На пытаньні «НН» адказвае кіраўнік бакаляўраўскай праграмы «Гісторыя і культура Беларусі» ЭГУ Павал Церашковіч.

«Наша Ніва»: Спадар Павал, у чым своеасаблівасьць праграмы, якую Вы прэзэнтуеце?

Павал Церашковіч: Гэтая праграма безь перабольшаньня ўнікальная для Беларусі. Яна дазваляе атрымаць фундамэнтальную падрыхтоўку ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук: філязофіі, асноваў права, паліталёгіі і г.д. Па-другое, згодна з традыцыяй ЭГУ, студэнты вывучаюць дзьве замежныя мовы. Звычайна першая зь іх ангельская, другая – альбо нямецкая, альбо француская. Па-трэцяе, гэта ўнікальнае спалучэньне гістарычнай і антрапалягічнай (этналягічнай) адукацыі. Дарэчы, такі падыход адпавядае патрабаваньням літоўскае сыстэмы вышэйшае адукацыі. Гэтае спалучэньне дазваляе адмовіцца да савецкай спадчыны падрыхтоўкі гісторыкаў, арыентаванай на засваеньне бясконцай фактаграфіі, а не на асэнсаваньне гістарычнага працэсу. Унікальнасьць яшчэ і ў тым, што навучаньне праходзіць у «Крывіцкай Мэцы» – у Вільні. Як мой погляд, для тых, хто вырашыў насамрэч зьнітаваць свой лёс з нашай культурна-гістарычнай спадчынай, гэтая акалічнасьць не патрабуе дадатковага камэнтару.

«НН»: Аднак узьнікаюць чуткі, што да беларусістыкі ў ЭГУ ўсё яшчэ ставяцца фармальна, што яна ўсё яшчэ займае другаснае становішча сярод іншых праграмаў.

ПЦ: Так, чутак такіх сапраўды хапае. Мне падаецца, што ствараюць іх людзі, якія ня маюць дакладнага ўяўленьня аб тым, што і як робіцца ў ЭГУ. Беларусістыка – гэта новы кірунак, і менавіта таму ёй надаецца значна больш увагі ў параўнаньні з праграмамі, што, як той казаў, ужо прайшлі «абкатку».

«НН»: А як, дарэчы, вырашаецца моўнае пытаньне? Гэта на ўсе сто адсоткаў беларускамоўная адукацыя?

ПЦ: У ЭГУ чатыры працоўныя мовы: беларуская, расейская, ангельская і француская або нямецкая, на выбар. Канкрэтна гэта азначае наступнае – курсы, непасрэдна ўключаныя ў праграму «Гісторыя і культура Беларусі», выкладаюцца па-беларуску, выбар мовы выкладаньня агульнаўнівэрсытэцкіх дысцыплін залежыць ад выкладчыка. Бачыце, гэта ўсё ж унівэрсытэт на выезьдзе. Няпроста скласьці штат выкладчыкаў, якія б гатовыя былі адрынуць усё ў Беларусі й вахтавым мэтадам выкладаць за мяжой, хай і блізкай.

Я ўвогуле ня схільны драматызаваць моўнае пытаньне ў гэтым выпадку. Досьвед шмат якіх эўрапейскіх нацыяў сьведчыць, што ў вышэйшай школе гэтыя працэсы ідуць няхутка. Так, у Фінляндыі фінская мова атрымала роўныя правы з швэдзкай яшчэ ў 1860-я г., але дамінаваць ва ўнівэрсытэтах стала толькі пасьля Другой сусьветнай вайны. Галоўнае сёньня – прадухіліць праявы моўнага шавінізму, выхаваць талерантнае стаўленьне да моўнай практыкі іншага, і, на мой погляд, ЭГУ рухаецца ў слушным напрамку. Тыя, хто агрэсіўна ставіцца да беларускасьці, зазвычай не валодаюць мовамі, апроч расейскай. Мы мусім стварыць перадусім асяродак эўрапейскасьці, эўрапейскага мысьленьня, у якім беларушчына будзе натуральным і неабходным складнікам. Прынамсі я гэтак разумею сваю задачу.

«НН»: Кім і якія канкрэтна дысцыпліны выкладаюцца у Вашай праграме?

ПЦ: З падрабязным навучальным плянам можна пазнаёміцца на сайце ЭГУ. Магу сказаць, што з фармальнага гледзішча (колькасьць кандыдатаў і дактароў навук) склад выкладчыкаў праграмы – адзін з самых кваліфікаваных у ЭГУ. Сярод «культурных герояў» хачу ўзгадаць Ігара Бабкова, Генадзя Сагановіча, Алеся Смаленчука, Вячаслава Насевіча, Сяргея Харэўскага.

«НН»: І апошняе пытаньне – куды і якія несьці дакумэнты?

ПЦ: Я зноў жа раю зьвяртацца на сайт ЭГУ, а канкрэтныя пытаньні можна задаць на форуме студэнцкага сайту ЭГУ. Добрая нагода даведацца непасрэдна аб усім – трапіць на Дзень адчыненых дзьвярэй, які будзе праведзены 15 ліпеня ў Вільні. Інфармацыю аб гэтай падзеі шукайце на сайтах. Нагадаю, што апошні дзень прыему заяваў у ЭГУ – 28 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?