Кангрэс ЗША адмяніў вета прэзідэнта Дональда Трампа, накладзенае на праект абароннага бюджэту краіны на 2021 фінансавы год, піша BBC.

Каб прыняць рашэнне па гэтым пытанні, Сенат сабраўся 1 студзеня. Раней аналагічнае рашэнне прыняла Палата прадстаўнікоў. За адмену прагаласаваў 81 сенатар, супраць — 13. Неабходна было дзве траціны галасоў заканадаўцаў верхняй і ніжняй палат Кангрэса. 

У праект абароннага бюджэту на 2021 год закладзена 740 млрд даляраў. Трамп, які неўзабаве саступіць сваю пасаду Джо Байдэну, хацеў унесці змены ў некаторыя палажэнні праекта, якія тычацца нацыянальнай бяспекі. Ён назваў яго падарункам Расіі і Кітаю. 

Трампу, у прыватнасці, не спадабалася, што ў дакуменце прадугледжвалася абмежаванне на вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана і еўрапейскіх краін, а таксама прапанова перайменаваць некаторыя вайсковыя базы, названыя ў гонар военачальнікаў, якія ваявалі за рабаўладальніцкі поўдзень падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША. 

«На жаль, гэты закон не ўключае ў сябе найважнейшыя меры па абароне нацыянальнай бяспекі, — сказаў Трамп. — У тым ліку ў ім ёсць нормы, якія не праяўляюць павагі да нашых ветэранаў, да нашай ваеннай гісторыі і супярэчаць намерам адміністрацыі аддаваць Амерыцы прыярытэт у пытаннях нацыянальнай бяспекі і знешнепалітычных дзеянняў».

Таксама ён хацеў ўнесці палажэнне аб адказнасці сацсетак.

Па амерыканскіх законах, акты, якія прымае Кангрэс, павінен падпісаць прэзідэнт. Калі амерыканскі лідар не згодны з тым ці іншым законам, ён можа накласці на яго вета. Калі пасля гэтага законапраект зноў падтрымаюць дзве траціны членаў абедзвюх палат Кангрэса, вета лічыцца пераадоленым і ён уступае ў сілу.

Калі б Кангрэс не пераадолеў вета Трамп на закон аб ваенных выдатках, гэта быў бы першы выпадак за апошнія 60 гадоў, калі абаронны бюджэт ЗША не ўступіў у сілу.

Спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі, якая прадстаўляе Дэмакратычную партыю, заявіла, што вета Трампа з'яўляецца прыкладам дзівоснага разгільдзяйства, з-за якога ўзнікае пагроза бяспецы краіны, і дэманструе непавагу да волі двухпартыйнага Кангрэса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0