Падземны ядзерны выбух і запуск балістычных ракет у КНДР, выхад яе з дамовы аб перамір’і з Паўднёвай Карэяй – усё гэта чарговы раз прыцягнула ўвагу ўсяго свету да палітыкі Пхеньяна і асобы паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чэн Іра.

Дарэчы, сёлета споўніцца 15 гадоў ад моманту прыходу яго да ўлады. Акурат столькі ж кіруе Беларуссю і Аляксандр Лукашэнка.

Ён перамог на прэзідэнцкіх выбарах у другім туры – 10 ліпеня. А 12 ліпеня на закрытым пленуме ЦК Працоўнай партыі Карэі было прынята рашэнне аб перадачы ўсёй улады ў краіне пасля смерці «вялікага правадыра» Кім Ір Сэна ягонаму сыну Кім Чен Іру. Зразумела, ёсць розніца паміж дэмакратычнымі выбарамі і прызначэннем на пасаду тайным сінклітам. Ёсць таксама вялікая розніца паміж лозунгамі Чучхе (паўночнакарэйская версія марксізму) і лозунгамі «рынкавага сацыялізму», а тым больш «лібералізацыі», абвешчанымі ў Беларусі.

Узровень эканамічнага развіцця, як і ўзровень жыцця ў Карэйскай Народна‑Дэмакратычнай Рэспубліцы нельга нават параўнаць з узроўнем жыцця сярэднестатыстычнага беларуса. У Беларусі, адрозна ад Паўночнай Карэі, даўно няма пагрозы масавага голаду. Затое ў КНДР ёсць радовішчы ўрану…

Кіраўнікі абедзвюх краінаў зусім не падобныя паміж сабой. Па‑першае, Кім Чэн Ір на 13 гадоў старэйшы за Лукашэнку. Паводле савецкіх і кітайскіх дакументаў, нарадзіўся ён у вёсцы Вяцкае ў Хабараўскім краі, дзе прайшло і яго дзяцінства. У Пхеньяне, у сям’і вышэйшага кіраўніка краіны Кім‑малодшы ніколі не адчуваў ні ў чым нястачы. Пры гэтым ён ніколі не гуляў у хакей і не займаўся іншымі відамі спорту. Неспартовы лад жыцця і ахвочасць на салодкае кепска адбіліся на здароўі «вялікага кіраўніка». На апошніх здымках ён выглядае яўна старэйшым за свае гады. (Хадзілі чуткі, што карэйскі дыктатар перанес гіпертанічны крыз.) Тым не менш, дыктатар быў тройчы жанаты і мае, як мяркуецца, трох сыноў. Паводле іншых звестак – у яго13 пазашлюбных дзяцей. Так што ёсць да чаго імкнуцца іншым кіраўнікам.

І ўсё, калі гаварыць сур’ёзна, ёсць і нешта сапраўды супольнае паміж рэжымамі ў Мінску і Пхеньяне. Кім Чен Ір ва ўсім свеце лічыцца ізгоем. Але ж і Аляксандра Лукашэнку да апошняга часу называлі «апошнім дыктатарам Еўропы», краіна заставалася ў міжнароднай ізаляцыі, супраць яе дзейнічалі дыпламатычныя і нават эканамічныя санкцыі. А ў сусветных рэйтынгах свабоды слова і ўсіх іншых свабодаў РБ ў апошнія гады займае месцы не нашмат вышэйшае за КНДР, якая нязменна замыкае спіс краінаў.

Падабенства ў замежнай (а часткова і ўнутранай) палітыцы кіраўнікоў Паўночнай Карэі і Беларусі ад самага прыходу іх да ўлады палягала на процістаянні «цывілізаванаму свету» – то бок, Захаду. У Пхеньяне няма пасольства ЗША. У Мінску яно ёсць, але пасада пасла пасля вядомых падзеяў застаецца вакантнай, персанал пасольства зведзены да мінімуму.

У выступах Аляксандра Лукашэнкі заўсёды прысутнічала, дый цяпер захавалася ваенная рыторыка, дух канфрантацыі з ЗША і НАТО. Не аднойчы ён выказваў шкадаванне ў сувязі з вывадам ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі.

Што было б, калі б яна захавалася, калі б Злучаныя Штаты, іншыя ядзерныя дзяржавы Захаду разам з Расіяй не дамагліся б гэтага пасля распаду СССР? Адказ можна бачыць у цяперашніх паводзінах Пхеньяна.

Крытыка на адрас самай магутнай дзяржавы ў свеце – ЗША дапамагае ўладарам дыктатарскіх рэжымаў самасцвердзіцца, падвысіць аўтарытэт дзяржавы і свой уласны, прынамсі, ва ўласных вачах. А па‑другое, ва ўмовах адсутнасці дыялогу з іншымі краінамі пагрозы і шантаж становяцца свайго роду заменай дыпламатыі. Пры Клінтану Кім Чэн Ір пайшоў на пэўныя саступкі (абяцаў нават адмовіцца ад праграмы стварэння балістычных ракет) у абмен на харчовую дапамогу. Пры Бушу‑малодшым, які абяцаў націснуць на Пхеньян, каб той адмовіўся ад ядзернай праграмы, Злучаныя Штаты аслабілі гандлёвыя санкцыі супраць КНДР. Пхеньян жа, слухаючы крытыку з боку ААН і беручы ўдзел у «шасцібаковых мірных перамовах», працягваў упарта дамагацца мэты – стаць ядзернай дзяржавай. З якой, хочаш не хочаш, а трэба лічыцца.

Не выпадкова новае ядзернае выпрабаванне ў Паўночнай Карэі адбылося пасля прыходу новага прэзідэнта ЗША Абамы. Гэта, так бы мовіць, дыпламатычны сігнал Вашынгтону – дапамажыце нам эканамічна, адмяніце ўсе санкцыі, а мы тады, магчыма, не станем развязваць самазабойчую атамную вайну.

Прыём шантажу, вядома, зусім не новы ў палітыцы. Можна ўзгадаць адключэнне Расіяй газавага транзіту праз Украіну ў Заходнюю Еўропу. Лукашэнка, напрыклад, не аднойчы палохаў Еўразвяз тым, што адкрые мяжу для імігрантаў і наркатрафіку. Прадметам шантажу і палітычнага гандлю з Захадам і Расіяй застаецца і магчымае прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асетыі афіцыйным Мінскам.

Некаторыя лічаць, што палітыка дыпламатычных санкцыяй супраць Беларусі не апраўдала сябе. Але ж і палітыка самаізаляцыі таксама збанкрутавала. Прычым, у непасрэдным сэнсе слова – золатавалютныя рэзервы краіны змяншаюцца, запасы гатовай прадукцыі на складах растуць Аднак, што будзе, калі спадзяванні на выхад з эканамічнага крызісу з дапамогай Еўропы не спраўдзяцца? Зноў хапацца за правераную зброю шантажу?

Прыклад Паўночнай Карэі паказвае, што гэтая зброя можа аказацца небяспечнай і для таго, хто ёй карыстаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?