Праграміст Стэфан Томас, ураджэнец Нямеччыны, жыве ў Сан-Францыска. Ён забыў пароль да свайго біткойн-кашалька, дзе захоўваецца 240 млн даляраў. Пароль быў запісаны недзе на паперцы, і Томас яе згубіў. Восем спробаў былі няправільныя, засталіся дзве, інакш кашалёк заблакуюць, і грошы цалкам прападуць, піша Бі-бі-сі.

Біткойн менш чым за месяц падаражэў з 20 тысяч да 42 тысяч даляраў, а затым патаннеў амаль да 32 тыс. Некаторыя інвестары чакаюць далейшага падзення да 20 тысяч, а затым новага вітка росту.

Больш за дзесяць гадоў таму Томасу заплацілі ў біткойнах за відэа, якое тлумачыць, як працуюць крыптавалюты. Тады біткойн каштаваў усяго некалькі даляраў.

Томас атрымаў перавод на кашалёк, які знаходзіўся на знешнім хард-дыску IronKey. Для таго, каб атрымаць доступ да даных на дыску, неабходны пароль. А ён яго не памятае. 

Калі ўвесці яшчэ два разы няправільна, то кашалёк будзе заблакаваны назаўсёды. Томас страшна расчараваны

«Дзеля $220 млн у закрытых біткойнах трэба не 10 раз спрабаваць адгадаць пароль, а аднесці дыск да прафесіяналаў, якія купяць 20 такіх жа IronKey і за паўгода знойдуць альтэрнатыўны канал доступу або ўскрыюць яго», — напісаў Томасу Алекс Стэймас, які працуе ў інтэрнэт-абсерваторыі Стэнфардскага універсітэта.

Ён кажа, што ўсё зробіць за 10% ад сумы.

Цікава, што сёння ў кашальках, да якіх няма доступу, ляжыць каля 140 млрд даляраў у біткойнах.

Сэрвісы па даставанні сродкаў са згубленых кашалькоў атрымліваюць па некалькі запытаў у дзень ад людзей, што забылі свае паролі.

У артыкуле ў New York Times таксама згаданы прадпрымальнік, які страціў доступ прыкладна да 800 біткойнаў пасля таго, як яго калега адфарматаваў ноўтбук з паролямі.

У 2013 годзе СМІ пісалі пра мужчыну з Уэльса, які шукаў на сметніку выкінуты дыск з 7500 біткойнамі. Тады гэта ўжо было 4 млн фунтаў, а сёння гэта 250 млн фунтаў (280 млн еўра).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0