Доктар хуткай дапамогі, на якога ў бальніцы 5 студзеня напаў прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі, цяпер на бальнічным. У маладога чалавека чэрапна-мазгавая траўма. Пра гэта парталу «Першы Рэгіён» расказала кіраўніцтва станцыі хуткай дапамогі.

Пацярпелы тады напісаў заяву ў міліцыю. Праводзіцца праверка. Доктар працуе на станцыі тры з паловай гады, распавяла галоўны доктар Станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Брэста Валянціна Пашкевіч. Ён спакойны, не канфліктны і выразна прытрымліваецца ўнутранага рэгламенту. Словы хулігана пра тое, што медык мог нейкім чынам закрануць яго палітычныя пачуцці, яна лічыць абсурдам.

 —Медыцына павінна быць па-за палітыкай і вытрымліваць нейтралітэт, — кажа Валянціна Васільеўна. — Супрацоўнікам хуткай дапамогі абсалютна ўсё роўна, які кантынгент перад імі. Задача адна — выратаваць.

Часовае выбыццё са строю супрацоўніка цяжка адбіваецца на калектыве: як кажа галоўны доктар, зараз некалькі медыкаў на бальнічных, і замяняць сваіх калегам даводзіцца з пастаяннай перыядычнасцю.