Беларусы пачалі атрымліваць лісты ад службы занятасці. Падобна, што ўлады рэанімуюць спісы дармаедаў.

На нарадзе па эканоміцы 7 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна заняцца беспрацоўнымі.

«Неадкладна паставіць на ўлік усіх дармаедаў, што боўтаюцца, і прымусіць іх працаваць. Паўтараю, як бы непапулярна гэта ні гучала. Сёння не працуе, боўтаецца чалавек — гэта не проста пратэстун на вуліцы, гэта будучы злачынец, які падкідвае нам кожны дзень, кожны тыдзень, кожны месяц злачынства, і мы трацім велізарныя грошы для раскрыцця гэтых злачынстваў, а потым некаторых яшчэ трымаем у месцах не гэтак аддаленых».

Адметна, што «лісты шчасця» прыходзяць не толькі беспрацоўным.

Атрымаў яго, напрыклад, Юрась Губарэвіч. У палітыка з 2016 года сваё ІП, якое займаецца сакратарскімі паслугамі і перакладамі. Зарэгістравана ў Першамайскім раёне Мінска.

«Штомесяц я плачу адзіны падатак. За апошні квартал гэтага году не заплаціў і праз дэкларацыю паведаміў пра гэта падатковай загадзя. ІП мае права прыпыняць дзейнасць на нейкі час. Такі быў мой удзел у забастоўцы. Але я не падаваў на ліквідацыю ІП і планую працягнуць дзейнасць у наступным годзе», — кажа Губарэвіч.

Вядома, што такія лісты атрымлівалі індывідуальныя прадпрымальнікі і з іншых раёнаў сталіцы, якія спраўна плацілі падаткі.

Зацікавілася біржа і мінскай пенсіянеркай. Жанчыне (яна папрасіла не ўказваць яе імя) 61 год, раней працавала дзяржслужачай, але ўжо некалькі год як на пенсіі. У службы занятасці сама яна не звярталася і на ўліку як беспрацоўная раней не стаяла. Пару дзён таму ў паштовай скрыні знайшла ліст за подпісам старшыні адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Сяргея Шкруднева.

«У выпадку, калі вы да 31 снежня 2020 года не пацвердзіце сваю занятасць ці не будзеце працаўладкаваны, то будзе прынята рашэнне аб уключэнні вас у спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія аплачваюць камунальныя паслугі па цэнах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна агрунтаваных выдаткаў на іх аказанне», — напісана ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0