Парасмія, або скажонае ўспрыманне пахаў, можа ўзнікаць у пацыентаў з COVID-19 з-за таго, што вірус нейратопны, гэта значыць здольны ўздзейнічаць на нервовыя клеткі. Пра гэта агенцтву PA заявіў прэзідэнт Брытанскай асацыяцыі оталарынголагаў (ENT UK) прафесар Нірмал Кумар, піша Sky News.

Па словах эксперта, вірус уздзейнічае на нервы ў верхняй частцы поласці носа і парушае іх працу. «Гэта як шок для вашай нервовай сістэмы», — адзначыў ён.

Кумар — адзін з першых спецыялістаў, якія ў сакавіку паведамілі пра такі сімптом каранавіруса, як страта нюху (анасмія). Гэты сімптом, паводле Нацыянальнай статыстычнай службы Вялікабрытаніі, з'яўляецца самым пашыраным. Цяпер жа многія сталі скардзіцца, што адчуваюць неіснуючыя пахі.

«Сёння раніцай я прыняў двух пацыентаў з парасміяй», — распавёў прэзідэнт ENT. Абодва яны — медыцынскія работнікі. Па словах Кумара, адзін скардзіўся, што ўвесь час адчувае пах рыбы, а другі — пах паленага, хоць паблізу няма крыніц дыму. Эксперт адзначыў, што часцей за ўсё сімптом сустракаецца ў маладых людзей, а таксама ў медыкаў з-за кантакту з заражанымі ў бальніцах.

Спецыялісты лічаць, што парасмія — адзін з крокаў да аднаўлення нюху, але ў некаторых пацыентаў на гэта могуць сысці гады. 

Дабрачынная арганізацыя AbScent, якая падтрымлівае людзей з парушэннямі нюху, рэкамендавала тым, хто пакутуе на парасмію, прайсці своеасаблівую трэніроўку — кожны дзень на працягу 20 секунд удыхаць пах ружавага алею, цытрыны, гваздзіку і эўкаліпту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0