Чарговае пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы пройдзе сёння ў Мінску. Старшынстваваць на ім будзе кіраўнік саюзнага ўрада, прэм’ер‑міністр Расіі Уладзімір Пуцін.
Беларускі бок узначаліць прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі.
З 14.10 да 15.10 плануюцца перамовы Сідорскага з Пуціным у вузкім фармаце.
Затым пачнецца пасяджэнне ў пашыраным складзе.
Паводле інфармацыі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, у парадак дня ўключаны 22 пытанні. Яны тычацца гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва, рэалізацыі плана сумесных дзеянняў па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу, мер па паляпшэнні параметраў плацежнага балансу, удасканаленні ўмоў вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і ўзаемнага гандлю.
Удзельнікі пасяджэння таксама абмяркуюць выкананне плана мерапрыемстваў па спрашчэнні перамяшчэння тавараў і транспартных сродкаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы; прагнозныя балансы попыту і прапановы па асобных відах прадукцыі на 2009 год; выкананне пагаднення аб рэгуляванні пытанняў уласнасці, справаздачу аб выкананні саюзнага бюджэту за 2008 год і шэраг іншых пытанняў.
Чакаецца, што па выніках пасяджэння будуць прыняты прагнозныя балансы попыту і прапановы па асобных відах прадукцыі на 2009 год.
Найбольш актуальнымі на сёння праблемамі ў адносінах дзвюх краін з’яўляюцца ўзаемны гандаль і супрацоўніцтва прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі.
Так, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад Расіі, які, паводле яго слоў, не выконвае рашэнні прэзідэнтаў дзвюх краін.
«Калі мы пачынаем блакіраваць адзін аднаго ў гэтых пытаннях, і Расія пачынае блакіраваць Беларусь і не пускаць нас на свой рынак, каму патрэбныя гэтыя так званыя інтэграцыйныя працэсы? — заявіў прэзідэнт 22 мая падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць. — Усё развалена, усё блакіруецца, прэзідэнты рашэнні прымаюць — расійскі ўрад правальвае».
Лукашэнка заявіў пра намер узняць гэтае пытанне на сустрэчы з Пуціным: «Мы павінны найсур’ёзным чынам абмеркаваць гэтую праблему. Прэм’ер‑міністр [Расіі] запытаў сустрэчу са мною, я сустракаюся з ім і таксама задам яму гэтае пытанне: чаму?».
Гэтую ж тэму некалькі разоў за апошнія тыдні ўзнімаў і Сідорскі. «На жаль, эксперты пакуль не знаходзяць варыянты вырашэння тых даручэнняў, якія прэм’еры далі мінулым разам, калі падпісалі антыкрызісны план», — заявіў ён 19 мая на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Паўлам Барадзіным.
26 мая на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў Сідорскі паведаміў, што сёння рынкі ў расійскіх рэгіёнах для прасоўвання беларускай прадукцыі «фактычна закрытыя». Ён даручыў чыноўнікам прааналізаваць сітуацыю з прасоўваннем беларускіх тавараў на месцах і падрыхтаваць падрабязную інфармацыю да пасяджэння саюзнага Саўміна.