Позна ў чацвер у Менск прыляцеў пераможца Еўрабачання Аляксандр Рыбак. Яго запрасіў тэлеканал АНТ для ўдзелу ў шэрагу сваіх праектаў.

Прыватны самалёт прызямліўся ў аэрапорце Мінск-1 позна ўвечары. На борце было пяць чалавек - Аляксандр і ягоная мама, а таксама два хлопцы і дзяўчына.

Паколькі Рыбак прыляцеў па запрашэнні АНТ, на сустрэчу са спеваком не пусцілі журналістаў. Яны чакалі на вуліцы, разам з некалькімі дзесяткамі фанатак, пераважна школьна-студэнцкага ўзросту.

Тымчасам, ля трапу Рыбака сустрэлі тры скрыпачкі, якія выканалі ягоную «Казку». Затым спеваку ўручылі торт у выглядзе зубра. Жывёліна, праўда, атрымалася невыразнай, таму Аляксандр запытаўся: «Гэта жаба ці рыба?»

Непасрэдна ў менскім аэрапорце нарвежскаму грамадзяніну з беларускімі каранямі аформілі мясцовую візу. Затым АНТшныя ахоўнікі зрабілі «калідор» і вельмі хутка правялі спевака да мікрааўтобуса, што быў прыпаркаваны ў некалькіх метрах ад дзвярэй аэрапорта.

Фанаткам не пашанцавала — ні аўтографа, ні паветранага пацалунка. Рыбак толькі на імгненне высунуўся з аўто і коратка падзякаваў усім прысутным на чысцюткай расейскай мове.

Начаваць спявак будзе ў гатэлі Crowne Plaza. Заўтра Рыбак возьме ўдзел у канцэрце «Новыя галасы Беларусі». Кажуць, што сярод гледачоў будзе сам Лукашэнка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?