Усяго патроху

«Я сама стаяла ў ланцугу салідарнасці». Расказвае мама дзяўчынкі Сафіі, імя якой нібыта адгадаў Лукашэнка

24 снежня ў Палацы рэспублікі прайшла галоўная ялінка краіны. На імпрэзе прысутнічаў і Аляксандр Лукашэнка, які глядзеў шоу сярод дзяцей. Тэлеграм-канал «Пул Першага» выклаў відэа, дзе Лукашэнка сеў побач з дзяўчынкай і з другой спробы адгадаў яе імя.

«Крысціна?» — «Не» — «Можа, Сафія?» Дзяўчынка кіўнула.

«Ух ты, з другога разу!» — пасміхнуўся Лукашэнка.

«Наша Ніва» пагутарыла з мамай 12-гадовай Сафіі і распытала яе пра ўражанні дачкі і пазіцыю самой жанчыны.

«Сафія — выдатніца, акрамя таго, займаецца музыкай, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Спявае ў гуртах «Цёмыч і кампанія» і «Нескучный возраст» — з апошнімі ўдзельнічалі ў адборы на дзіцячае Еўрабачанне з вельмі прыгожай беларускамоўнай песняй «Файна», — расказвае Святлана Вітальеўна, мама Сафіі.

— Перад ялінкай нам пазванілі з адміністрацыі школы, запрасілі на мерапрыемства і папярэдзілі, што нам трапіўся такі квіток — маўляў, магчыма, побач з дачкой будзе сядзець прэзідэнт.

Я не ведаю, хто плануе рассадку. Ведаю, што калі падаюцца спісы дзяцей, на кожнае дзіця робяць партфоліа з фота, указваюць дасягненні, узнагароды. Але на маю думку, Сафію не выбіралі адмыслова для таго, каб сесці побач з Лукашэнкам — проста ёй трапілася такое месца.

Я прысутнічала таксама, мне далі квіток. Але дачка была на 18 шэрагу, я — на 9-м.

Я папярэдзіла дачку, што магчыма сустрэнецца з Лукашэнкам — яна была ў захапленні і не магла дачакацца.

Пасля там была праграма такая: дзеткі, якія ўручылі падарунак прэзідэнту, адвялі яго на тое месца і самі селі побач.

Дачцэ Лукашэнка вельмі спадабаўся. Яна сказала: мама, ён такі добры, я б хацела, каб у мяне быў такі дзядуля!

Ці ведаў ён загадзя імя Сафіі, ці сапраўды здагадаўся — я не ведаю. Але наўрад ці ж яму загадзя паведамляюць імёны дзяцей. Мяркуючы па яго эмоцыях на відэа — сапраўды здагадаўся.

Ён увесь канцэрт прасядзеў побач з Сафіяй. Пытаўся ў Сафіі, ці падабаецца ёй казка. Яна сказала, што так, ёй падабаецца казка і чараўніцтва.

Пасля выхаду відэа, дзе Лукашэнка побач з Сафіяй, мне пісалі некаторыя знаёмыя, якія пастаянна ўдзельнічаюць у Маршах. Казалі, што лепш бы мы з дачкою з’ездзілі ў дзіцячы хоспіс, а не весяліліся на ялінцы Лукашэнкі. Але дзеці ж па-за палітыкай. Для іх ялінка — гэта свята, эмоцыі. І Сафія не выключэнне — для яе гэта была вялікая падзея, і па сёння яна гэта ўзгадвае. І прэзідэнцкая ялінка — гэта ж традыцыі, гэта штогадовае свята для дзетак, якія сваёй працай чагосьці дабіваліся ўвесь год: спявалі, танчылі, удзельнічалі ў алімпіядах».

Сафія спявае ў гурце «Нескучный возраст» разам з Арцёмам Макеем — сынам міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і Веры Паляковай.

«Яны раней нават вучыліся з Арцёмам у адным класе, разам пайшлі ў музычную школу, займаліся творчасцю. Цяпер ён, праўда, сышоў з гэтай школы: хлопец не вельмі любіў спяваць, яму больш пачало падабацца акцёрства.

З Уладзімірам Макеем ці Верай Паляковай я перасякалася, але толькі таму, што дзеці вучыліся і спяваюць разам. Мы не сябры, не прыяцелі. Але магу сказаць, што Уладзімір Макей мне вельмі імпануе: сціплы, прыстойны, добры чалавек. Вера Палякова вельмі працавітая, такая таленавітая! Любіць сваю працу і гледачоў. Я бачыла, як Палякова рабіла пастаноўкі з дзеткамі са школы — яна таленавіты чалавек ва ўсіх адносінах», — расказвае Святлана Вітальеўна.

А якая сёння грамадскай пазіцыя ў самой жанчыны?

«Калі казаць пра ялінку, то ў мяне дваістыя пачуцці. Я рада, што майму дзіцяці было добра. Дачка вельмі радавалася, і ў гэтым мая матчына радасць таксама. Я не маю права нанесці дачцэ нейкую псіхалагічную траўму, расказваючы нешта. Дзяцей, можа, лепш агарадзіць ад усяго гэтага.

Дачка бачыла, як я выхадзіла з кветкамі на вуліцы — і ўспрымала гэта як свята. Пра Маршы на вуліцах ці бела-чырвона-белую сімволіку яна пытанняў не задавала, і я сама яе ўвагу не канцэнтравала на гэтым. І для мяне самой важная не столькі сімволіка, як тое, каб усе беларусы жылі ў дабрабыце, згодзе і любові.

У дачкі дзяцінства — і Новы год гэта свята, гэта традыцыі, ялінка… І сітуацыю я разглядаю так: з дачкою сядзеў прэзідэнт. А тое, што прозвішча яго — тое, супраць чаго сёння выступаюць многія, то тут маё дзіця не вінаватае, — тлумачыць Святлана Вітальеўна. 

 - Што тычыцца мяне — я індывідуальны прадпрымальнік. За каго сёлета галасавала, хай застанецца таямніцай. Але я супраць гвалту і ўсяго, што тычыцца рэпрэсій, якія прымяняюць да беларускага народа, бо ўсе мы маем права на сваю пазіцыю, на тое, каб выказацца ў той ці іншай форме.

Аднойчы я была ў ланцугу салідарнасці неўзабаве пасля 9 жніўня, стаяла з кветкамі. Выказвала такім прыгожым чынам сваю пазіцыю: што я супраць гвалту і крыві, што я за дыпламатычнасць і іншы падыход да вырашэння пытанняў».

Але ж хто вінаваты ў гэтым гвалце?

«Напэўна, наша ўлада вінаватая, калі адбываецца такая сітуацыя. Трэба шукаць іншыя шляхі вырашэння пытанняў, трэба пачуць адно аднаго, пайсці на дыялог. Але ў медаля два бакі: ніхто з людзей ва ўладзе не быў у шкуры народа, і ніхто з народа не быў у шкуры ўлады. Кожны бок мае свае плюсы і мінусы, свой боль, сваё гора, — мяркуе жанчына. — Ці перамог Лукашэнка на выбарах? Не ведаю, я ж не магу палічыць колькасць бюлетэняў. Але мая мама жыве ў сельскай мясцовасці, яна бібліятэкар, зараз на пенсіі. І яна заўсёды ў выбарчых камісіях.

Я спыталася ў яе сёлета, мама кажа: падлічылі галасы, у нас Лукашэнка перамог. Таму, дапускаю, што ў правінцыі, у вёсках большасць за Лукашэнку. Сярод інтэлігенцыі і ў гарадах, дапускаю, перамагла Ціханоўская.

Але 80% у Лукашэнкі — малаверагодная лічба, калі глядзець па тым, што адбылося ў краіне, і па масавасці пратэстаў. Дапускаю, 50-60%. 80% — не».

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны11

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Усе навіны →
Усе навіны

Пажар на станцыі і спыненне цягнікоў — у Расіі кажуць пра масіраваную атаку БПЛА1

Магчыма, менавіта тут была вязніца Кейстута. Археолаг прыадкрывае сакрэты Крэўскага замка15

Як мінімум 68 мігрантаў загінулі ля берагоў Емена ў выніку крушэння лодкі, дзясяткі зніклі без вестак3

Расія моцна пашкодзіла важны мост у Херсоне. Ці кажа гэта пра падрыхтоўку да дэсанту на правы бераг?2

Лукашысты вераць, што змогуць зняць санкцыі ні за што. Гэта рэальна?25

У Вільні ў смеццевым кантэйнеры непадалёк ад амбасады Расіі знайшлі часткі цела забітага падлетка8

Прамова гэтага мінскага выпускніка на лінейцы ў 2020-м узарвала інтэрнэт. Што з хлопцам цяпер?10

Японцы з дапамогай 3D-друку пабудавалі дом з зямлі, а не бетону1

У Беларусі з'явілася вакансія з заробкам 33 тысячы рублёў. Каго шукаюць?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны11

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць