Adobe Flash Player — некалі папулярны мультымедыйны модуль, на які анлайн-кантэнт абапіраўся на працягу многіх гадоў, афіцыйна спыняе працу, піша BBC.

Створаны ў 1996 годзе Flash выходзіў за межы простага прайгравання відэа, ён дапамагаў людзям ўвасабляць свае ідэі ў фармаце мультымедыя.

Але знайсці сваё месца ў эпоху смартфонаў яму не ўдалося.

Adobe спыніла падтрымку Flash Player на аперацыйнай сістэме Windows 10.

Пра гэта кампанія папярэдзіла карыстальнікаў асобным паведамленнем і заклікала іх «неадкладна выдаліць Flash Player, каб дапамагчы абараніць свае сістэмы».

А з 12 студзеня Adobe будзе блакаваць запуск любога Flash-кантэнту.

Калі з'явіўся Flash, большасць карыстальнікаў выходзілі ў інтэрнэт праз мадэмнае злучэнне, якое было вельмі павольным па сённяшніх стандартах.

А Flash дазваляў вэб-дызайнерам і аніматарам ствараць займальны кантэнт, які можна было спампаваць адносна хутка.

Flash — гэта больш, чым проста анімацыя. Ён дазваляў вэб-сайтам накшталт YouTube трансляваць высакаякаснае відэа.

У 2009 годзе Adobe выхвалялася, што Flash Player «усталявалі на 99% усіх настольных кампутараў, падлучаных да інтэрнэту».

Але свет рухаўся ў бок мабільных прылад, а Adobe павольна на гэта адрэагавала.

Супраць яе выступіў Стыў Джобс: першыя айфоны не выкарыстоўвалі Flash.

У красавіку 2010 года Джобс напісаў адкрыты ліст пад загалоўкам «думкі пра Flash», у якім патлумачыў, чаму Apple не дазваляе запускаць Flash на iPhone і iPad.

Ён сцвярджаў, што Flash нязручны ў выкарыстанні на сэнсарным экране.

Але галоўнай прычынай антыпатыі Джобса да Flash была праблема з бяспекай гэтага прадукту.

На змену Adobe Flash Player прыйшлі новыя стандарты накшталт HTML5, якія дазваляюць рабіць тое ж самае без інсталяцыі дадатковых плагінаў.

Буйныя брэнды, такія як Facebook, Netflix і YouTube, ужо транслявалі відэа на смартфоны без Flash, а ў лістападзе 2011 года Adobe спыніла распрацоўку Flash для мабільных прылад.

У 2015 годзе Apple па змоўчванні адключыла модуль у сваім браўзеры Safari, а Google Chrome пачаў блакаваць некаторыя фрагменты Flash-кантэнту.

У ліпені 2017 года Adobe абвясціла аб спыненні падтрымкі Flash у 2020 годзе. Гэта паставіла пад пагрозу цэлы пласт лічбавай культуры, якая хоць і састарэла, але мела права застацца ў гісторыі сеціва.

І ратаваць ад знішчэння флэш-гульні падахвоціліся энтузіясты.

Распрацоўшчык Zynga заявіў, што закрые гульню Farmville ў Facebook з-за спынення падтрымкі Adobe Flash Player. На піку папулярнасці FarmVille мела мільёны карыстальнікаў.

У лістападзе «Архіў інтэрнэту» (the Internet Archive) пачаў захоўваць на сваім сайце флэш-анімацыю і гульні. Яны працуюць на эмулятары Ruffle, а аўтарам праектаў прапануюць загрузіць свае працы на сайт самастойна, каб захаваць іх у гісторыі.

Adobe выпусціла апошняе запланаванае абнаўленне для Flash і падзякавала ўсім, хто карыстаўся і ствараў кантэнт Flash Player апошнія два дзесяцігоддзі.

Adobe выклала на сваім вэб-сайце інструкцыі па выдаленні Flash з кампутараў Windows і Mac. 

«Выдаленне Flash Player дапаможа абараніць вашу сістэму, таму што Adobe не плануе выпускаць абнаўленні або выпраўленні бяспекі пасля заканчэння тэрміну службы», — папярэджвае кампанія.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?