Віталь Гуркоў выбіў саперніка за канаты.
Суддзя абвяшчае перамогу Гуркова.
Дзмітрый Шакута прабівае нагой.
Перамога.
Беларускія байцы правялі феерычныя паядынкі ў чвэрцьфінале чэмпіянату Еўропы па кікбоксінгу сярод прафесіяналаў у версіі TNA, які прайшоў у Казані. На арэне хакейнага расійскага клуба «Акбарс» беларускія байцы сышліся з расейскімі. Наш чэмпіён у вазе 70 кг Віталь Гуркоў выходзіў у рынг пад песню «Зорачкі».
Спаборніцтвы маюць статус чэмпіянату Еўропы сярод прафесіяналаў. Сюды насамрэч з’ехаліся знакамітыя байцы з усёй Еўропы. Але да паўфіналу дайшлі наймацнейшыя – галандцы, беларусы і расіяне. З нашых у турніры не ўдзельнічае толькі адзін віп‑баец — Забіт Самедаў, які мае кантракт з карпарацыяй К‑1. Але і без яго ў Казані беларусы здзейснілі сапраўдны фурор.
Віталь Гуркоў («Чынук», Мінск) у другім раўндзе пабіў байца з Ніжняга Ноўгарада Ўладзіміра Шакая. Віталь выходзіў на рынг пад песню «Ляпісаў» «Зорачкі». За чатыры дні да гэтага бою беларус выйграў чэмпіянат Еўропы ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі.
«Хлопцы — малайцы, не пакінулі супернікам шанцаў, — кажа трэнер з клуба «Чынук» і зборнай Беларусі Дзмітрый Пясецкі. — Віталю Гуркову паспрабавалі даць папярэджанне, маўляў, ён не па правілах нанёс удар каленам саперніку. Суддзі прыдзіраліся, але гэта не выратавала расійскага байца».
Цяжкавагавік Ігар Бугаенка (клуб «Чынук», Мінск) у чатырох раўндах перамог Абдулхаліка Магамедава з Дагестана. Ігару трошкі не хапіла, каб накаўтаваць саперніка.
Верагодна, Бугаенку у наступным паядынку давядзецца сысціся з расійскім накаўцёрам Аляксандрам Сцецурэнкам, які накаўтаваў у Казані хлопца з Полацку Аляксандра Шлакунова.
Абсалютны чэмпіён свету ў вазе 75 і 80 кілаграмаў беларус Дзмітрый «Шок» Шакута («СК‑55», Мінск) таксама ў адну «фортку» перамог расіяніна Валянціна Сямёнава. Шакута — той самы баксёр, які па «Белсаце» віншаваў беларусаў з апошнім Новым годам па‑беларуску.
Паўфінальныя баі TNA працягнуцца восенню. Там беларусаў будуць чакаць найлепшыя сілы расіянаў. Гэта Арцём Левін па мянушцы «Кат» (накаўтаваў ужо некалькі беларусаў) і 19‑гадовы масквіч Уладзімір Мінееў, які хваліцца, што ўсіх паб’е і зробіцца чэмпіёнам свету па ўсіх версіях.