Друкарні ў розных гарадах Беларусі адмаўляюцца ад супрацы з рэдакцыяй недзяржаўнага рэгіянальнага выдання, нагадвае БАЖ

Праблема ўзнікла, калі Брэсцкая друкарня адмовілася працягваць дамову з газетай — пасля 18 гадоў супрацоўніцтва. Прычыны гэтага рашэння кіраўніцтва друкарні не тлумачыць.

У выніку рэдакцыя напрыканцы 2020 года звярнулася да сваіх чытачоў, каб яны анулявалі падпіску, ужо аформленую на першую палову 2021 года. Паводле Віктара Марчука, гэта вымушаны крок, бо ў рэдакцыі не было ўпэўненасці, што ў Беларусі можна хутка знайсці іншую друкарню, каб газета працягвала з’яўляцца ў папяровым варыянце.

Апошні нумар за мінулы год выйшаў 24 снежня, а 31 снежня паспелі надрукаваць ў Брэсце першы нумар газеты за 2021 год. Яго наклад паменшыўся больш чым на тысячу асобнікаў, бо ўжо не ўлічваў падпісчыкаў.

Як распавёў галоўны рэдактар «Брэсцкай газеты», спробы дамовіцца з іншымі друкарнямі ў Беларусі плёну не далі, а шукаць варыянты з друкам у іншых краінах (у прыватнасці, у Расіі) у рэдакцыі палічылі бессэнсоўным.

Такім чынам, пакуль «Брэсцкая газета» часова прыпыняе выхад друкаванай версіі выдання і засяродзіцца на асвятленні падзей на сваім сайце і ў сацыяльных сетках.