Гэта не кірунак для звычайнага турызму, але адтуль вяртаешся з верай.

Каб патрапіць у Нароўлю з Мінску, трэба рушыць праз Мазыр, праз славутыя даўжэзныя масты над Прыпяццю, праз заказнік «Мазырскія яры», праз трамвайную лінію між палёў, праз горы, лясы і рэкі… Варта ўехаць у Нараўлянскі раён, як сустракае знак радыяцыйнае небяспекі з папярэджаннем, што тут забаронена паліць вогнішчы і касіць траву. Але як вы прыехалі не па дровы і не па сена, вас грозныя знакі не тычацца. Дарогі тут дагледжаныя. Зрэшты, як і ўсё іншае. Статус абавязвае: наступствы вялікае катастрофы на АЭС у Чарнобылі, да якое адсюль — шэсць‑сем дзясяткаў кіламетраў.

Нароўля сустракае зялёнымі шатамі дрэваў і вежамі з чырвонае цэглы, рыхтык гатычным замкам з зубцамі, выступамі, аркамі. Гэта слынная кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін».
Некалі тут быў цукровы завод і бровар паноў Горватаў. Гэтае найстарэйшае нашае прадпрыемства па вырабе слодычаў на адным з палотнаў увекавечыў Адам Глобус. Тут вырабляюць 70 гатункаў цукерак, а перадусім славуты зефір.

Прадмесцяў з прысадамі, з якіх пачынаюцца іншыя гарады, у Нароўлі няма. Дзікая прырода існуе сама сабой, а людзі жывуць побач, за бардзюрамі і платамі, асфальтам і бетонам.

Паводле аднаго з паданняў, Нароўля атрымала назву ад ракі Нараўлянкі. Іншыя гісторыкі звязваюць назву з легендарнымі неўрамі, якіх згадваў Герадот. У Беларусі багата яшчэ тапонімаў і гідронімаў з коранем «нур», «нор»: Наўры, Нараўка, Нарва, Нурэц.

Галоўная адметнасць Нароўлі — палацавы комплекс Горватаў з шыкоўным паркам. Сёння там жывуць адно здані… Двухпавярховая камяніца ў духу высокага класіцызму стаяла ў парку на стромым беразе Прыпяці. У будынак з чатырох бакоў вялі лесвіцы, перад палацам раслі старажытныя вялікія ліпы і пастрыжаны шарамі персідскі бэз…

Тузін гадоў таму з яго прыбралі школу. І ніхто не даў задання тамтэйшаму начальству палац зберагчы. Яго разрабавалі дашчэнту. Чыноўнікі ківаюць на хуліганаў і п’янтосаў, але… цяжка паверыць, што п’яныя хуліганы паздымалі падлогі, разабралі кахляныя печы і літыя чыгунныя балкончыкі…

Начальнікі хваляцца праектам рэстаўрацыі на 56 мільёнаў рублёў. Але ўратаваць палац — зрабіць надзейны дах, патынкаваць, пафарбаваць і замкнуць дзверы — каштавала б меней.

Болей пашанцавала старажытнаму парку, што разлёгся на восем гектараў. Яго векавечныя дубы і калматыя лістоўніцы памятаюць яшчэ часы Рэчы Паспалітае… Не дзіва, што ў Нароўлі нарадзіўся слынны батанік Мікалай Смольскі.

За палацам, на строме над ракою, ацалелі аскабалкі фантану з мураванымі ампірнымі лавамі. Захавалася паркавая альтанка‑маяк на высокім беразе, ля ўтоку Нараўлянкі ў Прыпяць. Выкшталцоная і зграбная, яна і ёсць найлепшым сімвалам і талісманам гораду.

А поруч — рачны вакзал, дагледжаны і свежапафарбаваны. Гатовы сустрэць пасажыраў. Але ніхто сюды не прыплывае. Штурвал ад рачнога карабля, якар — тужлівыя сімвалы вінаватасці без віны, закінутасці некалі квітнеючага краю.

Уся Нароўля падобная на вялікі піянерлагер. Так тут усё вымецена, пафарбавана і падгрэбена.
Звонкія фарбы, бліскучая металадахоўка, новыя шклопакеты, мора зеляніны ў квецені ніяк не асацыююцца з небяспекай, што тоіць нябачны звер радыяцыі. Нават манумент у памяць Чарнобылю з пералікам выселеных вёсак застаўлены караблікам з пунсовымі ветразямі, вядомым са школы, — вобразам надзеі і мараў.

І паўсюль, рыхтык у лагеры, — дзеці. Ловяць рыбу і гуляюць ў футбол, ідуць у кіно і па марозіва, у школу і са школы мастацтваў, фантан перад якой упрыгожыў старасвецкі вазон з панскага палацу… Воля да жыцця, жарсны аптымізм тутэйшых людзей захапляе. Пачынаеш сам верыць, што ўсё можна адолець.

Казацкія катлы, скіфскія амфары і рэспіратар

У горадзе мала захавалася помнікаў старасвеччыны. Стаіць адметны драўляны будынак былое бальніцы пачатку XX ст. з традыцыйным для палескага дойлідства разьбяным дэкорам. У ім цудоўны Этнаграфічны музей. Тут і інтэр’еры, і артэфакты, і вялізарная калекцыя ткацтва, і экзатычныя прылады тутэйшых рабакоў ды паляўнічых. Ужо дзеля гэтага музею сюды варта ехаць.

Гісторыка‑краязнаўчымі музеямі ў школах рупіцца Васіль Чайка, апантаны краязнаўца. Сам блукае па адселеных зонах, збірае тое, што дапаможа зберагчы для будучых пакаленняў памяць…

Школьным музеям Нароўлі пазайздросціць любы раённы цэнтр.
Тут і казацкія катлы, і скіфскія амфары, улёткі часоў УНР, зброя і абразы, старыя радыёпрымачы і каменныя сякеры. А калі давядзецца паслухаць Васіля Чайку — проста моцна пашанцуе. Ён распавядзе і пра казаччыну, і пра жыццё ў рэйхскамісарыяце «Украіна», і пра чарнобыльскі хаос… Адзін з самых драматычных экспанатаў у школьным музеі — саматужны рэспіратар, што пашыла бабка са старое паркалёвае наўлечкі ў квецікі.

Сядзібы Горватаў і Аскеркаў

Замест старых храмаў у Нароўлі паўсталі новыя. Самы цікавы з іх — касцёл Святога Крыжа, перароблены з колішняга РУУСу. Цяпер гэта велічны храм з вітражамі, дыхтоўнай мэбляю, прасторнай, але па‑хатняму ўтульнай плябанню.

Новы праваслаўны Свята‑Яна‑Багаслоўскі храм уладкаваны таксама ў былым свецкім будынку, але як ён хораша, з любоўю, уладкаваны!

Недалёка шуміць пярэсты палескі кірмаш. Адны кабеты гавораць чыста па‑беларуску, іншыя — амаль чыста па‑ўкраінску. Уся Нараўляншчына тут, як на выставе…

У старажытнае мястэчка, а цяпер аграгарадок Галоўчыцы варта заехаць, каб пабачыць яшчэ адзін палац мажнаўладцаў Горватаў. Як і ў Нароўлі, захаваўся шыкоўны парк. Толькі палац цэлы, бо ў ім абсталявалі амбулаторыю.

Аўтарам праекту яго галоўнай брамы быў славуты варшаўскі дойлід Тадэвуш Раставароўскі. Атвор у выглядзе двух паўколам выпнутых у бок парку белых муроў нібы абяцае нешта неверагоднае ў харастве і велічы… Высакароднасць простых формаў і грацыёзнасць калонаў ствараюць урачыстую атмасферу.

З Галоўчыц дарога вядзе наўпрост на Дзямідаў, колішнія Дзямідавічы, вёску, вядомую ў гісторыі раней за Нароўлю. Там нарадзіўся Юры Жыгамонт, вядоўца памятнай тэлеперадачы «Падарожжа дылетанта».

Між Дзямідавым і Антонавым дарога грунтавая. Вёска Антонаў над ракой Славечнаю — тут гідронімы ўжо не балцкія, як у большай частцы Беларусі, а славянскія — слынная беларускімі песнямі, якіх нямала пазапісвалі фалькларысты. На другім беразе захаваліся парэшткі замку Аскеркаў, дзе знаходзяць сярэднявечную кахлю ды іншыя цікавосткі.

За Славечнай у свой час пачыналася Кіеўскае ваяводства Каралеўства Польскага, затым Кіеўская губерня. Гаворкі тут ужо ўкраінскія. Але цяпер большасць вёсак, да самае ўкраінскае мяжы, адселеныя.

Крыж італьянкі

Уражвае і сакавітая ўкраінска‑польская трасянка ў Грушаўцы, цэнтры тутэйшых каталікоў. Рыма‑каталікі ў Аляксандраўцы, Мальцах, Габрыэлеўцы, Чэхах, Лубені, Свячы жылі ад часоў, як гэты закуток у XVII ст. трапіў у склад Кароны Польскай. Грушаўка належала галоўчыцкім Горватам. У 1916 г. жонкаю Станіслава Горвата стала італьянская графіня Францішка Анэля Паўленс дэ ла Рохе. Пабожная графіня загадала паставіць у Грушаўцы крыж, запрасіла біскупа асвяціць месца будучай капліцы… Пабудаваць да 1917‑га не паспелі. Але зацятыя грушаўцы маліліся па хатах.

Старыя не могуць стрымаць слёз, апавядаючы, што ім выпала перажыць за веру. Сорак мужчын былі расстраляныя за Сталінам.
Усе савецкія гады грушаўцы ездзілі да касцёлу ў Жытомір, пасля сюды таемна наязджалі ксяндзы. Ацалеў да нашых дзён і стары крыж з касцяным Укрыжаваннем, што ставіла яшчэ пані Францішка Горват! Ён стаіць у полі 94‑гадовай Антаніны Жураўскай. Пад гэтым крыжам пачаліся адкрытыя маленні ў 1988‑м. Цяпер велічны касцёл Божае Міласэрнасці здалёк бялее на высокім пагорку пасярод вёскі. Мара людзей і пані Горватавай здзейснілася праз 82 гады.

Перад вяртаннем у Нароўлю варта заехаць у Вербавічы, каб убачыць барочную Параскева‑Пятніцкую царкву XVIII ст. За савецкім часам тут быў музей. Цяпер ізноў дзівосны храм стаў храмам. Дай Бог збавення гэтаму прыгожаму краю над Прыпяццю.

Сяргей Харэўскі

Глядзі таксама:
Над ракой Арэсай
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0