Святлана Скаражонак — самая публічная супрацоўніца жаночага ўзводу мінскага АМАПа. Пра яе кар’ерны шлях шмат разоў расказвалі дзяржаўныя СМІ — з сям’і бацькі-афганца, вывучылася на піяршчыцу, але пайшла служыць.

Днямі Святлана памерла. Абставіны смерці невядомыя.

Кіраўніцтва МУС і кіраўніцтва мінскага АМАПа выказалі спачуванні яе родным праз старонкі ведамаснай газеты «На страже».

Святлане Скаражонак было 29 гадоў, яна паходзіла з Нясвіжа. Бацька-памежнік у савецкія часы служыў у Афганістане і Туркменістане, маці — культработніца. Святлана была адзіным дзіцём у сям’і.

Скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, а пасля прайшла падрыхтоўку ў навучальным цэнтры МУС і ў 2014 годзе стала служыць у АМАПе.

Жаночы ўзвод у мінскім АМАПе быў створаны яшчэ ў 2009 годзе. Жанчыны-амапаўкі надглядаюць людзей у судах, на канцэртах, спартыўных турнірах, а таксама патрулююць вуліцы.

У папярэдніх інтэрв’ю Святлана Скаражонак расказвала, што яе малады чалавек таксама служыць у АМАПе: «У нас з Максімам акрамя службы шмат супольнага, я б наўрад ці змагла сустракацца з чалавекам «з грамадзянкі». Калі ў нас супадаюць выхадныя, адпраўляемся на велапрагулкі ў парк, ходзім у кіно, тэатры».

Пытанне, ці мае смерць Святланы Скаражонак крымінальны характар, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама пакінула без каментароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0