Суддзя Першамайскага раёна Святлана Чараповіч вынесла прысуд: Глухоўскага прызнаць вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначыць пакаранне на тры гады ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, піша Tut.by.

Дзяржабвінаваўца запытвала таксама задаволіць пазоў пракуратуры ў інтарэсах «Мінсктранса» за блакаванне транспарту з сумай шкоды — 10 689 рублёў 76 капеек. Аднак гэты пазоў будуць разглядаць асобна, у грамадзянскім судзе.

Што гэта за справа?

Міхаіл Глухоўскі — кіроўца на адной з вытворчасцей у Мінску, яму 48 гадоў. На першым судовым пасяджэнні мужчына распавёў, што 1 лістапада выйшаў на марш каля парку Чалюскінцаў, каб выказаць свой пратэст: спачатку ішоў па тратуары, потым разам з іншымі пратэстоўцамі выйшаў на праезную частку.

Тады Глухоўскага затрымалі па артыкуле 342 КК РБ, далі штраф — 20 базавых па артыкуле 23.34 КаАП. У снежні Міхаіла асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП за другі, больш ранні, марш. Тады прызначылі 15 базавых. Штрафы мужчына выплаціў.

Па справе за 1 лістапада пацярпелым прызнаны «Мінсктранс», арганізацыя выставіла грамадзянскі пазоў з сумай шкоды 10 689 рублёў 76 капеек, матывуючы гэта тым, што каля 30 маршрутаў грамадскага транспарту былі заблакаваныя ў раёне ад парку Чалюскінцаў, Зялёнага Луга і да МКАД з-за маршу. Такі ж пазоў і з такой жа сумай у інтарэсах «Мінсктранса» выставіла пракуратура.

Мужчына лічыць сябе вінаватым часткова. Згодны толькі з тым, што ўдзельнічаў у Маршы, выходзіў на праезную частку, але не згодны з памерам шкоды і той колькасцю маршрутаў, якія не працавалі нібыта з-за яго. Па яго словах, на праезнай частцы ён быў пяць хвілін. Пры затрыманні супраціву не аказваў, паводзіў сябе карэктна.

На судзе таксама выступалі сведкі ў балаклавах — супрацоўнікі АМАП. Ніхто з іх Глухоўскага на маршы не затрымліваў і не мог дакладна ўспомніць, ці бачыў яго на маршы. Заблакаванага транспарту па шляху яны таксама не бачылі, бо былі ў машыне.

Раней пісалі, што 1 лістапада ў Мінску праходзіў нядзельны марш, пасля якога затрымалі сотні людзей. Заведзена крымінальная справа па факце арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўнага ўдзелу ў іх. 231 чалавек прызнаны падазраваным па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ад штрафу да трох гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?