэтай кампаніі. Яна аказалася заўзятаркай, і разам з мужам падтрымлівала мяне падчас Алімпіяды ў Сочы. Мне было прыемна, і я збіраюся аддзячыць гэтым беларусам і даслаць ім некаторыя сувеніры на памяць.

* * *

— Пасля першых пратэстаў прайшло чатыры месяцы. Вы для сябе зразумелі, праз які механізм, крок павінна змяніцца Беларусь?

Новыя выбары. Не разумею тых, хто сцвярджае, маўляў, з новым прэзідэнтам нам горай будзе. Ну дык мы пасля хаця б іншага выбраць зможам.

— Але лічыце, што горш, чым Лукашэнка, ён дакладна не будзе?

Не ведаю. Наогул, думаю, што калі б у 2020-м улада змянілася, дык Лукашэнку часцей прыгадвалі б у сувязі з добрымі справамі. А зараз усё годнае, што рабілася раней ў Беларусі, ужо не можа пераважыць дрэннае, што здзяйсняецца зараз. Нас дакладна чакае няпросты перыяд, як у любыя пераходныя часы. Многія памятаюць, як змянялася ўлада ў Польшчы. Мы 25 гадоў таму вазілі туды прадаваць і гарэлку, і ровары, і прышчэпкі, а нашыя трэнеры нават станікі збывалі. Але сітуацыя ў Польшчы змянілася.

— Хто з сённяшніх незалежных палітыкаў найбольш вам імпануе?

— Складана кагосьці вылучыць. Тут цэлы ланцужок людзей, якіх не было б аднаго без аднаго. Без Ціханоўскага не было б у палітыцы ягонай жонкі Святланы. Без яе ў нас наогул не было б выбараў. Яна аб’ядноўвае людзей не таму, што ўсім падабаецца, а таму што стала каталізатарам пэўных зрухаў у грамадстве. Без Віктара Бабарыкі ў палітыку не прыйшла б Марыя Калеснікава, якая здзейсніла ўчынак з пашпартам, што выклікаў у многіх зачараванне. Мне зараз даволі сімпатычны Павел Латушка, які выдатна трымаецца на людзях і робіць добрыя прамовы. Аднак у любым выпадку, калі мы — нацыя топавых айцішнікаў, не думаю, што ў будучыні будзем гараваць. Разумных людзей у нас хапае.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»12

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Усе навіны →
Усе навіны

«Мінсктранс» адмяніў некаторыя аўтобусы Мінск — Вільня19

Не менш за 12 замежных добраахвотнікаў загінулі падчас ліпеньскага ўдару па вучэбным лагеры ва Украіне1

Цапкала просіць брытанскую паліцыю праверыць, ці хацеў Латушка спаліць Ціханоўскую28

«Разабралі будаўнічыя агароджы за ноч»: мінчане 20 гадоў змагаюцца за міні-парк супраць АЗС2

Першае выданне «Хобіта» прадалі за рэкордныя грошы

75-гадовы дзядуля ў Мядзельскім раёне адправіўся на ровары ў 30-кіламетровы паход і прапаў5

Стартап беларусаў, які працуе на Галівуд, трапіў на экраны Таймс-сквер1

Міколу Статкевічу сёння споўнілася 69 гадоў1

Мілінкевіч: Калі паглядзець на вопыт іншых краін, найбольшы поспех быў там, дзе ўдалося спрагназаваць і рэалізаваць дыялог27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»12

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць