«Чаркаваліся вадой з-пад крана ў пластыкавых кубках»

Антон Галанаў. Фота з архіваў героя

Антон Галанаў выйшаў з жодзінскага СІЗА 3 студзеня: 19-гадовы студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта трапіў за краты за тое, што сфатаграфаваўся з суседзямі па Малінаўцы на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

— Пры гэтым па пратаколе я ўдзельнічаў у маршы, выкрыкваў палітычныя лозунгі. Сведка на судзе паблытаў і дату майго затрымання, і месца, і час — усё адно далі 15 сутак. Не змякчыла прысуд нават тое, што ў мяне інваліднасць па зроку, — расказвае Антон.

Чатыры дні хлопец правёў на Акрэсціна. Адзін з іх — з сукамернікам, у якога пацвердзіўся каранавірус, яго пасля забралі. У сераду арыштантаў перавезлі ў Жодзіна. Перадачы ніхто з новенькіх атрымаць ужо не паспеў.

— Пашанцавала, што валанцёры далі хаця б зубныя шчоткі, туалетную паперу і крыху печыва, — расказвае хлопец. 

Перадача ад сваякоў прыйшла акурат перад Новым годам — 30 снежня, але, як згадвае Антон, яе чамусьці ўвесь дзень і ноч трымалі пад дзвярыма і аддалі толькі 31-га.

— Сваякі паклалі нам сыр, каўбасу. З навагодняга — крыху мандарынаў і сурвэткі з зімовымі ўзорамі. Лісты мне ўсе 15 сутак не аддавалі, хаця ведаю, што іх пісалі. Мы самі 31 снежня перадалі на волю віншаванні для сваіх — з тымі, хто якраз выходзіў раней на волю.

31 снежня бліжэй да адбою хлопцы — у камеры было 10 чалавек — селі за стол, упрыгожылі яго сурвэткамі, расклалі сваё «багацце». 

— У перадачы апынуліся аднаразовыя кубачкі. Мы налілі ў іх вады з-пад крана і «чаркаваліся», прамаўляючы тосты: «Каб Новы год быў лепшы за стары», «За перамены», «Каб не сустракацца больш у падобных месцах»… Дзяўчаты з суседняй камеры пачалі спяваць «Муры» і ўсялякія навагоднія песні кшталту Jingle Bells. А недзе ў 23:34 (відаць, у адной з камер змаглі даведацца пра час) у СІЗА пачуўся крык: «Сыходзь! З Новым годам! Ура!» Ахоўнікі, канечне, афігелі ад такога нахабства. Пачалі рабіць заўвагі, усіх супакойваць. Адзін супрацоўнік папрасіў: «Давайце хаця б Новы год сустрэнем па-за палітыкай».

Антон таксама расказвае, што чуў, як пасля 00:00 грымелі салюты. 

— У нейкі момант нават падалося, што пару залпаў было зусім побач з СІЗА. Мы вырашылі — гэта, каб падтрымаць нас.

1 студзеня ніякіх паслабленняў для асуджаных не было — пад’ём у 6.00 і ўсё па раскладзе. Праўда, як адзначае суразмоўца, ежа была нашмат лепшай, чым звычайна: на сняданак далі рыс, на абед быў смачны боршч, мяса далі нетрадыцыйна шмат. Складвалася ўражанне, што кухар нібыта спецыяльна пастараўся.

— На свабодзе мяне сустракалі не толькі сваякі, але і суседзі ў двары. З феерверкамі і шампанскім. Так што свята для мяне працягнулася. Праўда, большым святам было зноў спаць на сваёй канапе з выключаным святлом, — кажа Антон. — Ведаеце, адно з маіх хобі — гістарычная рэканструкцыя. І я актыўна збіраў старую форму міліцыянераў, яшчэ савецкую нават. А цяпер нават не ведаю, што з гэтым рабіць. Апранаць яе пасля выбараў дакладана не хочацца, — шчыра прызнаецца юнак.

«Гэты Новы год я запомню назаўсёды»

38-гадовы Уладзімір Плахотнікаў займаецца распрацоўкай інтэрнэт-крам. Яго схапілі недалёка ад станцыі метро «Партызанская» 20 снежня, у родным раёне, калі ён адзін ішоў дадому.

Уладзімір Плахотнікаў. Фота з архіваў героя

Асноўную частку сваіх сутак ён таксама адбыў у Жодзіне.

— Ніякіх паслабленняў у гонар свята нам не рабілі. Нават не выводзілі пагуляць, хаця мы вельмі прасілі — за 13 сутак я дыхаў свежым паветрам толькі адзін раз. Хаця вось душ мы, нарэшце, дачакаліся 31 снежня. А так — усё як звычайна: прыбіральня без дзвярэй, адпаведныя пахі і ахоўнікі, якія свяцілі лазерам у вочы, каб мы не сядзелі на ложках (на лаўцы на ўсіх месца не хапала, прыходзілася стаяць).

Падняць сабе настрой атрымалася толькі перадачамі, з якіх і склаўся святочны стол.

— Бліжэй да апоўначы мы чулі, як нейкія людзі крычалі пад турмой: «З Новым годам!» Было вельмі прыемна. Раніцай 1 студзеня мы зноў разбавілі традыцыйны рацыён нашымі перадачкамі: было крыху мандарынаў і нават кавалак чырвонай рыбы. Павіншавалі адзін аднаго. Незвычайныя ў мяне эмоцыі ад сустрэчы Новага года ў турме — будзе што згадаць. І такое дакладна не забудзеш.

2 студзеня на свабодзе Уладзіміра сустракаў натоўп з блізкіх.

— Было вельмi прыемна, што столькi чалавек прыехалі мяне сустрэць. І з падарункамi! А дома мяне чакаў святочны стол i яшчэ порцыя падарункаў пад ёлкай.

Астатнія святы Уладзімір правядзе дома, бо захварэў за кратамі на каранавірус.

«З сурвэтак зрабілі навагоднюю елку»

33-гадовы дырэктар фірмы па рэстаўрацыі Максім Каравай таксама апынуўся ў Жодзіне. 

Максім з сям'ёй

— Забралі 20 снежня проста каля пад’езда ў Мінску. Пакуль я вёў размову з бабуляй, якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, невядомыя выбеглі з буса і мяне забралі: на 12 сутак па вядомым артыкуле 23.34.

У камеры з Максімам былі некалькі айцішнікаў, выкладчык вышэйшай матэматыкі, навуковец, інжынер, спартовец, а таксама адзін мужчына, які сядзеў за крадзеж.

— Самым цяжкім для мяне было спаць з уключаным святлом. На пытанне, чаму так, нам адказалі: «Каб вам не было тут салодка». У камеры была антысанітарыя, паўсюль — цвіль і жудасны пах. Праўда, праз некалькі дзён знаходжання ў Жодзіне мы атрымалі мыла і ўжо вымылі ўсё, да чаго дацягнуліся. Акрамя гэтага, нам не аказвалі медыцынскую дапамогу — у некаторых сукамернікаў адчувалася тэмпература, мы прасілі лекі ці хаця б кіпень, але некалькі дзён нас ігнорылі. Толькі пад самы Новы год выдзелілі дзве таблеткі парацэтамолу на дзесяць чалавек.

31 снежня хлопцам дайшла першая перадача. Ліставанне пры гэтым блакавалася цалкам.

— У нас атрымаўся сапраўдны святочны стол, бо да гэтага мясцовую ежу збольшага выкідвалі — яна была нясмачная. З сурвэтак мы зрабілі навагоднюю ёлку. Нягледзячы на адбой у 22:00, мы бліжэй да 00:00 перастукваліся і крычалі адзін аднаму «Жыве Беларусь!». Мы ведалі, што недзе побач з намі ў Жодзіне Марыя Калеснікава і Сяргей Ціханоўскі, таму разлічвалі, што нехта захоча прыйсці павіншаваць іх пад турму. Так і адбылося: уначы мы пачулі звонку і гук ад феерверкаў, і крыкі «Жыве Беларусь!». Самы цікавы дзень у турме атрымаўся. Што тычыцца жаданняў, то загадалі мы ўсе адно: тое, чаго хоча ўся краіна, — расказвае Максім.

Асобны дзякуй Максім папрасіў перадаць валанцёрам, якія і ў святы дапамагалі сваякам з перадачамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?