12-14 чэрвеня на мяжы Літвы і Беларусі пройдзе трэці міжнародны фестываль музыкі і мастацтваў Be2gether. З прычыны, што пляцоўка знаходзіцца на тэрыторыі Літвы і на пэўнай адлегласці ад буйных гарадоў, паўстае лагічнае пытанне: як туды дабрацца?

З машынай

Да Нарвілішак ад Мінску каля 200 кіламетраў. Гэта па маршруце Ліда – Шальчынінкай – Дзевянішкес – Даўлянай – Нарвілішкес. Можна заехаць і ў Вільню, хоць гэта значна падоўжыць вашую дарогу. У любым выпадку галоўнае — не забыць аформіць да ўезду на тэрыторыю Літвы аўтамабільную страхоўку (“зялёная карта”, каштуе 30 еўра).

Без машыны

Каб дабрацца да фестывальнай пляцоўкі без машыны, трэба да абеду 12 чэрвеня прыехаць у Вільню. Кожны дзень у 6.30 з Мінску туды ідзе цягнік, квіток на які каштуе ўсяго 23 тысячы. З аўтавакзалу “Усходні” ў Вільню штодня ідзе нямала аўтобусаў (падыходзяць 7.20, 8.20), кошт праезду ў якіх складае 37,5 тыс. рублёў. На любым з гэтых відаў транспарту можна дабрацца да літоўскай сталіцы прыкладна за 4 гадзіны.

Потым трэба апынуцца на аўтавакзале Вільні. Гэта нескладана, бо менавіта туды прыязджае аўтобус Мінск – Вільня, а ад чыгуначнага вакзалу да яго пехам усяго 3 хвіліны. 12 чэрвеня ў 11.00, 12.00, 13.40 і 14.35 з аўтавакзалу выпраўляюцца фестывальныя аўтобусы да Нарвілішак. Арганізатары абяцаюць дастатковую колькасць транспарту для ўсіх ахвотных. Кошт праезду да фестывальнай пляцоўкі складзе 18 літаў (каля 20 тыс. рублёў).

Асноўныя выступы фестывалю будуць праходзіць амаль кругласутачна з абеду 12 чэрвеня, а скончыцца ён удзень 14 чэрвеня, пасля чаго зноў жа аўтобусам можна будзе даехаць да Вільні. Хэдлайнерамі фестывалю сёлета будуць Gogol Bordello (ЗША), Clawfinger (Швецыя), Touch And Go (Вялікабрытанія), Polarkreis 18 (Германія), Roni Size (Вялікабрытанія), Dilated Peoples (ЗША). Беларусь прэзентуюць гурты "Ляпис Трубецкой" і "The Toobes".

Квіток на ўсе дні фестывалю каштуе 160 тыс. руб. Падчас звароту ў амбасаду Літвы да 1 чэрвеня ўключна беларускім наведвальнікам фестывалю даецца бясплатная віза. Набыць квіткі можна па тэлефонах (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96, а таксама праз сайт www.soundline.by і ў канцэртных касах Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?